Былы прэс-сакратар КДБ кіруе кампаніяй па распрацоўцы камп'ютарных гульняў — СМІ

Дзмітрый Пабяржын

Дзмітрый Пабяржын / фота з яго старонкі на Фэйсбуку

Былы прэс-сакратар КДБ Дзмітрый Пабяржын з'яўляецца ўласнікам і кіраўніком кампаніі па распрацоўцы кампютарных гульняў GameMod, піша сайт "Зеркало". Паведамляецца, што ў кампаніі ёсць офіс у Польшчы, а сярод былых саўладальнікаў значыцца ахоўнік Аляксандра Лукашэнкі.

Дзмітрый Пабяржын быў прэс-сакратаром КДБ у 2016-2017 гадах. Журналісты "Зеркала" падкрэсліваюць: невядома, ці звольніўся ён са спецслужбы. BELPOL удакладніў, што Пабяржын кіраваў прэс-службай КДБ прыкладна да 2018 года, а потым яго панізілі на пасадзе.

На пачатку 2020-га ў СМІ згадвалі Пабяржына і палкоўніка КДБ Андрэя Мільчанку ў сувязі з бойкай у кавярні ў Гомелі — там быў збіты дырэктар установы. У каментары "Нашай Ніве" Пабяржын заявіў, што ён гэтага не рабіў. Суд у ліпені 2020-га вынес вырак толькі Мільчанку: яму прысудзілі 7 гадоў і пазбавілі звання палкоўніка. Ці панёс якое-небудзь пакаранне Пабяржын, невядома.

Цяпер ён заснавальнік і кіраўнік гульнявой кампаніі GameMod. Паведамляецца, што 60% акцый кампаніі належаць Пабяржыну, а 40% — Анатолю Пушко. Такія ж уласнікі ў польскай SOO Gamemod. У ёй долі ўласнасці паміж Пабяржыным і Пушко падзеленыя пароўну.

Анатоль Пушко ўзначальвае таксама кампанію "Пластма-Кансалт", якая будавала ў Беларусі дрэваапрацоўчыя заводы і ўдзельнічала ў мадэрнізацыі аб'ектаў цэлюлозна-папяровай прамысловасці.

Юрыдычная асоба "ГеймМод" да красавіка 2022-га называлася "ЮРАНЭКС-бяспека". У адным са старых бізнес-каталогаў сфера яе дзейнасці апісваецца як "кансультаванне па пытаннях камерцыйнай дзейнасці і іншае кансультаванне па пытаннях кіравання". Разам з Пабяржыным кампаніяй валодалі Аляксандр Раманоўскі і "Клуб вялікага тэніса".

"Кіберпартызаны" разам з Беларускім расследвальніцкім цэнтрам выявілі, што Аляксандр Раманоўскі — былы супрацоўнік Службы бяспекі Лукашэнкі. Паводле дакументаў ён быў саўладальнікам (верагодна, намінальным) кампаній "Глобалкастам-менеджмент" і "Глобалкастам-комерс" — іх звязваюць з Віктарам Шэйманам. Гэтыя арганізацыі былі заснавальнікамі сумна вядомага "Гардсервіса" — адзінай ахоўнай кампаніі ў Беларусі, якая мае права валодаць агнястрэльнай зброяй.

Раней у "ГеймМод" (пасля цяперашняга перайменавання) быў яшчэ адзін уладальнік — Збышак Пабяржын. Гэта бацька Дзмітрыя. Да 2000 года Пабяржын-старэйшы быў дэпутатам Вярхоўнага Савета, а потым Палаты прадстаўнікоў. Таксама ён працаваў намеснікам галоўнага лекара Крычаўскай цэнтральнай раённай бальніцы.

Пра дзейнасці GameMod даведацца ўдалося няшмат. Афіцыйнага сайта ў кампаніі няма. У LinkedIn яна апісваецца як "міжнародная студыя распрацоўкі AAA-гульняў для PC і кансоляў поўнага цыклу". ( У катэгорыю "ААА-гульняў" трапляюць высокабюджэтныя бэстсэлеры — напрыклад, Call of Duty або The Last Of Us). Таксама са звестак LinkedIn вынікае, што ў кампаніі працуюць 82 чалавекі (у тым ліку 14 у Польшчы). Яна з'яўляецца рэзідэнтам ПВТ.

Крыніцы "Зеркала" з гульнявой галіны мяркуюць, што "ГеймМод" хутчэй за ўсё займаецца аўтсорсам, а не распрацоўвае ўласныя гульні.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі