"Чарговы прысуд невінаватаму чалавеку" — Ціханоўская пра Эдуарда Бабарыку

Эдуард Бабарыка / sb.by
Эдуард Бабарыка / sb.by

Кіраўніца Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі Святлана Ціханоўская пракаментавала прысуд Эдуарду Бабарыку. Палітвязень, які за кратамі ўжо больш за тры гады, асуджаны на 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму (яму не залічылі ў прысуд 1,5 года ўтрымання пад вартай).

"Сёння беларускі "суд" вынес чарговы прысуд невінаватаму чалавеку, — піша Ціханоўская. — 8 гадоў атрымаў Эдуард Бабарыка. Гэта чалавек, які правёў у СІЗА 3 гады – рэкордны для Беларусі тэрмін. Увесь гэты час рэжым проста не мог прыдумаць прычыну, па якой затрымалі Эдуарда, і знайсці доказаў яго віны. Бо за рэальную прычыну — помсту за жаданне ягонага бацькі ўдзельнічаць у выбарах — наўрад ці б далі нейкі тэрмін нават у такім судзе. Гэты прысуд Эдуарду за бацьку, які так і не з'явіўся на судзе. Пра якога ён нічога не чуў з 26 красавіка і не ведае, жывы ён ці не".

Святлана Ціханоўская пераканана, што "такія маладыя і таленавітыя людзі, як Эдуард Бабарыка, — будучыня новай Беларусі". "Менавіта гэтыя людзі здольныя выцягнуць нашу краіну з крызісу, у які яе загнаў рэжым, і зрабіць Беларусь развітой і дэмакратычнай краінай", — дадае яна.

Бацька Эдуарда Віктар Бабарыка быў асуджаны ў ліпені 2021-га на 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, адбываў тэрмін у наваполацкай калоніі № 1. У красавіку палітвязня прывозілі са слядамі пабояў у мясцовую бальніцу. Інфармацыі пра тое, дзе ён знаходзіцца цяпер і ў якім стане, дагэтуль няма.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі