У пошуках паразумення: беларуска-украінскія адносіны на тысячны дзень вайны

Удзельнікі першай панэлі

Удзельнікі першай панэлі / Ксенія Галубовіч / Free Belarus Centre

У мінулыя выходныя ў Кіеве адбыўся беларуска-украінскі “Форум Астрожскіх". Гэта мерапрыемства аб'ядноўвае экспертаў з Беларусі і Украіны для абмеркавання супольных праблем і перспектываў супрацоўніцтва. 

Форум прайшоў напярэдадні важнай даты — 1000-га дня вайны ва Украіне. 

Журналісты Еўрарадыё наведалі Кіеў, каб даведацца, якія настроі пануюць сярод беларусаў і ўкраінцаў і што прапануюць эксперты для наладжвання адносін паміж дзвюма краінамі. 

Слова-паразіт: стратэгія  

Форум пачаўся з палітычнай панэлі, у якой узялі ўдзел прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сіл, украінскія народныя дэпутаты і амбасадар Ігар Кізім.

У пошуках паразумення: беларуска-украінскія адносіны на тысячны дзень вайны
Удзельнікі дыскусіі

“Гэта датычна не толькі Беларусі. Украіна працягвае качаць нафту і газ з Расіі. На жаль, нашая нявызначанасць не дазваляе пазбягаць Лукашэнку. Гэта і наша праблема. Я кажу, што Украіна мусіла зрабіць, але ў мяне пытанне і да дэмсіл. Якая ў вас стратэгія? У чым мы можам дапамагчы?”

Слова “стратэгія” яшчэ часта будзе гучаць падчас форуму. Для ўкраінскага палітыка відавочным “мостам” паміж Украінай і Беларуссю з'яўляюцца беларускія добраахвотнікі.

“Але хочацца зразумець, што хочаце вы. Я не разумею, чаму тут не была Ціханоўская”, — выказаўся Ганчарэнка. Паводле яго, усё для гэтага гатова [для візіту Ціханоўскай. — Еўрарадыё]. 

На гэта адразу адрэагавала блогерка Таццяна Мартынава, якая нагадала, што візіт Ціханоўскай у Кіеў пакуль немагчымы з-за пазіцыі ўкраінскага МЗС. 

Прадстаўнік Кабінета Вадзім Кабанчук сказаў, што крокі павінны быць з двух бакоў. Паводле яго слоў, беларускія добраахвотнікі займаюць чацвёртае месца па ўзроўні даверу ва Украіне. Таму беларусам трэба працягваць развіваць свае сілавыя структуры. 

У пошуках паразумення: беларуска-украінскія адносіны на тысячны дзень вайны
Удзельнік форуму

А дзякуючы добраахвотнікам, валанцёрам, дактарам і выкладчыкам у беларусаў атрымліваецца падтрымліваць сувязь з украінцамі. 

“Мы прасунуліся за год. Украіна далучылася да санкцый, зменшыла дыпламатычную прысутнасць і прызначыла пасла для дэмсіл. Адбыўся "Люблінскі трохкутнік" (у фармаце відэазванка), але не развіўся. Яго трэба падтрымліваць як урадавай, так і грамадзянскай супольнасцю. 

Украіна далучылася да групы сяброў у АБСЕ. Гэта фармальная падтрымка”, — адзначыў Вячорка. 

У пошуках кропак сумеснай працы 

Удзельнікі першай панэлі пачалі вылучаць асноўныя тэзісы і кірункі, якія маглі б стаць часткай агульнай стратэгіі.

Ігар Кізім сярод важных пунктаў работы вылучыў план “Перамога” і ўкраінскую формулу міра (пагроза ядзернай зброі, якая можа знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі, а таксама вызваленне асуджаных у Беларусі ўкраінскіх грамадзян — іх не менш за 12, і каля 500 асуджаных беларусаў за падтрымку Украіны).  

Далей ідуць патрабаванні аб вывадзе расійскага войска з тэрыторыі Беларусі, трыбунал за вываз украінскіх дзяцей і цывільнага насельніцтва праз Беларусь.

У пошуках паразумення: беларуска-украінскія адносіны на тысячны дзень вайны
Кіеў

Таццяна Мартынава адзначыла, што трэба змяніць наратыў з “Лукашэнка ўратаваў Беларусь ад вайны” на “Украіна ўратавала Беларусь ад вайны, бо не страляла ў адказ па нашых тэрыторыях”. Таксама яна дадала, што важным крокам з боку ўкраінскага ўраду было прызнаць пратэрмінаваныя пашпарты беларусаў, якія стала жывуць ва Украіне. 

