“Пытанне добраахвотнікаў блакуецца сярод дэмсіл. Усім похер”: крык душы ветэрана
Аляксандр Клачко
Чаму стала магчымай выдача ў Беларусь затрыманага ў В’етнаме экс-байца палка Каліноўскага Васіля Верамейчыка? І што трэба зрабіць, каб гэта не паўтаралася?
На гэты конт у эфіры Еўрарадыё разважаў кіраўнік камісіі Каардынацыйнай рады па нацыянальнай і рэгіянальнай бяспецы Аляксандр Клачко.
— На трэцім годзе вайны беларускія ветэраны, добраахвотнікі і іх сем’і фактычна не патрэбныя беларускаму грамадству. Незразумелыя для беларускага грамадства, міжнароднай супольнасці. Хто мы, што мы — таксама гэтае пытанне застаецца незразумелым. Таму мы маем такія выпадкі і мы будзем мець іх — як адбылося з “Пацуком” (пазыўны Верамейчыка – Еўрарадыё), з Сашко, з “Тузом”, які кінуўся пад цягнік, з “Піражком”, сітуацыя, у якой апынуліся блізкія Савіча… калі не зробім працу над памылкамі, — кажа госць Еўрарадыё.
— Гэтае пытанне блакуецца ўнутры дэмакратычных сіл. Калі самі дэмакратычныя сілы, як офіс, як міжнародная камісія Каардынацыйнай рады, як народныя амбасады — могуць данесці міжнародным партнёрам гэту тэму, калі яны самі ёю не валодаюць? Я сам з гэтым сутыкнуўся. Тут, выбачаюся, усім похер, калі груба казаць, на гэтую тэму, — эмацыйна выказваецца Клачко.
— Што я чую ад дэмакратычных сіл і некаторых прадстаўнікоў беларускага грамадства? Я агучу гэтыя моманты, не называючы пакуль прозвішчаў.
“Пытанне ветэранаў — гэта не міжнароднае пытанне”. Гэтыя словы я чую ад даволі ўплывовых у Каардынацыйнай радзе людзей.
“Вас ніхто туды не адпраўляў, вы самі вырашылі туды ехаць”.
“Чаму Украіна вам не дапамагае?” У мяне пытанне сустрэчнае: чаму дэмсілы, чаму беларускае грамадства вам не дапамагае?
“Вы камбатанты, наёмнікі, так вас успрымаюць заходнія партнёры, яны не разумеюць слова “добраахвотнікі”, у іх няма такога разумення”. Дык тлумачце! Калі не можаце тлумачыць — дайце магчымасць, мы патлумачым. Не блакуйце нам гэтыя механізмы.
“Мы не ведаем, каму дапамагаць, гэта чужая вайна”.
І што ўчора я прачытаў у пасце Стрыжака: “Ваша жыццё і ваш лёс заўсёды ў вашых асабістых руках”. Я ўчора трошкі эмацыйна адрэагаваў на гэта, але скажу так: Стрыжак агучыў тое, што адбываецца ў кулуарах дэмакратычнай суполкі.
— Ну, малайцы беларускія спецслужбы, добра спрацавалі. Плюс, вялікі плюс ім у іх лукашысцкую карму. Вы робіце сваю працу —- окей, але паспрабуйце захаваць чалавечы твар падчас выканання сваёй працы. Тады люстрацыя, звычайныя працэсы. У іншым выпадку… Вы нам проста прозвішчы паведаміце і мы будзем ведаць, хто з вас самы смелы, калі прыйдзе час. Не хачу, каб гэта выглядала, як пустая пагроза, таму на гэтым спынімся.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.