Чакаецца візіт у Беларусь Уладзіміра Пуціна
У чэрвені чакаецца візіт у нашу краіну Уладзіміра Пуціна для ўдзелу ў Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Гэтае пытанне на сённяшні дзень разглядаецца. Пра гэта 14 красавіка паведаміў намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Міхаіл Русы. Паводле яго слоў, папярэдняя згода расійскага прэзідэнта ўжо дадзеная. "Мы хацелі б гэтага і чакаем", — цытуе словы Русага БелаПАН.
Русы ўдакладніў, што правядзенне ў Мінску Форуму рэгіёнаў, прысвечанага сацыяльнай тэматыцы, было "агульнай ідэяй абодвух прэзідэнтаў — яны гэта абмяркоўвалі ў Сочы". Раней Беларусь і Расія правялі ўжо два такія форумы на тэрыторыі абедзвюх дзяржаў. Адзін з іх быў прысвечаны аграрнай палітыцы, другі — прамысловай палітыцы.
Другі Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі адбыўся ў Сочы 17-18 верасня 2015 года з удзелам Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна. Трэці форум раней планавалася правесці ў Мінску 8-9 чэрвеня, але пазней бакі перанеслі яго на 7-8 чэрвеня. Гэты форум будзе прысвечаны сацыяльным і гуманітарным пытанням.