Дзяржбяспека Літвы павінна патлумачыць забарону на ўезд Верамейчыку — МУС
Васіль Верамейчык
Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі (ДДБ) Літвы павінен патлумачыць, на якой падставе ён рэкамендаваў не пускаць у Літву Васіля Верамейчыка — экс-каліноўца, якому цяпер пагражае турма ў Беларусі. Пра гэта заявіла міністр унутраных спраў Літвы Агне Білатайце.
"Гэта была пастанова Дэпартамента міграцыі, прынятая з улікам інфармацыі, пададзенай Дэпартаментам дзяржаўнай бяспекі", — перадае lrt.lt словы чыноўніцы. Яна падкрэсліла, што Дэпартамент міграцыі прымае рашэнні пра выдачу ці ануляванне віду на жыхарства на падставе звестак ад літоўскіх спецслужбаў.
Раней з'яўлялася інфармацыя, што рашэнне Літвы наконт Верамейчыка было звязанае з яго ранейшай службай у беларускім войску. Білатайце не змагла паведаміць, наколькі праўдзівыя гэтыя звесткі. "Можа быць, было больш інфармацыі, а можа быць, і не. Гэта іх кампетэнцыя, яны маглі б удакладніць і прывесці свае аргументы, тую інфармацыю, якую яны могуць даць публічна", — заявіла яна.
Пра затрыманне Васіля Верамейчыка публічна стала вядома 20 лістапада. Увечары ў той жа дзень яго паказалі па дзяржаўным тэлеканале АНТ. Верамейчыка затрымалі 13 лістапада ў сталіцы В'етнама — горадзе Хашымін. На наступны ж дзень яго дэпартавалі ў Беларусь на запыт КДБ. Прадстаўнік КДБ паведаміў, што Верамейчыка вінавацяць у тым, што ён служыў у шэрагах палка Каліноўскага, які рэжым Лукашэнкі прызнаў тэрарыстычным фармаваннем.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.