"Дата генератар": Дзень памяці Станіслава Булак-Балаховіча

"Дата генератар": Дзень памяці Станіслава Булак-Балаховіча

Хто ён такі? У артыкуле ў другім томе “Энцыклапедыі гісторыі Беларусі”, выдадзеным у 1994 годзе, пра яго сказана вельмі туманна: “ваенны і палітычны дзеяч”.

Да таго трэба дадаць, што ўсё ягонае жыццё было стракатым. Але ж нас перш за ўсё цікавяць тыя падзеі з жыцця асоб мінулых часоў, якія непасрэдна звязаныя з Беларуссю. 

Станіслаў Булак-Балаховіч (далей СББ) нарадзіўся ў маёнтку Мейшты на Браслаўшчыне, дзе ягоны бацька працаваў кухарам у абшарнікаў Мейштовічаў. Потым бацька ўзяў у арэнду маёнтак Стакапіёва на Браслаўшчыне.

СББ скончыў агранамічную вучэльню і працаваў аграномам. У 1905 г. ён выступаў на баку сялян у іх спрэчках з абшарнікамі, за што першыя з вялікай павагай называлі 22-гадовага маладзёна «бацькам».

Калі пачалася Першая сусветная вайна, СББ з 20 жніўня пачаў службу ў 2-м Курляндзкім уланскім палку расейскай арміі на Паўночна-Заходнім фронце. У ліпені 1915 г. атрымаў чын прапаршчыка. З лістапада ўзначаліў адмысловы “партызанскі” эскадрон у 2-й кавалерыйскай дывізіі. Пад Рыгай здзяйсняў рэйды па тылах нямецкіх войск. Чатыры разы быў паранены.

У 1917 г. атрымаў чын штаб-ротмістра (адпавядаў армейскаму чыну штабс-капітана).

Увесну 1918 г. запісаўся ў Чырвоную Армію і са свайго эскадрона сфарміраваў у горадзе Луга партызанскі конны полк. Але прыблізна праз 6 месяцаў – 7 лістапада – разам з усім палком перайшоў на бок Пскоўскага добраахвотніцкага корпуса “белых”. Атрымаў чын падпалкоўніка. Да гэтага “фартэлю” СББ падштурхнула аграрная палітыка бальшавіцкага ўрада, накіраваная супраць заможных сялян, ды імкненне да скасавання прыватнай уласнасці на зямлю. Булак-Балаховіч заўсёды быў на баку сялян.

Са студзеня 1919 г. полк СББ у складзе Паўночна-Заходняй арміі генерала Мікалая Юдзеніча ваяваў супраць “чырвоных”. 15 траўня захапіў Гдоў (за што СББ атрымаў чын палкоўніка), а 29 траўня – Пскоў (за што атрымаў чын генерал-маёра). Полк быў павялічаны да асобнай дывізіі. У жніўні М. Юдзеніч прызначыў СББ камандуючым 2-м корпусам Паўночна-Заходняй арміі.

Але праз нейкі час адносіны паміж Юдзенічам і СББ значна пагоршыліся. Бо першы быў манархіст і абшарнік, а другі падзяляў погляды сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Іх уяўленні пра будучыню дзяржавы прынцыпова разыходзіліся. Раззлаваны Юдзеніч нават загадаў арыштаваць СББ і аддаць пад суд, але той разам са сваёй дывізіяй збег на фронт. А ў студзені 1920-га, пасля паразы Юдзеніча, СББ сам яго арыштаваў і патрабаваў, каб той заплаціў грошы ваярам дывізіі за службу, чаго і дамогся. Потым адпусціў Юдзеніча.

Пасля пяці з паловай гадоў ваенных прыгод, 20 студзеня 1920 г., СББ дамовіўся з К. Езавітавым, шэфам вайскова-дыпламатычнай місіі БНР у Латвіі і Эстоніі, аб тым, што ён разам са сваім конным аддзелам (1200 чалавек) уваходзіць у склад войска БНР!

Езавітаў 8 лютага дамовіўся з Пілсудскім аб тым, каб асобны Беларускі аддзел СББ змагаўся разам з палякамі супраць “чырвоных”. 23 лютага СББ падпісаў у Рызе адпаведнае пагадненне з польскай місіяй. 14 сакавіка ён перайшоў Заходнюю Дзвіну і накіраваўся ў Брэст. З 3 чэрвеня 1920 г. Беларуская група войск СББ (каля 2-х тысяч шабель) прымала ўдзел у змаганнях з бальшавіцкімі войскамі на Палессі. Яна вельмі ўдала дзейнічала партызанскімі метадамі – рабіла налёты на тылы войск чырвоных, іхнія штабы і асобныя часткі. Група СББ захапіла Оўруч, потым прарвалася праз лінію фронту і 16 жніўня разбіла 67-ы полк Першай Коннай арміі Будзёнага, а 26 верасня захапіла Пінск.

27 ліпеня СББ склаў дамову з вядомым эсэрам Барысам Савінкавым, старшынёй Рускага палітычнага камітэта ў Польшчы (які падтрымліваў Пілсудскага). Паводле ўмоў яны аб’ядналі свае вайсковыя часткі. Палітычнае кіраўніцтва ажыццяўляў Савінкаў, вайсковае – СББ.

12 кастрычніка СББ падпісаў пагадненне і з Беларускім палітычным камітэтам у Варшаве на чале з Паўлам Алексюком (1892–1942), які таксама падтрымліваў Пілсудскага. А Пілсудскі ў той час прасоўваў план стварэння федэрацыі дзяржаў – новай Рэчы Паспалітай – у складзе УНР, БНР і Летувы на чале з Польшчай.

Паводле пагаднення пасля вызвалення тэрыторыі Беларусі ад бальшавікоў цывільную ўладу атрымае урад Алексюка, а СББ будзе прызначаны галоўнакамандуючым узброенымі сіламі. На польскай частцы Палесся ў раёне паміж Лунінцом, Мікашэвічамі і Туравам СББ і Савінкаў пачалі фарміраваць Рускую народную добраахвотніцкую армію, у якую ўвайшлі вайсковыя аддзелы расійскіх эмігрантаў, Беларуская група СББ, партызаны сялянскай арганізацыі “Зялёны Дуб”, добраахвотнікі з мясцовых жыхароў і з палонных чырвонаармейцаў. Быў нават створаны асобны габрэйскі эскадрон на чале з паручнікам Цэйтлінам. Агульная колькасць той арміі дасягнула 15 тысяч чалавек.

Калі кінуць крытычны позірк на тое стракатае войска, то мы ўбачым, што жаўнераў было занадта мала. Досыць адзначыць, што пяхотная дывізія расійскай арміі ў 1914 годзе мела крыху больш за 14 тысяч штыхоў. Таму “вызваленчы паход”, які рыхтавалі Савінкаў, Аляксюк, Адамовіч і Булак-Балаховіч, з самага пачатку з’яўляўся авантурай.

На што ж яны спадзяваліся? На тое, што калі войска з’явіцца на тэрыторыі Беларусі, то там да яго далучацца народныя масы. І ўсе разам яны выб’юць бальшавікоў з Беларусі, а потым пераможным маршам пойдуць па расійскіх губернях, дзе сяляне стогнуць ад харчразвёрсткі, тэрору Чэка і Частак асобнага прызначэння. І справа скончыцца тым, што будзе створана Федэрацыя незалежных народаў Расіі. Аднак усе яны моцна памыляліся. 

6 лістапада армія пачала паход з Турава па абодвух берагах Прыпяці, разбіла і адкінула 10-ю стралковую дывізію “чырвоных”, 8 лістапада заняла Петрыкаў, 9-га – мястэчка Скрыгалава, 10-га – Мазыр і Калінкавічы. У Мазыры СББ размясціў свой штаб. Частка арміі на чале з Язэпам, малодшым братам Станіслава, пайшла адтуль на Рэчыцу, куды падышла 16 лістапада, іншая частка – на Оўруч і Чарнобыль.

У Мазыры 12 лістапада СББ абвясціў сябе (па прыкладзе Пілсудскага і Касцюшкі) “начальнікам” Беларускай дзяржавы. Туды з Варшавы тэрмінова прыехалі Аляксюк і Вячаслаў Адамовіч, якія дамовіліся з Савінкавым аб прызнанні Расійскім палітычным камітэтам незалежнасці Беларусі. СББ прызначыў Алексюка старшынёй свайго ўрада, а “замежныя” ўрады Ластоўскага ў Коўне і Чарвякова ў Мінску абвясціў “звергутымі”.

Але хутка гэтыя вайскова-палітычныя гульні скончыліся. З боку Жлобіна 16 лістапада пайшлі ў наступ часткі 16-й арміі “чырвоных”. 17-га яны занялі Каленкавічы (зараз Калінкавічы), 18-га адкінулі балахоўцаў ад Рэчыцы, 20-га занялі Мазыр. 22 лістапада асноўныя часткі арміі Балаховіча прабіліся скрозь заслоны 33-й чырвонай Кубанскай дывізіі, 24-га пераправіліся праз Пціч і 26-га выйшлі праз Жыткавічы на Заходняй Беларусі, дзе былі раззброеныя. Такім чынам, увесь “вызваленчы паход” заняў роўна 3 тыдні. Аднак некаторыя атрады і групы балахоўцаў засталіся на тэрыторыі БССР і працягвалі ўзброеную барацьбу да 1922 г. як партызаны "Зялёнага Дуба".

Ну а СББ атрымаў ад Пілсудскага, які ставіўся да яго з павагай, чын генерала брыгады (у рэзерве) і заняўся літаратурнай творчасцю. Выдаваў публіцыстычныя творы, накіраваныя супраць камуністаў і, пазней, супраць нацыстаў. Значную вядомасць атрымала ягоная кніга 1933 года “Далоў Гітлера ці хайль Гітлер?”.

У 1937–39 гг. як чалец польскай ваеннай місіі знаходзіўся ў штабе генерала Франка ў Гішпаніі. У верасні 1939 з аддзелам добраахвотнікаў прымаў удзел у абароне Варшавы ад немцаў. Загінуў там жа пры нявысветленых абставінах. Быццам бы яго забіў нямецкі вайсковы патруль як “падазроную асобу”.

Меў 7 дзяцей. Ад Генрыеты Гарбель – сыноў Медарда і Генрыка, дачку Алдону; ад баранесы Герды фон Герхард – Сафію і Марыю; ад Яніны Карэчкі – Дануту і Барбару.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі