Пуцін расказаў пра ўдар па Дняпры эксперыментальнай расійскай ракетай "Арэшнік"

Уладзімір Пуцін, ілюстрацыйнае фота

Уладзімір Пуцін, ілюстрацыйнае фота / cepa.org

Расія правяла выпрабаванне найноўшай балістычнай ракеты сярэдняй далёкасці "Арэшнік", ударыўшы па Дняпры. Пра гэта заявіў увечары 21 лістапада Уладзімір Пуцін у сваім відэазвароце.

"Выпрабаванні прайшлі паспяхова. Мэта пуску дасягнутая", — канстатаваў ён. Пуцін сказаў, што ўдар па аб'екце абаронна-прамысловага комплексу ў Дняпры быў нанесены балістычнай ракетай у бяз'ядзерным гіпергукавым абсталяванні.

Процідзеяння ракетам "Арэшнік", як заявіў Пуцін, на сёння няма, бо яны ляцяць "з хуткасцю 10 махаў, гэта 2,5-3 кіламетры за секунду. Сучасныя наяўныя ў свеце сродкі супрацьпаветранай абароны і ствараныя амерыканцамі сістэмы супрацьракетнай абароны ў Еўропе падобныя ракеты не перахопліваюць". Ён паабяцаў, што Расія будзе папярэджваць мірных жыхароў пра такія ракетныя атакі.

Выпрабаванне "Арэшніка" Пуцін назваў адказам на украінскія ракетныя атакі 19 і 21 лістапада. Тады УСУ атакавалі цэлі ў Бранскай і Курскай абласцях з выкарыстаннем амерыканскіх ракет ATACMS і франка-брытанскіх Storm Shadow (SCALP). Кіраўнік Расіі паведаміў, што ў выніку атакі па камандным пункце ў Курскай вобласці ёсць загінулыя і параненыя, а ад атакі ў Бранскай вобласці ніхто не пацярпеў.

Паведамленні пра расійскую атаку міжкантынентальнай балістычнай ракетай з'явіліся зранку ў чацвер. Украінскі бок паведамляў, што яна запушчаная па Дняпры з тэрыторыі Астраханскай вобласці РФ. Украінскія вайскоўцы сцвярджалі, што істотных наступстваў у выніку ракетнага ўдару не было. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі