Аўстралія хоча забараніць сацсеткі дзецям да 16 гадоў — #ІхНоравы
Агляд міжнародных навін
Што абмяркоўваюць у свеце, акрамя палітыкі? Абсурднае і незразумела дарагое мастацтва, нестандартныя метады дзяржавы абараніць дзяцей ад дрэннага ўплыву сацсетак і прыродныя катаклізмы.
Пра гэта — чытайце ў нашым традыцыйным аглядзе сусветных навін.
У Нью-Ёрку банан прадалі за 6,2 млн долараў
Сенсацыя на аўкцыёне Sotheby's, дзе прадаюць творы мастацтва. Арт-аб’ект у выглядзе прылепленага скотчам да сцяны банана настолькі зацікавіў кітайскага крыптапрадпрымальніка, што ён выклаў за яго 6,2 млн долараў.
Ён можа сабе дазволіць з’есці набыты па касмічным кошце банан — кажа, гэта будзе для яго мастацкі досвед. У супермаркеце такі банан каштуе каля 35 цэнтаў.
Арт-аб’ект стварыў мастак з Італіі Маўрыцыа Катэлан. Упершыню ён паказаў яго яшчэ ў 2019 годзе, але з таго часу твор неаднаразова перажываў змены. Банан елі і замянялі яго на свежы.
Новы ўладальнік банана, Джасцін Сан, які стварыў блокчэйн Tron, у ЗША абвінавачваўся ў махлярстве. Што прывяло яго ў арт-сусвет, невядома, але ён заявіў, што прылеплены скотчам да сцяны банан — сапраўдны культурны феномен, які аб’ядноўвае свет мемаў, крыптавалют і мастацтва.
Што гэта азначае, відаць, разумее толькі сам бізнесмен.
Аўстралія плануе ўвесці закон, які забароніць непаўналетнім карыстацца сацсеткамі
Улады Аўстраліі разглядаюць законапраект аб забароне карыстання X, TikTok, Facebook і Instagram дзецьмі да 16 гадоў. Былі спрэчкі пра тое, якія платформы трэба абараняць ад доступу дзяцей, а таксама пра тое, з якога ўзросту карыстанне сацыяльнымі сеткамі можа быць шкодным (па меркаванні экспертаў).
Аўтары законапраекта кажуць, што закон накіраваны менавіта на сэрвісы, якія не надаюць досыць увагі кантэнту. Іх жа і плануецца штрафаваць: на суму да 32 млн долараў. Агаворкі, што дзеці зарэгістраваліся са згоды бацькоў і спажывалі кантэнт пад іх наглядам, прымацца не будуць.
Крытыкі законапраекта кажуць, што яго стваралі людзі, якія не раслі ў лічбавую эпоху і ўвогуле не разумеюць, як з ёй абыходзіцца. Забарона можа толькі падштурхнуць дзяцей у бок больш небяспечных платформ. Падлеткі кажуць, што сацсеткі даюць шмат магчымасцяў для развіцця і нават заробку.
У Ісландыі сёмы раз за год вывяргаецца вулкан
На поўдзень ад сталіцы Ісландыі горада Рэйк’явік аднавілася вывяржэнне вулкана. Таго самага, праз які праводзілася эвакуацыя маленькага горада Грындавік.
Гэтым разам лава зноў рухаецца ў бок Грындавіка. Мясцовыя СМІ пішуць, што яшчэ з мінулага эпізоду шмат мясцовых жыхароў выехала з горада — і пасля заканчэння перыяду эвакуацыі не вярнулася. Цяпер прамой пагрозы інфраструктуры няма, але эвакуацыю аб’явілі побач — у Блакітнай Лагуне.
Гэтае вывяржэнне ўжо сёмае за апошні год. Дагэтуль вулкан спаў прыкладна 800 гадоў. Праз яго актыўнасць горад Грындавік стаў малапрыдатным для жыцця.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.