Дэпутаты РФ і РБ шукаюць спосабы вярнуць грамадзян, якія з'ехалі

У аэрапорце, ілюстрацыйнае фота

У аэрапорце, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Дэпутаты Беларусі і Расіі рыхтуюць слуханні, прысвечаныя беларускай і расійскай дыяспарам за мяжой. Плануюць абмяркоўваць сярод іншага і захады, якія прымусілі б суайчыннікаў вярнуцца. Пра гэта расказвае расійская "Независимая газета". Гаворка, у прыватнасці, ідзе аб забеспячэнні пры вяртанні дадатковых ільгот. Аб'ём патэнцыйнай рэпатрыяцыі аўтары ідэі ацэньваюць у 3 млн чалавек для Беларусі і 30 млн для Расіі.

Слуханні "Становішча суайчыннікаў за мяжой: удасканаленне механізмаў абароны правоў і законных інтарэсаў" пройдуць 12 кастрычніка ў Калінінградзе ў рамках чарговага пасяджэння парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі. Аўтары канцэпцыі слуханняў мяркуюць, што гэтыя мільёны беларусаў і расіян, якія пражываюць за мяжой, "імкнуцца захаваць і пашырыць свае сувязі з гістарычнай радзімай". Больш за тое, у іх праз вайну, якую распачала Расія і падтрымала Беларусь, узніклі праблемы — яны сутыкнуліся з ціскам з боку мясцовай улады і СМІ, які расце. І гэтая відавочная дыскрымінацыя набыла "сістэмны і ўсёабдымны характар". Таму тых, хто з'ехаў, гатовыя прыняць назад — асабліва з улікам цяжкай дэмаграфічнай сітуацыя і ў Беларусі, і ў Расіі.

З тымі ж, хто не захоча вяртацца, дэпутаты-саюзнікі прапануюць больш актыўна працаваць — выбудоўваць "станоўчы вобраз РБ і РФ". Акрамя таго, абмяркоўваецца ідэя даць замежным прадстаўнікам "рускага свету" афіцыйнае падвойнае грамадзянства. Праўда, з артыкула незразумела, закране гэтая мера Беларусі ці толькі Расію.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі