Дыктатар Лукашэнка атрымаў ультыматум ад Польшчы — Латушка
"Далей будзе горш" / Карыкатура dw.com
Беларускі палітык Павел Латушка пракаментаваў закрыццё Польшчай пункту пропуску "Баброўнікі" на мяжы з Беларуссю, а таксама пагрозу прэм'ер-міністр Польшчы Матэвуша Маравецкага закрыць і іншыя пераходы на мяжы з РБ.
"Усе стаміліся ад Лукашэнкі. І нарэшце гэты дакладны сігнал, ультыматум, выстаўлены Польшчай дыктатару", — кажа Латушка. Ён прыгадвае, што адбылося гэта пасля таго, як у Беларусі на 8 гадоў асудзілі журналіста-палітвязня, актывіста польскай меншасці Анджэя Пачобута.
"Вінаваты выключна рэжым Лукашэнкі. Вінаваты ў гэтым выключна дыктатар... Чаму гэта адбылося? Таму што ў Беларусі на працягу некалькі гадоў не спыняюцца масавыя рэпрэсіі. Таму што ў Беларусі тысячы палітычных зняволеных...", — працягвае Латушка.
Ён прагназуе, што для Лукашэнкі "далей будзе горш". Бо і Літва з Латвіяй могуць закрыць межы, а Кітай пачне на яго ціснуць з-за перакрыцця транзіту.
"Калі рэжым Лукашэнкі стаіць ужо на адным калене, яго трэба паставіць на два калены і сказаць: "Вызваляй палітычных зняволеных!". Інакш будзе перакрыты ўвесь транзіт, на якім вы зарабляеце", — кажа палітык.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.