Для раздачы Wi-Fi у транспарце не будуць патрэбныя спецдазволы
Для раздачы Wi-Fi у транспарце не будуць патрэбныя спецдазволы. Як паведаміў БЕЛТА начальнік аддзела фіксаванай службы і міжнароднай абароны радыёчастот РУП "БелГІЭ" Аляксей Івашкін, такое рашэнне было прынятае 7 красавіка на паседжанні дзяржкамісіі па радыёчастотах пры Савеце бяспекі. Дагэтуль патрабавалася атрыманне дазваляльных дакументаў на прадпрыемстве "БелГІЭ".
Дзяржаўная камісія рэкамендавала Міністэрству сувязі ўключыць гэтае абсталяванне ў пералік сродкаў, якія не падлягаюць рэгістрацыі і для якіх трэба атрымліваць дазвол на выкарыстанне радыёчастотнага спектру. Па словах Івашкіна, ёсць толькі адно абмежаванне: магутнасць абсталявання кропкі доступу Wi-Fi на чыгуначным, аўтамабільным, унутраным водным, гарадскім электрычным транспарце не павінна перавышаць 100 міліват.
Як інфармуе прэс-служба Міністэрства сувязі і інфарматызацыі, у бліжэйшы час будуць унесеныя змены ў шэраг пастановаў, якія ўстанаўліваюць "пералік радыёэлектронных сродкаў і высокачастотных прыладаў, якія не падлягаюць рэгістрацыі і эксплуатуюцца без адпаведнага дазволу на права выкарыстання радыёчастотнага спектру".