"Нашы авантурнікі": Багуслаў Радзівіл (1620 — 1669)

"Нашы авантурнікі": Багуслаў Радзівіл (1620 — 1669)

У рамках праграмы "Дата генератар" працягваем цыкл "Нашы авантурнікі", прысвечаны выбітным асобам айчыннай гісторыі. У гэтым выпуску пісьменнік Анатоль Тарас распавядае пра Багуслава Радзівіла.

Багуслаў Радзівіл увайшоў у гісторыю Рэчы Паспалітай XVII стагоддзя як шырокавядомая, аднак супярэчлівая асоба. Дзяржаўны дзеяч і… небяспечны дуэлянт, палітык і… адчайны каханак, адважны военачальнік і… таленавіты архітэктар.

Раней некаторыя нашы даследчыкі пісалі, што ягонае жыццё магло б стаць асноваю для твора кшталту “Трох мушкецёраў” Аляксандра Дзюма. І нарэшце гэта здарылася. У 2018 годзе быў выдадзены першы том (684 с.), а ў 2020 годзе другі том (582 с.) гістарычна-прыгодніцкага рамана ўкраінскай пісьменніцы Ірыны Данеўскай “Багуслаў Радзівіл”. Ён перакладзены з украінскай мовы на беларускую. Працяг назвы першага тома — “Нямецкі прынц з Вялікага Княства Літоўскага”, а другога — “Генерал караля”.

Чаму — нямецкі прынц? Таму што яго маці Лізавета Сафія (1589–1629) была дачкой Іагана Георга Гогенцолерна, курфюрста Брандэнбургскага. І нарадзіўся ён у Данцыгу (сучасным Гданьску). А вось ягоным бацькам быў Януш Радзівіл, кашталян віленскі (1579–1620) — якога не трэба блытаць з іншым Янушам Радзвілам (1612–1655), гетманам ВКЛ. Бацька ужо меў дзвюх дачок і таму абраў для доўгачаканага сына імя Багуслаў.

Але бацька памёр праз сем месяцаў пасля нараджэння дзіцяці. Маці Лізавета Сафія праз восем гадоў ізноў выйшла замуж — за немца. А сямігадовага Багуслава адвезлі ў Вільню, дзе яго выхаваннем займаўся стрыечны дзядзька Крыштаф Радзівіл (1585–1640), у той час гетман польны ВКЛ.

Маці хлопчыка была лютэранка, бацька Януш і дзядзька Крыштаф — кальвіністы. Навучаўся ён у кальвінскай школе ў Кейданах. Не дзіўна, што гэта веравызнанне на ўсё жыццё вызначыла крытычнае, а потым і апазіцыйнае стаўленне князя Багуслава Радзівіла да каталіцкіх кіраўнікоў Рэчы Паспалітай, у тым ліку да караля Яна II Казіміра.

Калі хлопец дасягнуў 17 гадоў, дзядзька адправіў яго у Еўропу. За межамі Вялікага Княства Багуслаў знаходзіўся каля дзесяці гадоў. Ён шмат вандраваў па Прусіі і Памераніі, Галандыі і Францыі. Там пасябраваў з асобамі каралеўскіх дынастый, сярод якіх быў Ян Казімір (1609–1672), будучы кароль Рэчы Паспалітай, прынцы Луі II Кондэ (1621–1688) і Вільгельм Насау-Аранскі (1626–1650).

Між тым у Еўропе ішла 30-гадовая вайна (1618–1648) паміж пратэстанцкімі і каталіцкімі краінамі. Багуслаў паступіў у войска прынца Фрэдэрыка Генрыха Аранскага (1584–1640) і вызначыўся адвагай у бітвах з гішпанцамі пад Гульстам (красавік 1640-га) і каля Гелдрыі (травень 1642-га).

Пазней (увесну 1648 года) французскі кароль Людовік XIV прызначыў Багуслава палкоўнікам польскай пяхоты і кавалерыі ў складзе французскага войска. Аднак у тым жа 1648 годзе на землях Русі (сучаснай Украіны), якія належалі Каралеўству Польскаму, пачалося магутнае казацка-сялянскае паўстанне на чале з Багданам Хмяльніцкім.

Калі весткі пра гэта дайшлі да Парыжа, дзе знаходзіўся Багуслаў, ён паехаў у Варшаву, дзе 20 лістапада 1648 года прымаў удзел у абранні Яна II Казіміра новым каралём Рэчы Паспалітай. Кароль, удзячны Багуславу за падтрымку, прызначыў 28-гадовага князя генералам каралеўскай гвардыі. Ён камандаваў палкамі ў войсках Кароны і Вялікага Княства, аднойчы — паранены ў галаву — трапіў у палон да крымскіх татараў, але здолеў вызваліцца за выкуп. Ён паказаў асабістую мужнасць у пераможнай бітве з казакамі і татарамі пад Берастэчкам 18–20 чэрвеня 1651 года. 

З 1648 да 1655 года князь Багуслаў жыў галоўным чынам у Слуцку. У 1652-м ён дамогся ад караля Яна Казіміра аднаўлення магдэбургскага права для Слуцка і надання таго самага права Капылю. Вакол усяго горада па праекце Тэафіла Спіноўскага і на грошы Багуслава Радзівіла былі насыпаныя магутныя земляныя валы з 13 бастыёнамі і чатырма моцнымі брамамі. А для сябе князь пабудаваў Новы замак — як частку абарончай сістэмы. Акрамя таго, наняў гарнізон з тысячы прафесійных ваяроў і назапасіў агнястрэльную зброю (гарматы, гакоўніцы, ручніцы) для рушэння мяшчан у некалькі тысяч чалавек. Гэта дазволіла Слуцку паспяхова вытрымаць аблогу і штурмы маскоўскага ды казацкага войскаў у 1655 годзе. А галоўнае тое, што ў час жыцця ў Слуцку Багуслаў Радзівіл быў лідарам тутэйшых кальвіністаў. Пры князю Багуславу ён быў апошняй апорай рэфармацыі ў Вялікім Княстве. 

Як вядома, пад канец траўня 1654 года Масковія распачала вайну супраць Рэчы Паспалітай з мэтай яе знішчэння і захопу ўсіх яе земляў. Князь Багуслаў прымаў удзел у баявых дзеяннях, у тым ліку ў аблозе Магілёва ў лютым — траўні 1655 года.

Але ўлетку таго ж 1655 года Швецыя таксама распачала вайну супраць Рэчы Паспалітай, якая цягнулася пяць гадоў. І князь Багуслаў, і яго стрыечны брат Януш Радзівіл (вялікі гетман літоўскі) бачылі адзінае выйсце для ВКЛ з катастрафічнай сітуацыі ў разрыве Люблінскай уніі з Польшчай і пераходзе пад пратэктарат Швецыі.

Акрамя палітычных чыннікаў, братоў схіляла да хаўрусу са Швецыяй іх веравызнанне, бо яны абодва былі кальвіністы. У ліпені таго ж года Януш правёў перамовы са шведскім каралём Карлам X Густавам (1622–1660), якія скончыліся падпісаннем Кейданскай уніі. А Багуслаў далучыўся да яе разам з усей пратэстанцкай шляхтай. Больш за тое, ён заняў пасаду асабістага дарадцы Карла Густава і аднойчы выратаваў яму жыццё ў час замаху!

Аднак большая частка шляхты ВКЛ складалася з каталікоў і праваслаўных, яны не падтрымалі унію са Швецыяй. З вышыні сучаснасці добра відаць, што план братоў Радзівілаў быў найлепшым на далейшыя сто гадоў “з гакам”, але большасць шляхты заўсёды не была здольная бачыць што-небудзь далей свайго носу. Таму браты прайгралі. Януша атруцілі ў Тыкоціне, паранены Багуслаў 8 кастрычніка 1656 года трапіў у палон да гетмана Гасеўскага ў бітве пад Просткамі (на тэрыторыі Прусіі).

Аднак праз дзесяць дзён (12 кастрычніка) Фрыдрых Вільгельм, курфюрст Брандэнбургскі, пабіў Гасеўскага пад Філіпавам. Тады вызвалены з палону князь Багуслаў перайшоў на службу да сваяка па матчынай лініі. А той прызначыў яго сваім намеснікам у Прускім герцагстве і камандуючым усімі брандэнбургскімі войскамі ў Прусіі.

На соймах Рэчы Паспалітай палымяна выступаў за правы пратэстантаў, найперш кальвіністаў. Калі сойм у 1658 годзе прыняў закон аб выгнані з Рэчы Паспалітай арыянаў, князь Багуслаў шмат з іх прыняў у Прусіі. І шмат яшчэ чаго было ў ягоным жыцці.

Але чаму яго лічаць авантурнікам? На мой погляд, былі два чыннікі.

Па-першае, падставай для адмоўнай характарыстыкі князя Багуслава ў польскай гістарычнай і мастацкай літаратуры паслужыла яго барацьба (разам з Янушам Радзвілам) за поўнае адасабленне Вялікага Княства ад Польшчы. У вачах польскіх аўтараў усіх часоў гэта быў смяротны грэх, горшы за які толькі атэізм.

У 1840 годзе нехта Эдвард Катлубай склаў серыю літаратурных партрэтаў  Радзівілаў, дзе вызначыў князя Багуслава як здрадніка радзімы, пад якой Катлубай меў на ўвазе выключна Польшчу. Аднак Багуслаў Радзівіл разумеў пад радзімай Вялікае Княства. Зусім не выпадкова на асабістай пячатцы ў яго была выява Пагоні. А у 1884–1886 гадах выйшлі з друку дзве часткі знакамітай кнігі Генрыка Сянкевіча “Патоп”. Для гэтага пісьменніка ідэі “польскасці” і “адданасці касцёлу” былі галоўным стрыжнем жыцця і творчасці. Таму ён зрабіў князя Багуслава галоўным адмоўным героем свайго гістарычнага рамана.

І вось хлусня Катлубая і Сянкевіча больш чым на сто гадоў вызначыла гістарычны партрэт Багуслава Радзівіла ў польскай гістарыяграфіі як шукальніка прыгод і здрадніка ў адносінах да Кароны.

А другі чыннік такой ацэнкі — ягоныя прыгоды. Сапраўды, ён меў славу бліскучага фехтавальшчыка, непераможнага дуэлянта, каханка знакамітых прыгажунь — знатных і з простых, падарожніка, які не аднойчы сутыкаўся з рознымі небяспекамі, чалавека, які займаўся самымі рознымі справамі… 

На заканчэнне хачу параіць вам “Аўтабіяграфію” Багуслава Радзівіла. Яна ў 2009 годзе выйшла ў мінскім выдавецтве “Радыёла-плюс” (208 с.).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі