Дазвол на працу ў Польшчы атрымаюць не толькі замежнікі з працоўнай дамовай

Праца, ілюстрацыйнае фота

Праца, ілюстрацыйнае фота / pexels.com

Урад Польшчы адмовіўся ад ідэі выдаваць замежнікам дазволы на працу, толькі калі іх наймаюць паводле працоўнай дамовы (umowa o pracę), піша MOST.

Гэтую норму прапаноўвалі ўнесці ў новы закон аб доступе замежнікаў да рынку працы. Але ўрэшце з законапраекта яе прыбралі, паведаміў міністр развіцця і тэхналогій Кшыштаф Пашык.

Ініцыятарам больш строгіх мераў выступала Міністэрства працы. У ведамстве занепакоеныя тым, што бізнэс злоўжывае грамадзянска-прававымі дамовамі. Напрыклад, у 2023 годзе 70% дазволаў на працаўладкаванне замежнікаў тычылася найму па дамове даручэння (umowa zlecenie) ці падобных дагаворах. У міністэрстве звяртаюць увагу, што пры такіх формах працаўладкавання работнікі-замежнікі не маюць належнай сацыяльнай абароны.

Супраць новай меры выступілі прадстаўнікі бізнесу. Канфедэрацыя працадаўцаў Lewiatan заявіла, што гэта прывядзе да пашырэння шэрых схем найму на працу. На думку прадстаўнікоў канфедэрацыі, многія прадпрыемствы пачнуць наймаць на працу замежнікаў увогуле без афармлення. А для бізнесу, які працуе легальна, павялічацца выдаткі на персанал.

Таксама з законапраекта прыбралі норму аб пашырэнні паўнамоцтваў Нацыянальнай інспекцыі працы і памежнай службы па кантролі прадпрымальнікаў, якія наймаюць на працу замежнікаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі