Ці чакае Лукашэнку суд за дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей у Беларусь?
Дзеці / Здымак мае ілюстратыўны характар / pixabay.com
“Дадзеныя дзеянні з’яўляюцца дастаткова сур’ёзным парушэннем Жэнеўскай канвенцыі”, — каментуе аналітык НАУ Арцём Брухан выкраданне і незаконнае перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны на тэрыторыю Беларусі. Як паведамляла Еўрарадыё, Парламенцкая асамблея Савета Еўропы прызнала Аляксандра Лукашэнку датычным да гэтых злачынстваў.
Што азначае рэзалюцыя ПАСЕ і ці чакае кіраўніка Беларусі ордэр на арышт?
— Сама рэзалюцыя ПАСЕ не з’яўляецца тым, што робіць Лукашэнку злачынцам і на яго выдадзены арышт, але патрэбна разумець, што палітычна гэта дастаткова моцная заява, — адказвае наш суразмоўца. — На міжнародным узроўні прызналі, што Лукашэнка датычны да жудасных рашэнняў і такіх дзеянняў як, умоўна кажучы, генацыд. Інфармацыя пра факты па прымусовым вывазе дзяцей была пачутая, прынятая і дастаткова моцна артыкуляваная, знайшоўшы адлюстраванне ў рэзалюцыі.
Але мы, у камандзе НАУ, лічым, што ў першую чаргу ён вінны ў перамяшчэнні і дэпартацыі дзяцей на тэрыторыю Беларусі. Тое, што гэта акт генацыда — ужо вызначыла ПАСЕ. Рашэнне аб выдачы ордэраў прымае не ПАСЕ, не іншая структура, а Міжнародны крымінальны суд і пракурор.
— Ці можна разлічваць на тое, што на падставе такіх заяў і рэзалюцый Лукашэнку калі-небудзь усё ж чакае суд за яго злачынствы?
— У першую чаргу патрэбна разумець: палітычная рэзалюцыя — толькі першы крок. За ім будуць ісці наступныя крокі, якія могуць прывесці да таго, што Лукашэнку будзе выдадзены ордэр за парушэнне міжнароднага права. Тое, што ён робіць — гэта ваеннае злачынства.
Але рэчаіснасць такая, што наступныя крокі таксама павінны быць прынятыя на міжнародным узроўні. Я лічу, што тых фактаў, якія збірае ў тым ліку і наша каманда, хопіць для таго, каб ордэр на арышт быў выдадзены. Шанцы на гэта дастаткова высокія.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.