Польшча знайшла, як перамагчы чэргі ў беларускія візавыя цэнтры. Гэта бяспечна?

Як запісацца на візу? / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Як запісацца на візу? / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Збянтэжанасць выклікала навіна пра тое, што візавыя цэнтры Польшчы будуць патрабаваць праходжання анлайн-верыфікацыі заяўнікаў на візы ў Міжбанкаўскай сістэме ідэнтыфікацыі. Толькі пасля гэтага можна будзе запісацца на падачу дакументаў.

Офіс Святланы Ціханоўскай прадставіў гэта як дасягненне ў барацьбе з пасярэднікамі, якія займаюць усе месцы ў візавых цэнтрах. Прапагандысцкія тэлеграм-каналы занепакоіліся: маўляў, як можна дапусціць, каб «варожыя польскія консульствы» атрымалі доступ да асабістых звестак беларусаў?

Але разам з імі занепакоіліся і беларусы. Сацсеткі абмяркоўваюць, ці можна быць гарантаванай бяспека заяўнікам на візы пры такой сістэме верыфікацыі.

Еўрарадыё паспрабавала высветліць, якія дадзеныя могуць атрымаць дзяржорганы, калі вы праходзіце праз верыфікацыю МСІ.

"Наша задача была ў тым, каб данесці праблему да польскага МЗС"

Міжбанкаўская сістэма ідэнтыфікацыі — гэта база дадзеных, якая захоўвае інфармацыю аб кліентах банкаў і дазваляе аўтэнтыфікаваць чалавека праз Інтэрнэт. Сістэма верыфікацыі праз МСІ пры запісе ў візавыя цэнтры запрацуе з 28 лістапада.

У офісе Святланы Ціханоўскай растлумачылі, што спосаб барацьбы з «пасярэднікамі» пры запісе на візу выбіралі не яны, а консульскі аддзел польскага МЗС, расказала Еўрарадыё юрыст офіса Святланы Ціханоўскай Крысціна Рыхтэр.

Польша нашла, как победить очереди в белорусские визовые центры. Это безопасно?
Крысціна Рыхтэр / фота з адкрытых крыніц

— Наша задача была ў тым, каб данесці да польскага боку і да іншых еўрапейскіх краін праблемы, з якімі сутыкаюцца беларусы ў Беларусі. І мы сваю задачу выканалі: мы данеслі да польскага МЗС, што запісацца на падачу на польскую візу ў Беларусі вельмі складана. Польскі бок выбраў такую сістэму ідэнтыфікацыі, гэта было не наша рашэнне.

Але, наколькі я разумею, у консульскага дэпартамента польскага МЗС ёсць абгрунтаванне, чаму яны выбралі менавіта такую сістэму. Яны хацелі, каб гэта была сістэма, якая на самай справе дапамагае ідэнтыфікаваць людзей і дае магчымасць аформіць толькі адзін запіс у візавы цэнтр для аднаго чалавека.

Больш за ўсё пераймаюцца беларусы, якія запісваюцца ў візавы цэнтр для афармлення гуманітарнай візы. Але як раз для іх мала што зменіцца.

— Для такіх тыпаў віз гэтая сістэма ідэнтыфікацыі працаваць не будзе. На гуманітарныя візы ўсё яшчэ трэба будзе падавацца наўпрост у консульскія аддзелы. На сайце VFS global указана, у якіх гарадах гэта можна зрабіць.

У цэлым жа сістэма МСІ не збірае дадзеныя аб тым, на які тып візы чалавек падаецца. Гэтая сістэма перадае выключна інфармацыю аб тым, што ў міжбанкаўскай сістэме на самай справе ёсць гэткі і гэткі чалавек з такімі і такімі дадзенымі. І ўсё.

Мне даволі складана гаварыць пра пытанні бяспекі. Я думаю, што праз тое, што запрацуе сістэма ідэнтыфікацыі, працэдура падачы на візу не стане менш бяспечнай. Але трэба разумець, што перад кожным консульскім аддзелам можна паставіць чалавека, які будзе пільнаваць, хто заходзіў у гэты аддзел і запрашаць на размову.

Так што з майго пункту гледжання, гэтая сістэма нічога не мяняе. Дзяржава ў любым выпадку на мяжы даведваецца, што ў вас ёсць падставы для выезду за мяжу. Пакуль што мы не чулі пра затрыманні толькі праз тое, што ў чалавека была працоўная польская віза, да прыкладу.

Пры польскім МУС у Офіса Ціханоўскай створана рабочая група, і ў гэтую працоўную групу ўваходзяць прадстаўнікі МЗС. Пытанне аб тым, як справіцца з чэргамі ў візавых цэнтрах, падымалі яшчэ вясной гэтага года.

Польша нашла, как победить очереди в белорусские визовые центры. Это безопасно?
З прычыны пасярэднікаў у візавыя цэнтры паўсталі велізарныя электронныя чэргі / pixabay

— Калі мы агучылі праблему, для польскага боку гэта была новая інфармацыя. Таму і цяпер нам вельмі важна атрымліваць зваротную сувязь ад беларусаў у тым ліку і пра тое, як будзе працаваць гэтая сістэма ідэнтыфікацыі. Таму што калі мы ведаем гэтую інфармацыю, нам прасцей перадаць яе польскаму боку.

Таму што і польскаму боку, і іншым краінам ЕС важна ведаць, з якімі праблемамі сутыкаюцца беларусы ў Беларусі.
 

Якія дадзеныя захоўваюцца ў сістэме МСІ?

Зарэгістравацца ў сістэме можна самастойна на сайце АРІП. Сістэма папросіць вас увесці асабісты нумар пашпарта і нумар тэлефона.

Калі любы трэці бок запытае вашыя дадзеныя, то зможа атрымаць іх толькі з вашай згоды. Можна націснуць "дазволіць" у дадатку мабільнага банкінгу, або паставіць подпіс на дакуменце ў банку.

Пры гэтым перадаць праз МСІ можна толькі тыя дадзеныя, якія кліент прадастаўляе пры асабістай рэгістрацыі ў банку і якія неабходныя для афармлення банкаўскіх прадуктаў. Гэта значыць, толькі пашпартныя дадзеныя і нумар тэлефона. Пры гэтым у асабістым кабінеце вы заўсёды можаце ўбачыць у спецыяльным журнале зваротаў, хто і калі запытваў вашыя дадзеныя ў МСІ.

Здаецца, гэта даволі бяспечная сістэма. Але як менавіта польскаму МЗС удалося дамовіцца з беларускім бокам пра тое, каб далучыць МСІ да верыфікацыі аплікантаў на візы? Мы адправілі запыт у польскі МЗС і апублікуем адказ, як толькі яго атрымаем.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі