Зорка "Адчайных хатніх гаспадынь" з'ехала з ЗША. Пераважна праз перамогу Трампа

Ева Лангорыя

Ева Лангорыя / Getty Images

Галівудская актрыса Ева Лангорыя расказала, што разам з сям'ёй з'ехала з ЗША і цяпер жыве паміж Мексікай і Іспаніяй. Выканаўца галоўнай ролі ў серыяле "Адчайныя хатнія гаспадыні" кажа, што больш за ўсё гэта звязанае з перамогай Дональда Трампа на выбарах.

"Калі ён стрымае свае абяцанні, гэта будзе жахлівае месца", — цытуе ВВС яе інтэрв'ю для часопіса Marie Claire.

Сярод іншых падстаў для пераезду — "змянілася" пасля пандэміі "атмасфера" ў краіне, а таксама высокія падаткі ў штаце Каліфорнія. Гаворачы пра пераезд, яна залічвае такую магчымасць да разраду прывілеяў.

"Большасці амерыканцаў не так пашанцавала. Яны загразнуць у гэтай антыўтапічнай краіне",  — кажа Лангорыя.

Лангорыя актыўна падтрымлівае Дэмакратычную партыю ЗША і працуе з кандыдатамі ад партыі на нацыянальным і мясцовым узроўнях як мінімум з 2012 года. Сёлета яна падтрымлівала Камалу Харыс.

Лангорыя — тэхаска ў дзевятым пакаленні, яна пераехала ў Каліфорнію ў 20 гадоў. У 2006 годзе атрымала намінацыю на "Залаты глобус" за галоўную ролю ў "Адчайных хатніх гаспадынях".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі