ПАСЕ прызнала Лукашэнку датычным да выкрадання ўкраінскіх дзяцей
Аляксандр Лукашэнка і генацыд / Ілюстрацыйнае фота kommersant.ru
Парламенцкая асамблея Савета Еўропы прызнала Аляксандра Лукашэнку датычным да выкрадання ўкраінскіх дзяцей. Пра гэта паведамляе дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны Аляксей Ганчарэнка. "Я падаў праўку, што не толькі Пуцін павінен быць прыцягнуты да адказнасці... Але і... Лукашэнка", — кажа ён на відэа ў сваім тг-канале. Яго прапанова была падтрыманая.
Ганчарэнка адзначае, што ў сённяшняй рэзалюцыі ПАСЕ ў дачыненні да сітуацыі з прымусовай дэпартацыяй з Украіны ў РФ дзяцей і дарослых ужытае слова "генацыд".
У сакавіку Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт Уладзіміра Пуціна, а таксама ўпаўнаважанай па правах дзіцяці Марыі Львовай-Бяловай. Абое яны нясуць адказнасць за ваеннае злачынства — незаконную дэпартацыю насельніцтва і незаконны перавод насельніцтва з акупаваных раёнаў Украіны ў Расійскую Федэрацыю на шкоду ўкраінскім дзецям. Аляксандр Лукашэнка пакуль трапіў у іх кампанію толькі ў рэзалюцыі ПАСЕ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.