Беларусцы, якая дапамагала ўкраінскім "ухілістам", вынеслі нечаканы прысуд
Украінскія вайскоўцы, ілюстрацыйнае фота
Ва Украіне асудзілі беларуску, якая дапамагала мясцовым жыхарам пазбягаць мабілізацыі ў войска. Жанчына, як паведамляе Радыё "Свабода", нарадзілася ў вёсцы Дубраўцы Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці і жыве на Валыні.
Яна стварыла тг-канал, праз які дапамагала "ўхілістам". Там паведамлялася пра час і месца прыезду прадстаўнікоў Тэрытарыяльнага цэнтра камплектавання і сацыяльнай падтрымкі (аналаг беларускіх ваенкаматаў) у населеных пунктах Камінь-Кашырскага раёну Валынскай вобласці, якія ўручалі позвы ў войска.
Украінскія праваахоўнікі ідэнтыфікавалі яе ў чэрвені 2024 года. За перашкоду законнай дзейнасці Узброеных сіл Украіны ёй пагражала да 8 гадоў пазбаўлення волі. Беларуска прыняла прапанову пайсці на дамову са следствам і прызнаць сваю віну. У выніку ёй прызначылі тры гады прабацыйнага нагляду цягам трох гадоў. Магчыма, на прысуд паўплывала і наяўнасць у жанчыны трох малалетніх дзяцей.
Прабацыйны нагляд прадугледжвае абмежаванне правоў і свабод асуджанага, якія пералічваюцца ў выраку. У гэтым канкрэтным выпадку суд абавязаў жанчыну перыядычна з'яўляцца для рэгістрацыі ў орган па пытаннях прабацыі, паведамляць пра змену месца пражывання, працы або навучання і не выязджаць за межы Украіны без узгаднення з органам прабацыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.