Украінскі эксперт Іван Ступак адзначыў, што важна стварыць ва Украіне добрыя ўмовы для працоўнай міграцыі з Беларусі, асабліва для тых, хто вызваліўся з турмаў. 

Прадстаўнік Палка Каліноўскага Дзмітры Шчыгельскі прапаноўваў абавязаць дэмсілы праводзіць зборы сродкаў для гэтага падзраздзялення.

Беларускі прадпрымальнік падкрэсліў неабходнасць стварэння ўмоў для вядзення бізнесу беларусамі. 

Палітолаг Ігар Тышкевіч прапанаваў зрабіць праходжанне мяжы прасцейшым, зазначыўшы, што трэба паказаць, што беларусам сапраўды рады. 

Дарэчы, гэтую праблему непасрэдна адчулі на сябе ўдзельнікі форуму, якія цэнтралізавана ехалі з Варшавы. Не тое, каб аўтобус з беларусамі, якія едуць наводзіць масты, выклікаў падазрэнне на ўкраінскай мяжы, але працэдуры ёсць працэдуры. Кожны мусіць прайсці праз два колы праверкі (бо ад розных ведамстваў), але такіх чалавек было 25!

У пошуках паразумення: беларуска-украінскія адносіны на тысячны дзень вайны
Каля Нацыянальнага ваенна-гістарычнага музея ў Кіеве

Паводле прэзентацыі, агульны стан украіна-беларускіх адносінаў сёння знаходзіцца на памежжы паміж кепскімі і найгоршымі. Але сёлета былі заўважныя пазітыўныя зрухі ў рыторыцы ўкраінскага боку датычна беларускіх дэмсілаў.

Але ў іерархіі першае месца ў палітычных адносінах з беларусамі займаюць добраахвотнікі і Bypol/Belpol.

Палітолаг Паўло Рудзь звярнуў увагу на статус-кво ў адносінах паміж дзвюма краінамі, адзначаючы, што гэта выгадна толькі ў кароткатэрміновай перспектыве. Каб стварыць умовы для трансфармацыі, неабходна наладзіць дыялог з дэмсіламі, аднак, паводле яго слоў, на дадзены момант такой магчымасці няма. Рудзь таксама падкрэсліў, што ва Украіне адсутнічае зацікаўленасць у Беларусі, што можа мець негатыўныя наступствы ў будучыні.

Апошняй тэмай дня стала прыцягненне беларускіх уладаў да адказнасці за прымусовае перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей. Спікеры гэтай панэлі адзначылі, што гэта адна з тых тэм, у якой можна назваць нашу супрацу паспяховай.

Другі дзень. Слова-паразіт: пляцоўка

Ранкам Кіеў прачнуўся ад выбухаў. “Кінжалы”, якія расіяне запусцілі па нас, былі збітыя ПВА. У навінах паведамілі, што той ноччу па Украіне было выпушчана 120 ракет. Праз некалькі гадзін мужчынскі голас са спецыяльнага прыкладання сказаў, што трывога скончылася. Можна было выйсці на вуліцу. 

Сонца заліло трывожныя вуліцы Кіева цёплым святлом. Кіёскі з кавай зноў працавалі, да іх ужо стаялі чэргі. Мы рушылі на форум. 

У пошуках паразумення: беларуска-украінскія адносіны на тысячны дзень вайны
Майдан Незалежнасці

Другі дзень не абяцаў шмат.

Склалася ўражанне, што форум не даў новых поглядаў на беларуска-украінскія адносіны, а толькі чарговы раз падсвяціў праблемы, якія не вырашаюцца ўжо тры гады. 

Гуманітарная місія Ігара Вітэнкі ўрачыста перадала палку Каліноўскага аўтамабіль хуткай дапамогі, тры "Старлінка" і тры скрыні хэндмэйд тушонкі на 30 кілаграм.

У пошуках паразумення: беларуска-украінскія адносіны на тысячны дзень вайны
Машына для добраахвотнікаў

Нечакана сапраўдны выбух адбыўся на панэлі, прысвечанай стварэнню агульных наратываў. 

Спачатку праз прапанову беларусам стварыць “смаленскі наратыў”, маўляў, і там, і ў Беларусі былі дрыгавічы, дык займіцеся адбіццём тэрыторыі. А потым пачалася інфабойка. 

Тут спікеры казалі пра неабходнасць ствараць пазітыўны кантэнт пра беларусаў у ўкраінскіх медыя. Адзначалася, што Беларусь часта выкарыстоўваецца для таго, каб “зліць агрэсію”. 

“Нягледзячы на тое, што мовы варожасці стала менш, яна дзе-недзе захоўваецца, і пераважна сярод блогераў і тэлеграм-каналаў”, — сказала беларуская журналістка Арына Коршунава.

У пошуках паразумення: беларуска-украінскія адносіны на тысячны дзень вайны
У кіеўскай кавярні

Тут жа ўсплыло іншае слова-паразіт: пляцоўка. Ці патрэбная адмысловая пляцоўка для супрацы беларускіх і ўкраінскіх СМІ? Так, адказаў адзін са спікераў, але гэта можа быць які заўгодна фармат, нават рассылка. 

Тут пачынаецца гарачае абмеркаванне. Некаторыя лічаць, што гэтым павінны заняцца беларускія СМІ, не чакаючы ўкраінскіх, маўляў, трэба прасоўваць тыя ж поспехі беларускіх добраахвотнікаў. Іншыя абвяргаюць гэта, кажучы, што СМІ мусяць быць СМІ, а не рэкламай для войска. І чаму ўкраінскія СМІ самі не могуць наладзіць з імі прамую сувязь?

Усё гэта зводзіцца да таго, што ПКК павінен клапаціцца пра сваю медыйную рэпрэзентацыю, але добраахвотнікі кажуць, што іх не чуюць.

Прэс-сакратар палка Каліноўскага паскардзіўся, што ўвага да падраздзялення з боку незалежных СМІ апошнім часам заўважна знізілася, і на каліноўцаў нібы ўсе забыліся. У абарону ПКК таксама выказаўся яго палітычны прадстаўнік Зміцер Шчыгельскі, адзначыўшы, што ў ваяроў няма часу здымаць тыктокі, і людзей на медыянапрамку не хапае. 

Рэна Маруцян з універсітэта імя Тараса Шаўчэнкі прыводзіць прыклад вядомай Трэцяй штурмавой брыгады, якая ўмее “і ў рэкламу, і ваяваць”.  

У пошуках паразумення: беларуска-украінскія адносіны на тысячны дзень вайны
Рэклама ў Кіеве

Варта адзначыць, што ў гэтай брыгады адна з найбуйнейшых медыякаманд сярод вайсковых падраздзяленняў УСУ.

Слова ўзяла Таццяна Мартынава, якая заявіла, што ўжо чатыры гады сама змагаецца на ўкраінскім медыяфронце з наратывам пра Лукашэнку, і, маўляў, трэба стварыць (гэтым разам не пляцоўку) “рабочую групу па міфадызайну”.

У зале былі журналісты, якія абурыліся словамі Мартынавай і адказалі, што насамрэч супраца паміж калегамі існуе, і даволі актыўна. Проста яе або не бачаць, або і не трэба ўсім бачыць.

Вынікі і будучыня

Беларуска-украінскі “Форум Астрожскіх” у чарговы раз падсвяціў болевыя кропкі, як у палітычных, так і штодзённых адносінах паміж беларусамі і ўкраінцамі. І, на жаль, не даў адказаў, як іх вырашыць, акрамя прапаноў пра неабходнасць “стратэгіі і пляцоўкі”.

У пошуках паразумення: беларуска-украінскія адносіны на тысячны дзень вайны
У ліфце адміністрацыйнага будынка

Наконт чаканняў у сувязі з пераабраннем Трампа на пасаду прэзідэнта ён таксама адказвае спакойна. “Нам трэба было паглядзець, каго ён прызначыць на тры ключавыя пасады. І пакуль дзве з іх — на нашым баку”. 

Увогуле са смол-токаў з мясцовымі часта вынікала, што замарозка будзе вялікай трагедыяй, а змагацца трэба да канца, нават калі і людзей будзе не хапаць. 

“У нас ужо было ўсё, акрамя ядзеркі і другога Чарнобыля (але і гэта пытанне часу)”, — упэўнены кіяўлянін.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі