Блатэр: Чэмпіянат свету 2018 года быў аддадзены Расіі ў выніку таемнай здзелкі
Чэмпіянат свету па футболе 2018 года быў аддадзены Расіі ў выніку таемнай здзелкі. Пра гэта ў інтэрв’ю The Financial Times распавёў адхілены ад працы ў футбольнай сферы кіраўнік ФІФА Ёзэф Блатэр.
Паводле яго слоў, здзелка была заключаная паміж вышэйшымі кіраўнікамі Міжнароднай федэрацыі футбола і прадугледжвала фальсіфікацыю вынікаў выбараў па выбары месца правядзення першынства.
“Рашэнне, якое было ўзгодненае, але не ў пісьмовым выглядзе, прадугледжвала, што пры галасаванні мы пойдзем у дзве звышдзяржавы: у Расію і ЗША”, ― сказаў Блатэр.
Расія атрымала права праводзіць у сябе чэмпіянат свету 2018 года, а ЗША хацелі правесці першынство ў 2022-м. Аднак падчас галасавання Амерыка прайграла Катару. Па словах Блатэра, выбары сарваў кіраўнік УЕФА Мішэль Плаціні, які аддаў свой голас за Катар, чым выклікаў незадаволенасць ЗША.
Нагадаем, карупцыйны скандал у ФІФА разгарэўся ў канцы вясны гэтага года, калі ў Цюрыху па запыце ЗША былі арыштаваныя некалькі чыноўнікаў ФІФА па падазрэнні ў хабары. Расследаванні, што тычацца магчымай карупцыі пры выбары гаспадароў чэмпіянату свету 2018 і 2022 гадоў, праводзяць ФБР і пракуратура ЗША.
У пачатку кастрычніка рашэннем камітэта ФІФА па этыцы Блатэр адхілены ад працы ў футбольнай сферы на 90 дзён. Такія ж санкцыі былі ўведзеныя супраць генеральнага сакратара ФІФА Жэрома Вальку і кіраўніка УЕФА Мішэля Плаціні.
Фота: reddit.com