Беларускія школьныя атэстаты ў Польшчы будуць прызнавацца на ўзроўні польскіх

Кіраўніцтва АПК сустракаецца з міністрам нацыянальнай адукацыі Польшчы

Кіраўніцтва АПК сустракаецца з міністрам нацыянальнай адукацыі Польшчы / прэс-служба Аб'яднагага пераходнага кабінета

Беларускія атэстаты аб сярэдняй адукацыі будуць прызнавацца на ўзроўні польскіх матуральных дакументаў. Пры гэтым патрабаванні да дакументаў будуць уніфікаваныя, каб беларускім вучням было прасцей паступіць у польскія школы і ўніверсітэты.

Пра гэта паведамляе прэс-служба Аб'яднанага пераходнага кабінета (АПК) па выніках сустрэчы Святланы Ціханоўскай і прадстаўнікоў кабінета з міністрам нацыянальнай адукацыі Польшчы Барбарай Навіцкай.

Праблема з атэстатамі ўзнікла пасля таго, як Беларусь прыпыніла пагадненне з Польшчай аб супрацоўніцтве ў сферы адукацыі ў лютым 2023-га.

Таксама падчас сустрэчы абмяркоўвалася будучыня ліцэя ў Гайнаўцы з дадатковай беларускай мовай навучання. У прэс-службе АПК заяўляюць, што працягваецца пошук аптымальнага рашэння, каб захаваць унікальную ролю гэтай установы для беларускай меншасці.

Акрамя таго абмяркоўваліся механізмы рэагавання на булінг дзяцей у польскіх школах. У АПК кажуць, што будзе створаны аператыўны канал рэагавання. У яго стварэнні прымуць удзел як Міністэрства нацыянальнай адукацыі Польшчы, так і Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні Кабінета.  

Таксама ў польскіх школах будзе распрацаваны курс для інфармавання вучняў пра папярэджанне булінгу і гвалту. У школах з’явіцца асістэнт па міжкультурнай камунікацыі, які дапаможа дзецям розных нацыянальнасцяў адаптавацца да польскай адукацыйнай сістэмы.

Міністр адукацыі Польшчы падтрымала развіццё сеткі беларускіх школ выходнага дня. Мясцовыя ўлады будуць дапамагаць шукаць бясплатныя памяшканні і абсталяванне для гэтых школ.

Гаворачы пра вынікі гэтай сустрэчы, Павел Латушка падкрэсліў важнасць зменаў у польскім заканадаўстве, што дазволіць польскім ВНУ прымаць беларускія атэстаты аб сярэдняй адукацыі. Таксама ён заявіў, што цяпер у Польшчы знаходзіцца 31 тысяча беларускіх школьнікаў і выхаванцаў дзіцячых садкоў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі