Ціханоўская сустрэлася з Байдэнам: беларусы могуць разлічваць на падтрымку ЗША
Джо Байдэн і Святлана Ціханоўская. Вільня, 12 ліпеня 2023 года / https://twitter.com/Tsihanouskaya/
Кіраўніца Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі Святлана Ціханоўская 12 ліпеня ў Вільні сустрэлася з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам. Адбылося гэта адразу пасля яго выступу ў Віленскім універсітэце, падчас якога згадвалася і наша краіна.
"Вельмі ўдзячная прэзідэнту [ЗША] за гэтую сустрэчу, — піша Ціханоўская ў Telegram. — Я данесла яму нашую пазіцыю, распавяла, што беларусы працягваюць змагацца за вызваленне сваёй краіны. Я радая, што ў нас атрымліваецца непублічна пагаварыць пра тое, што нам сапраўды важна. Беларусы могуць разлічваць на падтрымку ЗША".
"Мяне запэўнілі, што беларусы могуць разлічваць на падтрымку на шляху да свабоды", — адзначае Святлана Ціханоўская ў Twitter.
Прэс-служба Белага дома паведаміла, што Байдэн "сустрэўся з лідарам дэмакратычнай апазіцыі Беларусі Святланай Ціханоўскай, каб падкрэсліць нязменную прыхільнасць Злучаных Штатаў абароне і захаванню правоў чалавека, уключаючы свабоду слова і правядзенне свабодных і сумленных выбараў у Беларусі".
Джо Байдэн удзельнічаў у саміце NATO ў Вільні. Напярэдадні Аб'яднаны пераходны кабінет Беларусі заклікаў "краіны-партнёры практычнымі захадамі падтрымаць беларускі народ у ягоным супраціве дыктатуры і супрацьдзейнічаць спробам інкарпарацыі нашай краіны з боку Расіі".
Упершыню Ціханоўская сустракалася з Байдэнам два гады таму падчас візіту ў ЗША.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.