Добраахвотнік пра выплаты за раненне, "дзесяціну" ў ПКК і канфлікты са штабам
Разбіраліся ў канфлікце паміж параненым байцом і штабам ПКК
Экс-баец палка Каліноўскага з пазыўным Хмель цяпер ваюе ва Украіне ў складзе Другога Інтэрнацыянальнага легіёна. Яшчэ вясной мінулага года ён атрымаў цяжкае раненне, але праз праблемы з афармленнем медыцынскіх дакументаў належнай кампенсацыі чакае дагэтуль.
У размове з Еўрарадыё Хмель расказаў, што вінаватым у затрымцы лічыць штаб палка Каліноўскага. Паводле яго слоў, прадстаўнікі штаба спрабавалі пераканаць яго плаціць "дзесяціну" — гэта значыць, аддаваць частку свайго заробку на агульнапалкавыя патрэбы. А калі баец адмовіўся дзяліцца заробкам, прадстаўнік штаба адмовіўся займацца яго медыцынскімі дакументамі.
Пра эпізод з адмовай афармляць дакументы ў ПКК кажуць так: гэтага не было. А ведаючы, што афіцыйных выплат чакаць доўга, адразу пасля ранення полк пералічыў у дапамогу байцу пэўную суму грошай з "дзесяціны".
Еўрарадыё паспрабавала разабрацца ў гэтай гісторыі і высветліць, калі паранены беларускі добраахвотнік нарэшце атрымае выплаты ад Украіны, патрэбныя яму для аднаўлення здароўя, — і чаму не атрымаў іх дагэтуль.
"Выдалілі частку кішэчніка, страўніка, на адно вуха не чую"
Калі пачалася поўнамаштабная вайна, Хмель ужо шмат гадоў жыў ва Украіне. І яшчэ да таго, як полк Каліноўскага афіцыйна аформіўся як структура ў складзе УСУ, ён ужо ваяваў у Бучы. Усяго праз пару тыдняў пасля вяртання з Бучы яго адправілі ў Мікалаеў. Там ён і атрымаў сваё першае цяжкае раненне.
Калі мы стэлефаноўваемся, Хмель зноў ляжыць у шпіталі — разбіраецца з наступствамі.
— Мне тады прыляцела ў руку, у нагу, у жывот, у галаву. Пасекла моцна. Ну, што ў выніку? Была выдаленая частка мачавога, частка кішачніка, частка страўніка — ну, і яшчэ нервы на руцэ перабітыя, на адно вуха не чую праз разрыў перапонак. Адгукаецца ўсё гэта дагэтуль.
Тыя, хто запісаўся ў добраахвотнікі вясной 2022 года, яшчэ не ведалі, ці дапаможа ім Украіна ў выпадку ранення, — і не думалі пра гэта. Калі мы ў тыя дні пыталі некаторых добраахвотнікаў пра гарантыі ад дзяржавы, яны адмахваліся — маўляў, гэта ўсё адно.
Гэтак жа і Хмель толькі праз некалькі месяцаў лячэння даведаўся, што яму належаць выплаты. За кожны месяц, які ён правёў у шпіталі, — каля 100 тыс. грыўняў (прыкладна 2,5 тыс. долараў). Для таго каб Украіна пералічыла гэтыя грошы, трэба сабраць пакет дакументаў.
У ПКК са спасылкай на ўкраінскае заканадаўства тлумачаць, што звычайна ўсімі гэтымі папяровымі справамі баец займаецца самастойна, але каліноўцам у гэтым дапамагае спецыяльна створаная ў палку структура — "Служба вайсковай дапамогі Каліноўскаму".
І Хмель звярнуўся ў штаб ПКК, у складзе якога тады ваяваў.
— Спярша яны сказалі, што ні пра што такое не чулі і што я нешта пераблытаў. Я пачытаў заканадаўства: не, сапраўды, мне належалі выплаты ад Украіны — але для гэтага патрэбныя паперы, якія пацвярджаюць, што раненне было атрыманае "ў сувязі з абаронай радзімы". Зноў звярнуўся ў штаб. Мяне запэўнілі: так, так, мы ўжо падалі твае дакументы.
А потым яны даведаліся, што я не плаціў "дзесяціну". Гэта такі ўнёсак у памеры дзясятай часткі заробку, на які спрабавалі нас угаварыць "штабныя".
Хмель успамінае, як некалькі прадстаўнікоў штаба выклікалі яго і спыталі — маўляў, дык што, будзеш "скідвацца"?
— І калі я сказаў, што не буду плаціць, да мяне падышла дзяўчына, якая займалася афармленнем дакументаў раненых, аддала папку з маімі паперамі і кажа: раз так, раз плаціць не хочаш, я тваімі справамі больш займацца не буду.
Мы напісалі ў прэс-службу ПКК з просьбай пракаментаваць гэты эпізод. Нам сказалі: баец кажа няпраўду, нічога такога не было.
— Хмель вырашыў перайсці ў іншае падраздзяленне, што зрабілася прычынай перадачы ўсяго пакета яго дакументаў, каб ён перадаў іх у сваю новую частку і завяршыў усе працэдуры згодна з парадкам, вызначаным у яго новай частцы , — кажуць у прэс-службе.
Дакументамі ў Інтэрнацыянальным легіёне, да якога адносіцца ў тым ліку ПКК, займаецца штаб легіёна. Баец трапляе ў шпіталь з раненнем — у вайсковай частцы яму робяць даведку пра тое, што ён быў на перадавой не проста так, а на падставе загаду. Гэтая даведка робіцца даволі хутка.
На падставе гэтай даведкі пра абставіны ранення робіцца заключэнне — было раненне звязанае з абаронай радзімы ці не. І ад гэтага залежыць, ці будзе табе штомесяц прыходзіць 100 тыс. грыўняў (каля 2,5 тыс. долараў).
Калі шпіталь вырашае выпісаць байца, прызначаецца ВУК — ваенна-ўрачэбная камісія. Што рабіць з байцом далей — спісаць, даць адпачынак? ВУК праходзіць непасрэдна ў шпіталі. Гэты працэс займае некалькі дзён — расцягнуць яго на паўгода немагчыма, таму што без ВУК баец не зможа прыступіць да службы.
Калі Хмель прыступіў да службы — значыць, заключэнне ВУК было. І значыць, гэтага дастаткова для афармлення выплат па раненні.
У прэс-службе ПКК кажуць, што гэта ў 2023 годзе, праз амаль два гады поўнамаштабнай вайны, працэс афармлення дакументаў і выплат наладзіўся. Добраахвотнік Інтэрнацыянальнага легіёна, пра якога ідзе гаворка, атрымаў раненне ў 2022-м годзе.
А што гэта яшчэ за "дзесяціна", пра якую кажа Хмель?
ПКК упершыню афіцыйна пацвердзіў, што ў падраздзяленні ёсць практыка "дзесяціны", хоць пра яе загаварылі яшчэ вясной 2022 года. Тады некаторыя байцы, з якімі кантактавала Еўрарадыё, падтрымалі гэтую ідэю.
— Нам сказалі, што гэтая выплата будзе ісці на тое, каб выкупляць нашых палонных — такая практыка, маўляў, была ў тых, хто ваяваў з 2014-га, — казаў адзін з нашых суразмоўцаў. — А яшчэ гэтая выплата можа ісці на дапамогу сем'ям загінулых і параненых байцоў.
Але далёка не ўсе пагадзіліся плаціць. Хмель, напрыклад, не разумеў, чаму штабу недастаткова тых грошай, якія ахвяруюць беларусы на агульнапалкавы рахунак.
— І я не скідваўся. Памятаю, калі мы былі ў Мікалаеве (красавік, 2022 год), да нас прыязджалі Кіт (камандзір штаба ПКК) і Ваніш. Спрабавалі агітаваць за "дзесяціну" і пасварыць нас. Камандзір нашага батальёна Волат тады сказаў: тых, хто хоць капейку дасць штабу, ён не хоча бачыць у сваім падраздзяленні.
— І нехта ж гэтую "дзесяціну" плаціў, праўда? Чаму хлопцы згаджаліся? — пытаемся ў Хмеля.
— У асноўным плацілі тыя, хто прыехаў у Кіеў ужо пасля гібелі Волата. Бо чаму штабныя так хутка зрабілі асобнае памяшканне для "вучэбкі"? Каб новыя хлопцы з намі менш размаўлялі.
Мы звярнуліся з пытаннем пра "дзесяціну" ў штаб палка Каліноўскага. Каму прыйшла ў галаву ідэя збіраць з байцоў грошы? І галоўнае — навошта? Бо ёсць данаты, дапамога ад дыяспар. Ды і наогул, ПКК — структурная частка Мінабароны Украіны, якое павінна забяспечыць байцоў усім неабходным.
У прэс-службе кажуць, што дзесяціна — гэта "падушка бяспекі" для тых выпадкаў, калі данатаў не хапае.
— Улічваючы папярэдні досвед дабрабатаў, якія існавалі і існуюць ва Украіне, рэаліі, якія склаліся ў пачатку вайны, патлумачыўшы сітуацыю асабістаму складу, камандаваннем тады яшчэ батальёна, а цяпер палка была прынятая пастанова, што трэба выкарыстоўваць некаторыя выпрабаваныя часам інструменты, якія дапамагалі гэтым дабрабатам быць больш абароненымі і выжываць ва ўмовах абмежаваных рэсурсаў.
Для гэтага ў палку была створаная фінансавая падушка бяспекі для воінаў (Фонд узаемадапамогі).
Нам пералічылі сітуацыі, для якіх стваралася такая "падушка бяспекі". Са слоў прэс-службы, грошы ішлі на першую дапамогу раненым, аплату выдаткаў на пахаванне загінулых, аплату праезду ва Украіну для іх сваякоў — а таксама іх пражыванне і харчаванне.
Частка грошай выдаткоўвалася на матэрыяльную дапамогу сем'ям загінулых, аплату дастаўкі праху ў Еўропу, калі гэта неабходна. І на "пакрыццё патрэбаў палка па ўсіх напрамках".
Але суправаджэнне раненых з дзесяцінай не звязанае, удакладнілі ў ПКК. Людзі, якія гэтым займаюцца, — на кантракце ва УСУ і ніякіх ганарараў з "дзесяціны" не атрымліваюць. Гэта значыць, адмова Хмеля "скідвацца" не магла і не павінна была паўплываць на стаўленне да яго дакументаў.
— Нейкіх дадатковых даплат або бонусаў гэта не нясе. Хутчэй, гэта пра тое, што мы робім агульную справу і спрабуем стварыць адно аднаму больш камфортныя ўмовы ў некамфортны час, — тлумачаць у прэс-службе.
"Не падабаецца — едзьце ў Польшчу на клубніцы"
Калі Хмель прыходзіў у эфіры Еўрарадыё паўгода таму, рэдактар Зміцер Лукашук пытаўся ў яго пра стасункі са штабам ПКК. Хмель тады адказаў унікліва і дыпламатычна. Маўляў, давайце не будзем выносіць смецце з хаты. Чаму ён перастаў быць дыпламатычным цяпер? Баец кажа, што сваю ролю адыграла канферэнцыя ПКК у Кіеве, на якой полк сабраў вакол сябе прадстаўнікоў многіх беларускіх дэмсілаў.
— Я нядаўна ехаў у цягніку з жанчынай. У яе на тэлефоне налепка ПКК, і яна нахвальвала полк. Мне гэта ўсё нагадвае, як у 14-м годзе ўкраінцы нахвальвалі Лукашэнку. І той, і гэтыя ўмеюць зрабіць добрую карцінку.
А я ж памятаю, як Ваніш, Хутар і Кіт крычалі: калі вам нешта не падабаецца — едзьце ў Польшчу на клубніцы! А яшчэ яны казалі: "Мы мяняем колькасць на якасць". То-бок калі ты іх схемы не падтрымліваеш, то ты вораг і "няякасны" баец.
Дык гэта ж галімы 2020 год у Беларусі. Не падтрымаў Лукашэнку — ты вораг. Не падтрымаў штаб — ты вораг. Шмат падабенства, не знаходзіце?
У прэс-службе не выключаюць, што байцам у штабе сапраўды маглі паказаць пальцам на Польшчу.
— На клубніцы нядбайных байцоў адпраўляюць толькі летам, а ў іншыя сезоны заўсёды ёсць "Бедронка". А калі сур'ёзна, то вакол ідзе вайна, у людзей стрэс, усе людзі розныя, нервы напятыя ва ўсіх, здараюцца канфлікты. Як і ў звычайным жыцці. Часам размовы вядуцца не высокім стылем, а на эмоцыях. Таму, магчыма, некаму з гарачнасці нехта такое і сказаў. Але гэта не азначае, што ў палку гэта штодзённая практыка.
Хмель да гэтых жартаў ставіцца не так спакойна, як прэс-служба. Ён кажа, што ведае многіх беларусаў, якія хацелі б дапамагчы Украіне ў вайне — але больш не ваююць, бо не змаглі знайсці агульную мову са штабам ПКК і не сталі прарывацца на фронт праз жарты пра клубніцы.
Навошта ў Польшчу, калі можна ў іншую частку?
Але навошта "з'язджаць у Польшчу на клубніцы", калі можна проста пайсці з ПКК і перавесціся ў іншую частку? Хмель кажа, што зрабіць гэта маглі толькі байцы "з сур'ёзнымі сувязямі".
У ПКК на пытанне пра тое, ці ствараліся для байцоў штучныя перашкоды пры пераводзе ў іншае падраздзяленне, кажуць лаканічна:
— Не, не ствараліся і не ствараюцца, бо гэта не мае сэнсу.
Аднак ад некаторых іншых былых байцоў ПКК Еўрарадыё ведае, што перавод з палка ім даўся няпроста. Цяпер сітуацыя змянілася, і многім байцам удалося перавесціся з ПКК у іншыя падраздзяленні. Гэта значыць, манаполіі на "беларусаў" у штаба больш няма. Пайшоў і сам Хмель — са студзеня 2023 года ён больш не каліновец, а проста беларускі добраахвотнік.
— Цяпер мы падпарадкоўваемся проста УСУ. Ёсць загад — ты яго выконваеш, няма загаду — сядзіш адпачываеш. Праўда, цяпер мы ваюем на такім кірунку, што адпачываць удаецца мала.
Тут не трэба прымаць нічые загоны, не трэба схіляцца ні перад чыімі статусамі. Тут ніхто не займаецца палітыкай — сюды людзі прыйшлі ваяваць. Не "цікток-войскі".
Розніца — як паміж Беларуссю і "Захадам, які загнівае". Вось я цяпер знаходжуся на ўмоўным "Захадзе, які загнівае", а ПКК — гэта "Беларусь", у якой ты ходзіш і баішся слова сказаць. Розніца толькі ў тым, што незадаволеных не арыштуюць, а назавуць алкаголікам, наркаманам і адправяць "на клубніцы ў Польшчу", — рэзюмуе Хмель.
Хмель усё яшчэ папраўляе здароўе — і ваюе
Хмель не хавае, што неўзабаве пасля ранення на карту яго жонкі перавялі 50 тыс. грыўняў — крыху больш за тысячу долараў — як матэрыяльную дапамогу ад палка. Але гэтая сума не заменіць тыя штомесячныя 100 тыс. грыўняў, якія баец павінен атрымліваць ад дзяржавы.
Цяпер яму даводзіцца працягваць лячэнне за свае грошы. Калі хочаце дапамагчы Хмелю аднавіць здароўе, рэквізіты ёсць тут.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.