"Цэйс-БелОМА" пераарыентуюць на выраб прыцэлаў для Расіі — BELPOL
Прыцэл наводчыка "Сасна-У"
Нямецка-беларускае прадпрыемства "Цэйс-БелОМА" ператвараюць з вытворцы медыцынскіх прыбораў у вытворцу прыцэлаў для стралковай зброі і бронетэхнікі для расійскага войска. Займаецца гэтым рэжым Лукашэнкі і, у прыватнасці, завод імя Вавілава, сцвярджае ініцыятыва BELPOL.
ММЗ імя Вавілава — гэта кіруючая кампанія холдынгу "БелОМА". У СП "Цэйс-БелОМА" завод з'яўляецца сузаснавальнікам і мае 40% статутнага капіталу. Асноўным заснавальнікам, які трымае 60% акцый, з'яўляецца нямецкая кампанія Carl Zeiss Jena GmbH.
5 снежня 2023 года завод імя Вавілава трапіў пад санкцыі ЗША — за дапамогу Расіі ў вайне супраць Украіны. Прадпрыемства вырабляе прыцэлы для бронетэхнікі і стралковай зброі.
Пасля гэтага Zeiss Jena GmbH прапанавала ліквідаваць "Цэйс-БелОМА". Але беларускі бок адмовіўся, вымушаючы нямецкую кампанію выйсці з долі.
У BELPOL сцвярджаюць, што завод імя Вавілава мае на мэце ліквідаваць СП з мінімальнымі рызыкамі і фінансавымі стратамі для сябе. Усю вытворасць і спецыялістаў плануецца перавесці ў ММЗ, каб яны працавалі на ваенныя заказы для Расіі.
Паводле інфармацыі BELPOL, у 2024 годзе "Холдынг БелОМА — Пеленг" плануе вырабіць амаль 1800 прыцэлаў або элементаў прыцэла САСНА-У для расійскіх танкаў. Колькасць цеплавізараў, лазерных далёкамераў і цэлеўказальнікаў, вырабленых холдынгам БелОМА, сёлета перавысіць 10 000 штук.
Ужо сёлета ў красавіку ММЗ размясціла ў "Цэйс-БелОМА" заказы на вытворчасць прыцэлаў, кажуць у BELPOL.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.