Дзе тут дэмакратычныя каштоўнасці? Шчырая рэакцыя беларуса на забарону сэканду

“Часы, калі ездзілі ў “Акропаліс”, успамінаюцца як палеазойская эра”

“Часы, калі ездзілі ў “Акропаліс”, успамінаюцца як палеазойская эра” / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Беларус Максім застаецца жыць у сваёй краіне. Бачыць, як даражэе гародніна, бачыць, як кошты на “ньюбэлансы” выраслі вышэй 800 рублёў. Фіксуе рэальнасць і ўжо амаль забыўся на тое, як некалі ездзіў на шопінг у “Акропаліс”.

Калі сэканд патрапіў пад санкцыі ЕС, Максім задаў нам, палітыкам і эмігрантам пытанні, якія закранаюць больш шырокую тэму. Калі мы стэлефанаваліся, ён сфармуляваў яе ў самым першым сказе: “Можа, прыйшоў час думаць не толькі пра сябе, але і пра іншых людзей?”

Вось шчырыя думкі беларуса, які застаецца жыць унутры краіны.

 

“Беларускія чыноўнікі зараз п’юць шампанскае за здароўе еўрапейскіх”

— У чалавека павінны быць выбар, а ў нас у Беларусі яго застаецца ўсё меней і меней. У Еўропу мы ездзіць не можам, прывезці нешта адтуль — не можам. Тыя часы, калі людзі ездзілі ў "Акропаліс", успамінаюцца як палеазойская эра.

Я бачу на ўласныя вочы: сэкандаў станавілася ўсё больш, іх сеткі пашыраліся. Аднаўленне асартыменту ў самай буйной сетцы “МодаМакс” адбываецца раз на тыдзень. І да канца тыдня людзі з большага ўсё разграбаюць.

Калі прыйсці туды ў гадзіну завоза а 9-й ранку, дык вы проста ў краму не патрапіце, вас змятуць. Моладзь, якая хоча модна апранацца, палюе на больш-менш брэндавыя шмоткі. Хапае ж у тыктоку відэа, дзе ў сэкандзе адбываецца проста слэм, як на канцэртах. Гэта нават небяспечна.

Звычайныя крамы? Калі я ў апошні раз заходзіў у краму, [красоўкі] “ньюбэлансы” каштавалі каля 800-900 рублёў. У Беларусі сярэдні заробак — 1,2 тыс.-1,5 тыс. рублёў.

Я не кажу пра статыстычныя дадзеныя — я кажу пра сярэднія заробкі сваіх знаёмых. Дык і дзе можна апрануцца на гэтыя грошы?

У маленькіх гарадах альтэрнатывы проста няма. Рынак? Дык там за большыя грошы ты атрымаеш горшую якасць.

Сэканды — цудоўнае выйсце для людзей, у чыіх сем’ях ёсць маленькія дзеці. Гэта для сябе ты набываеш рэчы, якія можаш насіць гадамі. І гэта пра экалагічнасць, пра ўстойлівасць [спажывання]. 

А дзеці ўвесь час растуць. У беларускіх крамах набываць для іх адзенне? Якасць і дызайн там горшыя, рэчы ідуць катышкамі нашмат хутчэй, чым ужываныя еўрапейскія.

Ну і — кошты. Калі ты набыў рэч у сэкандзе, дык не псіхуеш, калі дзіцёнак падраў каленкі ці якую пляму паставіў. А калі набываеш кожныя нагавіцы за 100 рублёў, як зараз у крамах, вядома, ты будзеш злавацца, калі іх сапсавалі.

Будуць вазіць праз Турцыю? Не факт, і зразумела, што гэта адаб’ецца на коштах. Што ўласна я буду рабіць? Буду берагчы тое, што ўжо набыў. Ну і купляць у "Калі Ласцы" пры патрэбе.

Але і якасць сэканду падае апошнія гады. Раней у Беларусь прыязджаў ангельскі сэканд (наколькі мне вядома), і [сярод яго] можна было знайсці даволі крутыя рэчы. Зараз аб гэтым не ідзе размовы. Да вінтажа нам, як да Месяца. Сюды трапляе пабіты жыццём масмаркет, а рэдкае і класнае — гэта скарб.

Дзе тут дэмакратычныя каштоўнасці? Шчырая рэакцыя беларуса на забарону сэканду
"Да вінтажа нам, як да Месяца" / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Раней выбарка сэканда была багацейшая і цікавейшая. Цяпер гэта з большага ўжываныя Mark&Spencer і New Look, а не умоўны Maison Margiela. Сюды прыязджае танная сінтэтыка (і гэта, дарэчы, таксама шкодна, бо сінтэтыку складаней перапрацоўваць, таму я быў бы больш рады, каб да нас траплялі натуральныя матэрыялы).

[Калі забарона на ўвоз сэканду з Еўропы пачне дзейнічаць], думаю, яшчэ больш забуяе “Куфар” як пляцоўка для перапродажу ці нешта накшлалт Open Шафы. Ды і зараз моладзь, якая штурхаецца на закупах, перапрадае гэтыя рэчы, гэта іх бізнес. Гэтыя хлопчыкі гандлююць праз “кантакт” ці “Куфар”, наколькі я чуў.

А наш легпром проста апладуе. Яны даўно хацелі прыкрыць гэтую лавачку, каб раскуплялі “Світанак і “Купалінку”. Яны ж думалі, што закідаюць нашыя крамы беларускім легпромам, і тады зажывуць. І зараз п’юць шампанскае за гэтых еўрапейскіх чыноўнікаў, якія забаранілі ўвоз у Беларусь сэканду.

 

“Я памятаю пах “Іў Сен Ларана” ў маці”

Мне гэта нагадвае махровы савок, калі за мяжу ездзілі абраныя. Вышэйшае чынавенства. І, каб знайсці нешта класнае, каб не апранацца ў шэрае і карычневае са стракочучых матэрыялаў, табе трэба было пайсці ў адмысловую краму, адстаяць чаргу і толькі тады набыць гэдэрэаўскія боты ці французскую парфуму.

А набыўшы, людзі захоўвалі гэтыя рэчы дзесяцігоддзямі. Я памятаю пах “Опіуму” ад “Іў Сен Ларана” у маці. Пах, за якім яна адстаяла ў камісіёнцы.

Дзе тут дэмакратычныя каштоўнасці? Шчырая рэакцыя беларуса на забарону сэканду
"Я канешне іранізую, але калі так будзе доўжыцца, ў нашых сем’ях будуць [як рэліквію] захоўваць Ікею" / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Як адрэагавалі на гэтыя санкцыі людзі вакол мяне? Слухайце, мы тут ужо навіны не абмяркоўваем і не чытаем. Тут людзі абмяркоўваюць надвор’е.

Калі пытаецеся пра мяне, дык я асабіста лічу гэта крывадушнасцю. Камон, санкцыі супраць сэканда? Ладна мікрасхемы, якія могуць быць выкарыстаныя для вытворчасці ўзбраення. Але сэкандам карыстаюцца самыя ўразлівыя групы насельніцтва, і вы б’еце па іх.

Дзе тут дэмакратычныя каштоўнасці? Ну дзе? Гэта проста папулізм вышэйшай пробы. Але мы ўжо даўно не чакаем нічога добрага і з таго боку. Проста назіраем і чакаем: окей, давайце далей, што яшчэ прыдумаеце.

 

Кантэкст Еўрарадыё: хто і як змагаўся з сэкандамі ў Беларусі

Еўрасаюз унёс карыстанае адзенне і аксэсуары ў спіс тавараў, забароненых да правозу праз тэрыторыю Беларусі. Гэта не першы раз, калі сэканды закрываюць. Праўда, звычайна гэта робяць беларускія чыноўнікі, якія спрабуюць прадаць беларусам як мага больш прадукцыі дзяржпрадпрыемстваў.

"Барахолкі" у гэтым перашкаджаюць, бо беларусы ахвотней купляюць танную (і часта брэндавую) вопратку. Тавары "Беллегпрама" часта каштуюць нашмат даражэй — і канцэрн лічыць сэканды сваім галоўным канкурэнтам.

Спярша ў такіх крамах у 2021 годзе забаранілі прадаваць новую вопратку. Кіраўніцтва "Беллегпрама" хацела пайсці далей і нават прапаноўвала наогул прыбраць сэканды з буйных гарадоў.

Здаецца, гэта той выпадак, калі дзеянні еўрачыноўнікаў супалі з жаданнямі чыноўнікаў беларускіх, якія даўно спрабуюць абмежаваць пакупнікоў у правах.

Намеснік кіраўніка НАУ Арцём Брухан казаў у размове з Еўрарадыё, што санкцыі не знішчаць сэканды — пастаўшчыкі проста зменяць лагістыку. Але для пакупнікоў гэта абернецца ростам цэн.

Але як гардэроб беларусаў і беларусак звязаны са "зрынаннем рэжыму"? Навошта біць па не самых абароненых?

— Чаму ў Расіі сэканд-хэнды трапілі пад санкцыі? Таму што пад іх прыкрыццём туды завозілі элітныя маркі адзення, на якія былі накладзеныя санкцыі. ЕС не хацеў, каб расійскія эліты, якія фінансуюць вайну ва Украіне, куплялі люксавую вопратку. Яны хацелі, каб эліты адчулі: гэтая вайна для іх нявыгадная. Але нават пасля таго, як на расійскія сэканды наклалі санкцыі, люксавыя тавары працягвалі паступаць з ЕС — праз беларускія сэканд-хэнды. І Расія далей зарабляла на гэтай гісторыі. На жаль, калі ЕС паспрабаваў адрэзаць эліты ад гэтай магчымасці заробку, пацярпелі простыя людзі, якія ходзяць у сэканд-хэнды, — казаў Брухан.

ЕС, дарэчы, прыняў яшчэ адзін, гэтым разам ненаўмысны крок, каб адрэзаць беларусаў ад сэкандаў. У траўні 2024 года еўрачыноўнікі прынялі новае палажэнне пра транспартаванне адходаў. Навошта?

З 2004 года аб'ёмы экспарту адходаў з краін Еўрасаюза ў краіны, якія не ўваходзяць у Еўрасаюз, выраслі на 72%. Летась ЕС экспартаваў у астатнія краіны 35 мільёнаў тон сваіх адходаў. Гэта прымусіла Еўракамісію занепакоіцца: ці не эксплуатуюць яны бяднейшыя краіны, якія згаджаюцца прымаць іх "смецце"?

Новыя правілы гарантуюць, што краіны ЕС будуць паводзіцца больш адказна. Згодна з новым рэгламентам, экспарт адходаў з ЕС у іншыя краіны будзе дазволены толькі ў тым выпадку, калі гэтыя краіны паведамяць Еўрапейскай камісіі, што згодныя іх прыняць.

А яшчэ пакажуць, што здолеюць іх перапрацаваць. Гэтыя новыя патрабаванні будуць дзейнічаць з 21 траўня 2027 года.

Ці стала б Беларусь падаваць у Еўракамісію пакет дакументаў, каб запэўніць, што гатовая і далей імпартаваць тавары сэканд-хэнд?

Улічваючы даўнюю барацьбу МАРГ з сэкандамі, мы ў гэтым сумняваемся. Але даведацца не атрымаецца: карыстанае адзенне трапіла ў санкцыйны спіс раней.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі