"Белавія" ў абыход санкцый закупляе тры самалёты Airbus праз кампанію з Афрыкі

Самалёт, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
Тры самалёты, якія раней належалі гамбійскай авіякампаніі Magic Air, плануе набыць авіякампанія "Белавія" ў абыход еўрапейскіх санкцый. Пра гэта інфармагенцтву Reuters расказалі тры крыніцы, знаёмыя з падпісаннем угоды.
Гаворка ідзе пра тры шырокафюзеляжныя самалёты Airbus A330, адзначае DW. 17 жніўня 2024 года яны прызямляліся ў Мінску. Пра гэта сведчаць запісы Flightradar24 і двух іншых правайдараў па адсочванні пералётаў. Пра адпраўку ў Беларусь трох самалётаў з Каіра, Стамбула і Маската, якія належалі Magic Air, летась у жніўні пісала таксама галіновае выданне Aviation Week.
Ва ўпраўленні грамадзянскай авіяцыі Гамбіі журналістам Reuters сказалі, што самалёты набыў пакупнік з Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў. Яны былі перапраўленыя ў Мінск і 19 жніўня 2024 года выключаныя з гамбійскага рэестра.
Цяпер "Белавія" знаходзіцца ў працэсе падпісання кантракту на куплю самалётаў. Паводле крыніцаў Reuters, яны "прыбылі ў дрэнным тэхнічным стане". Беларускім прыкладам абыходу санкцый можа скарыстацца Расія і пачаць купляць самалёты ў незаходніх краінах, кажуць эксперты.
Заходнія кампаніі не могуць пастаўляць у Беларусь тавары і тэхналогіі, якія выкарыстоўваюцца ў авіяцыі. Адпаведныя санкцыі ў жніўні 2023 года ўвёў ЕС за саўдзел рэжыму Лукашэнкі у расійскай ваеннай агрэсіі супраць Украіны. Аднак многія краіны (напрыклад, тая ж Гамбія) не падпісаліся пад гэтымі санкцыямі і працягваюць гандляваць з рэжымамі Лукашэнкі і Пуціна.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.