Зрабіць шэнгенскую візу і не звар'яцець. Лайфхакі

Расказваем, як зрабіць візу, і даем парады, якія рэальна працуюць.

Расказваем, як зрабіць візу, і даем парады, якія рэальна працуюць. / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Візавая экспертка і аналітык visastat.me Анастасія Лысакоўская раіць задумвацца пра шэнгенскую візу мінімум за 2-3 месяцы да падарожжа.

— Сезон адпачынкаў толькі ўскладніў і без таго вельмі цяжкую сітуацыю. З пачаткам вайны ва Украіне частка консульстваў у Беларусі закрылася, ёсць краіны, якія цяпер наогул не разглядаюць дакументы беларусаў. І практычна няма краіны, якая гарантавана паставіць візу ў беларускі пашпарт, — тлумачыць суразмоўніца Еўрарадыё.

Паводле эксперткі, з вялікай імавернасцю візу вы атрымаеце ад Іспаніі, Італіі, Грэцыі, Венгрыі, Польшчы, Балгарыі і Румыніі.

 

Калі вам дастаткова аднаразовай візы

Прасцей за ўсё цяпер запісацца ў візавы цэнтр Грэцыі. Але і там вольныя месцы на падачу дакументаў заканчваюцца хутка. І ёсць яшчэ некалькі важных нюансаў.

— У Грэцыі ёсць правіла: падавацца на візу трэба за 21 дзень да меркаванай паездкі. Калі будзеце падавацца раней, у вас наогул могуць не прыняць дакументы. І ў Грэцыі высокая статыстыка адмоваў.

Сделать шенгенскую визу и не сойти с ума. Лайфхаки
Грэцыя / pixabay

З пачаткам турыстычнага сезону сітуацыя палепшылася, але адмоваў усё яшчэ шмат. І нават калі вы атрымаеце візу, гэта будзе віза "пад паездку" — ну, ці максімум на месяц. Гэтая краіна доўгатэрміновых віз беларускім турыстам не выдае, — тлумачыць Анастасія.

Карэспандэнтка Еўрарадыё зарэгістравалася на сайце візавага цэнтра Грэцыі, але свабодных слотаў не знайшла нават на жнівень. Тады мы звярнуліся да пасярэднікаў: тыя папрасілі 570 рублёў (ні пералёт, ні грэцкая мусака ў гэты кошт не ўваходзяць). Вы плаціце за дапамогу ў запаўненні анкеты, падрыхтоўку дакументаў, якія пацвярджаюць рэзервацыю гатэля і пералёту, і пошук вольнага слота для падачы дакументаў у візавым цэнтры, патлумачылі ў агенцтве.

І рэзервацыя, і білеты, вядома, несапраўдныя: усе броні адменяць, як толькі вам дадуць візу. Падрыхтуйцеся да размоваў на мяжы: памежнікі могуць папрасіць вас паказаць білеты, якія пацвярджаюць, што з грэцкай візай вы і праўда палеціце ў Грэцыю, а не застаняцеся на шопінг у Варшаве ці Вільні.

Калі вы гатовыя самі аформіць сабе бронь білетаў і гатэля, то пасярэднікі возьмуць з вас усяго 450 рублёў за запіс на падачу дакументаў (калі тэрмінова) або 400 рублёў (калі не тэрмінова).

Лайфхак: маніторце сайты візавых цэнтраў у аўторак раніцай — кажуць, менавіта ў гэты час "выкідваюць" слоты. Паспрабуйце запісацца раней, чым усе месцы забяруць пасярэднікі.

Аднаразовыя візы таксама выдаюць Балгарыя, Румынія і Харватыя, але ў вас на руках мусяць быць аплачаныя броні гатэляў і білетаў.

 

Калі вам патрэбны "мульцік" і вы гатовыя за яго біцца (або шмат заплаціць)

У большасці агенцтваў, у якія мы звярнуліся, нас папярэдзілі: калі ў вас ужо тры гады не было візы, любая краіна дасць толькі аднаразовую.

Калі візы былі, тады лепш ісці ў візавы цэнтр Іспаніі. Праблема толькі адна: у вас мусіць быць вялікая падушка бяспекі.

Сделать шенгенскую визу и не сойти с ума. Лайфхаки
Іспанія / unsplash

— Патрабаванні да дакументаў у іспанцаў стражэйшыя, чым у іншых консульстваў. Яны патрабуюць фінансавых гарантый: 113 еўра на дзень знаходжання. Калі няма дастаткова пераканаўчага абгрунтавання вашай заможнасці або калі вас западозраць у жаданні эміграваць, у візе могуць адмовіць. Дакументы прымаюць за 45 дзён да меркаванай паездкі.

Шчодрая на візы Італія. Калі ў вас ёсць хоць нейкая візавая гісторыя, італьянцы могуць адкрыць візу і на паўгода, і нават на два гады, кажа Анастасія.

А калі вы ўжо былі ў Італіі і можаце прыкласці доказы — усё роўна, заязджалі вы туды па італьянскай візе або любой іншай, — то можна разлічваць нават на пяцігадовы шэнген. Але менавіта таму, што гэта краіна добра і стабільна выдае візы, у візавы цэнтр цяпер складана трапіць, яны наогул не даюць слотаў.

Раней на ўваходзе ў візавы цэнтр Італіі можна было запісацца ў жывую чаргу "у сшытак". То-бок чалавек прыходзіў у візавы цэнтр да пэўнага часу, запісваўся ў гэты сшытак, яму дасылалі нумар, і калі падыходзіла яго чарга, запрашалі на падачу дакументаў. Але цяпер ужо і ў сшытак не прымаюць запісаў — ён  скончыўся.

Лайфхак. Лавіце абвесткі на сайце візавага цэнтра. Там часам пішуць, што прымаюць заяўкі на прэміум-падачу. Кагосьці запрашаюць адразу, а камусьці дасылаюць паведамленне — маўляў, вам прысвоены такі і такі нумар, чакайце сваёй чаргі. Потым вам патэлефануюць і запросяць падаць дакументы.

Альбо купіце тур у Італію. Турагенцтва прыносіць спісы патэнцыйных падарожнікаў, а потым консульства запрашае турыстаў на падачу дакументаў. Але, кажуць, ёсць сэнс пачакаць, і на сайце візавага цэнтра зноў пачнуць адкрывацца слоты.

А што з Францыяй? Усё складана.

— Яны проста рандомна выкідваюць даты на падачу дакументаў. І гэтыя даты за месяц могуць з'явіцца ўсяго адзін раз. Ніякай логікі ў гэтым няма, ніякай рэгулярнасці — таксама, незразумела, як людзі наогул туды запісваюцца. Але ўжо калі запісаліся, то візу вы, хутчэй за ўсё, атрымаеце. Вядома, калі ў вас усё нармальна з дакументамі і ёсць візавая гісторыя.

Еўрарадыё звярнулася да пасярэднікаў пад выглядам турыстаў. Нам паабяцалі адкрыць французскую, італьянскую або іспанскую візу мінімум за 1,4 тысячы рублёў.

 

Калі вам нетэрмінова (вельмі нетэрмінова)

Не шчодрая на візы для беларусаў і Германія. А калі вы захацелі нямецкую візу сёння, то атрымаеце яе праз год-паўтара.

Сделать шенгенскую визу и не сойти с ума. Лайфхаки
Германія / unsplash

— Іх сістэму ніяк не абысці. Ты пакідаеш заяўку на сайце праз спецыяльную форму, табе прысвойваецца нумар, прыходзіць "адбойка" на пошту — і ўсё, ты чакаеш паведамлення з запрашэннем. Ведаю, што цяпер апрацоўваюцца заяўкі, пададзеныя яшчэ зімой мінулага года, і дату для падачы дакументаў прызначаюць на канец гэтага года. Гэта нармальны варыянт для людзей, у якіх ужо ёсць віза і якія хочуць яе падоўжыць праз паўгода-год. Візы даюць і на год, і на два — то-бок добрая краіна, але даўжэзная падача, — расказвае Анастасія.

 

Самы просты спосаб (але схітраваць не выйдзе)

Едзьце ў тур у Венгрыю.

— Даты разыходзяцца хутка. Складанасць толькі ў тым, што венгры патрабуюць аплачаную бронь гатэля (усякія расійскія сайты кшталту "Астраўка" не падыходзяць — толькі "Букінг" або дамова з гатэлем наўпрост). А яшчэ Венгрыя можа маніторыць, ці не адмянілі вы бронь. І адмена можа стаць падставай ануляваць візу.

А яшчэ пасля засялення гатэль адпраўляе інфармацыю ў службы міграцыі, і консульства можа яе запатрабаваць. Калі да гатэля вы не даехалі, а выйшлі ў Польшчы, візу могуць скасаваць. Але для турыстаў з добрай візавай гісторыяй Венгрыя можа выдаць візу на два гады.

Калі вы не супраць з'ездзіць у Венгрыю, вам трэба ісці не да пасярэднікаў, а ў турагенцтва. Так рабіў шэнген Анатоль (імя змененае).

— У агенцтве афармляюць візы, калі ты купляеш у іх тур. Так я з'ездзіў у Венгрыю: наведаў Будапешт, паплюхаўся ў купальнях. Усё спадабалася, акрамя таго, што візу мне тады адкрылі аднаразовую. То-бок чыста пад тур.

Турагенцтва тут ні пры чым — так вырашыў консул. У агенцтве заўсёды папярэджваюць, што ад аднаразовай візы вы не застрахаваныя. Купальні класныя, але грошай было шкада, я спадзяваўся хаця б на гадавую.

Маім знаёмым, якія ездзілі ў такі ж тур, венгры адкрылі візы на 3 месяцы. Іншы таварыш атрымаў гадавую, але ён разлічваў на большае — у яго была куча шматразовых польскіх віз. Ёсць і тыя, каму венгры адкрываюць візу адразу надоўга, нават на тры гады.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі