Беларускіх студэнтаў цягнуць у расійскую "абаронку"
Мінусы "абаронкі"
У Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце прайшла вялікая канферэнцыя па беспілотніках. У ёй актыўна ўдзельнічалі расіяне — сярод арганізатараў згадваюцца і "Россотрудничество", і Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы, і Маскоўскі авіяцыйны інстытут.
Украінскія медыя пішуць, што з дапамогай падобных "канферэнцый" Масква вярбуе беларускую моладзь для працы на сваю абаронку. Мы паспрабавалі разабрацца, ці праўда гэта.
Супрацоўніцтва ўніверсітэта з "Пеленгам"
У праграме канферэнцыі напрасткі не гаворыцца пра ваенныя дроны. Заяўленыя там тэмы для абмеркавання — выкарыстанне беспілотнікаў у лясной і сельскай гаспадарцы. Але вось што адразу кідаецца ў вочы.
Падчас канферэнцыі БДТУ падпісаў пагадненне аб супрацоўніцтве з ААТ "Пеленг". На сайце ўніверсітэта маляўніча распісваюць "плюшкі для маладых спецыялістаў" і памеры заробкаў тэхнолагаў гэтага прадпрыемства. А "Пеленг" пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну трапіў пад санкцыі ЕС.
У санкцыйны спіс завод уключылі за вытворчасць камплектавальнікаў для расійскай артылерыі і вайсковай тэхнікі. Прадпрыемства вырабляе прыборы навядзення, якія ўсталёўваюцца, напрыклад, на супрацьтанкавыя ракетныя комплексы.
Само сабой, цывільныя прыборы там таксама робяць — напрыклад, зонды для дыстанцыйнага даследавання Зямлі. Але відавочна, што студэнтамі цікавяцца менавіта для "ваенкі" — хоць бы таму, што заключэнне пагаднення з універсітэтам нахвальваюць на сайце вайскова-прамысловага комплексу Беларусі:
"Гэта ўжо другое пагадненне, дзе кампанія і лепшыя ВНУ краіны вырашаюць пытанні ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва — у студзені 2023 года аналагічны дакумент быў падпісаны з БДУІР".
Казанскі ўніверсітэт
Ганаровы госць канферэнцыі — рэктар Казанскага тэхналагічнага ўніверсітэта. З гэтым універсітэтам БДТУ падпісаў пагадненне аб супрацоўніцтве.
У расійскіх медыя на гэты ўніверсітэт ускладаюць вялікія надзеі. Асабліва на кафедру канструкцыі і праектавання лятальных апаратаў.
Галоўны канструктар прадпрыемства "Энікс" Валерый Пабяжымаў у канцы 2022 года расказваў, што ў яго "ў лепшы бок" змяніліся адносіны з універсітэтам. Тады меркавалася, што студэнты будуць праходзіць практыку на прадпрыемстве.
Супраць гэтага "Энікса" Еўрасаюз таксама ўвёў санкцыі. Створаныя тут беспілотнікі-выведнікі "Элерон" выкарыстоўваюцца Расіяй на вайне з Украінай.
Да пачатку вайны ўніверсітэт з гэтым заводам асабліва не супрацоўнічаў — прынамсі, такую выснову можна зрабіць з інтэрв'ю яго галоўнага канструктара.
“Для універсітэта цяперашняя ўсеагульная цікавасць да БПЛА наогул можа стаць зорнай гадзінай. Патрэбны паўнавартасны цэнтр, які дапамагаў бы і ў пытаннях праектавання, і рыхтаваў інжынераў, і навучаў знешніх пілотаў, і наладзіў сваю вытворчасць — словам, школа праектавання", — кажа Пабяжымаў.
Ці трэба беларускім студэнтам такое супрацоўніцтва і такая практыка? Каб не заставалася ілюзій наконт "мірных дронаў", раскажам падрабязна, чым гэтыя "Эленоры" займаюцца на вайне. Пра іх місіі падрабязна расказвалі расійскія журналісты.
"Можам паляваць на падраздзяленні, у руху фіксаваць цэль, яе прасачыць і нанесці агнявое паражэнне. Усё выбіраем — і жывую сілу, і бронетэхніку. Усё, што бачым, знішчаем", — казаў адзін з аператараў беспілотніка.
Сумесная праграма з Масквой
Падчас той жа канферэнцыі БДТУ і Маскоўскі авіяцыйны інстытут дамовіліся адкрыць сумесную магістарскую праграму ў сферы беспілотнікаў. Плануецца, што яна будзе доўжыцца два гады. Адзін год студэнт правядзе ў Мінску, другі — у Маскве. Беларусам будзе выдавацца ў тым ліку дыплом расійскага ўзору.
Напрасткі не гаворыцца, што выпускнікоў будуць прыцягваць для працы ў абарончым комплексе, бо беспілотнікі выкарыстоўваюцца і ў мірных мэтах. Да прыкладу, для выяўлення лясных пажараў. Але мы дакладна можам казаць пра тое, што ствараюцца магчымасці, якія скарачаюць дарогу беларусаў у расійскі ваенпрам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.