"Мы вас туды (не) пасылалі": як дапамагчы добраахвотнікам пасля вайны
Добраахвотнікі ў мірным жыцці
Часам "Ціхі" слаў дадому фотаздымкі "з нейтральным фонам". Яго сям'я думала, што гэты "нейтральны фон" — Варшава. Насамрэч большасць фота зробленая на поўдні Украіны. Беларускі добраахвотнік удзельнічаў у аперацыях, пра якія вы чыталі ў навінах, — у вызваленні Херсоншчыны, у летнім контрнаступе Украіны.
Але надоечы на яго фота сапраўды з'явілася Варшава. Пасля двух гадоў службы ён вырашыў вярнуцца ў мірнае жыццё, але не змог легалізавацца ва Украіне. Давялося з'ехаць у Польшчу.
Але калі ва ўкраінскага грамадства заканчвалася эмпатыя, у вайскоўцаў заставалася дзяржава з яе гарантыямі (хай нават часам дзіўнымі — закон аб ветэранах стары, і паводле яго ўдзельнікам баявых дзеянняў дагэтуль гарантаваныя... бясплатны стацыянарны тэлефон і радыёкропка).
Але ў беларускіх добраахвотнікаў няма дзяржавы, якая пра іх паклапоціцца. І калі грамадзянская супольнасць "адкаціць" эмпатыю, у іх не застанецца наогул нічога.
— Ветэран ахвяраваў часам, здароўем, кар'ерай, часам — нават сям'ёй. Што грамадства можа даць чалавеку, каб кампенсаваць гэтую ахвяру? — разважае Вольга Галчэнка. — Самым вострым запытам будзе дапамога з рэабілітацыяй. Першае, што будзе хваляваць ветэрана або ветэранку — аднаўленне здароўя. І фізічнага, і ментальнага. Не трэба быць дзяржавай, каб фінансава дапамагчы, даць магчымасць людзям хадзіць да псіхолага, да масажыста, да эргатэрапеўта (спецыяліст па аднаўленні навыкаў у людзей з інваліднасцю).
Яшчэ адзін важны запыт з боку ветэранаў — захаванне пэўнага цырыманіялу ў адносінах да загінулых таварышаў і дапамога іх сем'ям. Для іх важна пранесці памяць пра сваіх сяброў, важна, каб паважалі подзвіг загінулых.
Трэці запыт — дапамога з самарэалізацыяй удалечыні ад фронту. І гэта можа быць дапамога ў працаўладкаванні, у адкрыцці ўласнага бізнесу, у навучанні, у атрыманні новых навыкаў. Бо часта, калі людзі вяртаюцца, яны трапляюць у свет, які змяніўся, асабліва калі яны працавалі ў сферах, што дынамічна развіваюцца.
Напрыклад, калі чалавек быў айцішнікам, ён дазнаецца, што за два гады яго навыкі састарэлі, і трэба прайсці навучанне, пракачаць скілы, каб зноў быць канкурэнтаздольным на рынку працы. І добра, калі нехта дапаможа знайсці прыдатныя курсы і сродкі іх прайсці.
Добра, калі чакала сям'я — але чакаюць не ўсіх
"Але жыццё ж зусім іншае", — думаў нядаўна "Ціхі", калі сядзеў у кампаніі беларусаў і ўкраінцаў у Варшаве. Але якое — нікому з той кампаніі так і не расказаў. Пра тое, што ў спальніку на поўдні Украіны спаць было камфортней, чым на ложку ў Варшаве, таксама не расказаў.
Вайскоўцы не вельмі любяць прыязджаць нават у адпачынак ва ўмоўна мірныя гарады накшталт Кіева або Львова. Яны прывыкаюць да напружанага жыцця на баявых выездах і не заўсёды ведаюць, што рабіць, калі гэтага напружання больш няма, кажа неўролаг рэабілітацыйнага цэнтра "Ланка" Марына.
— Не варта распытваць чалавека ў падрабязнасцях, што з ім адбывалася. З часам, калі давер зробіцца мацнейшым, ён і сам раскажа вам пра гэтыя падзеі, каб іх пражыць.
Тым, каго ў мірным жыцці чакала сям'я, адаптавацца прасцей. Але сярод добраахвотнікаў ёсць тыя, хто з пачаткам вайны не змог захаваць сувязі з блізкімі. Ёсць тыя, чые блізкія жывуць у Беларусі. І ёсць сем'і, якія не ведаюць, што нейтральны фон на фота — гэта ўкраінскі Мікалаеў, а не Варшава.
— Вядома, пачуццё, што ты ў бяспецы, што цябе любяць, што цябе чакалі, вельмі дапамагае. Калі ваш блізкі вярнуўся з вайны, я б раіла ўключаць яго ў простыя побытавыя дзеянні. Напрыклад, у нас у "Ланцы" першы дзень у цэнтры даецца на адаптацыю, а потым прыбылых просяць падключацца да штодзённай руціны.
Дарэчы, яшчэ можна падарыць чалавеку хатнюю жывёлу — так, гэта адказны крок. Але простыя дзеянні — у цябе ёсць сабака, ты павінен з ім шпацыраваць, ты павінен яго дрэсіраваць — добра зазямляюць.
Ведаю, што многія вайскоўцы любяць сустракацца з пабрацімамі, з тымі, у каго ёсць падобны досвед. Не варта зацыклівацца на зносінах толькі ўнутры гэтага свайго мікрасоцыуму. Але добра, калі вы зможаце наладзіць рэгулярныя сустрэчы са зразумелым графікам. Тады яны зробяцца заспакаяльнай руцінай.
"Ад нас усё адхрышчваюцца: на рахунку нуль злотых"
Калі не ведаеш, куды пайсці, шукаеш сваіх. У Польшчы ёсць ветэранская арганізацыя — Асацыяцыя беларускіх добраахвотнікаў. Свае дапамагаюць сваім знайсці жыллё, дастаць адзенне, уладкавацца на працу. Гэта проста чат у месенджары.
— Надоечы наш пабрацім шукаў жыллё і працу ў ваколіцах Варшавы. Мы кінулі кліч сярод сяброў і дапамаглі хлопцу. Знайшлі, — расказвае прадстаўнік арганізацыі Павел Мар'еўскі. — Часам скідваемся, каб аплаціць чалавеку месяц у хостэле. Літаральна сёння проста перавёў таварышу грошай на карту, колькі змог. Калі патрэбная сур'ёзнейшая дапамога, звяртаемся ў BYSOL і адкрываем зборы на рэабілітацыю.
Нейкага цэнтра, дзе нас можна было б знайсці, куды пад'ехаць, у нас няма, бо і фінансавання ніякага няма. У сэнсе, зусім няма. Мы зарэгістравалі фонд у Польшчы для вырашэння праблем нашых людзей. Але на ім нуль злотых.
Данатаў — роўна нуль, і грантавую падтрымку таксама не ўдалося атрымаць — донарскія арганізацыі лічаць нас камбатантамі і не хочуць з намі супрацоўнічаць. У нас ёсць мара: знайсці фінансаванне, каб мець магчымасць аплаціць людзям хоць бы тыдзень-два ў хостэле. Але пакуль ад нас усё адхрышчваюцца.
Калі сам Павел летам 2022 года вярнуўся з Украіны, яго прытулілі сябры. Першы месяц палохалі гукі самалётаў і верталётаў, якія лётаюць над Варшавай.
— Шмат у каго тут выяўляецца ПТСР. Некага палохаюць трамваі, у некага пачынаюцца панічныя атакі, бо цішыня за акном і ніхто не страляе.
У цэлым, пошук псіхолага робіцца адной з самых вострых праблем. І мы ў першую чаргу дапамагаем знайсці псіхолага, і толькі потым — працу. На працу ты можаш пайсці заўтра, а без дапамогі псіхолага нарабіць спраў ты можаш тут і цяпер.
Праблема ў тым, што мінімальны кошт гадзіны працы з добрым псіхолагам у Варшаве — 70 еўра, кажа Павел. Ёсць псіхолагі, якія дапамагаюць беларускім ветэранам бясплатна. Часам хлопцы звяртаюцца ў арганізацыі, якія займаюцца дапамогай палітвязням, там дапамагаюць знайсці спецыяліста.
У рэабілітацыйным цэнтры "Ланка" таксама спрабавалі падшукваць псіхолагаў для вайскоўцаў сярод беларусаў, якія працавалі з ахвярамі рэпрэсій 2020 года. Але аказалася, што прапрацаваць ваенную траўму большасць з іх не можа.
— Пакуль супрацоўнічаем толькі з украінскімі псіхолагамі, у якіх ёсць досвед працы ў АТА. У іх ёсць напрацаваныя методыкі. Хлопцы і дзяўчаты кажуць, што праца з гэтымі спецыялістамі ім пасуе, што ім робіцца лепш у працэсе.
А вось ад дапамогі беларускіх псіхолагаў вайскоўцы часта адмаўляліся, усталяваць даверлівыя адносіны не выходзіла.
Калі нехта чытае гэты тэкст і думае, што яго кампетэнцыі пасуюць для працы з ваеннай траўмай — паведаміце пра гэта. Напішыце нам у "Ланку" або ў Асацыяцыю беларускіх добраахвотнікаў (кантакты абедзвюх арганізацый ёсць у рэдакцыі Еўрарадыё).
Больш за ўсё "Ціхаму" патрэбныя не грошы, а праца. Ён спадзяецца, што больш-менш зразумелы распарадак дня і цікавая праца дапамогуць яму сарыентавацца ў новым жыцці.
Асацыяцыя беларускіх добраахвотнікаў сочыць за развіццём беларускіх бізнесаў у Польшчы, акумулюе вакансіі. Але калі ў дзяржаве ў ветэрана былі б ільготы падчас прыёму на працу, то протадзяржава гэтага не гарантуе.
— Мы не афішуем, што прапануем працу хлопцам з баявым досведам. Я проста прашу беларускія бізнесы расказваць пра вакансіі, і хлопцы адгукаюцца на іх на агульных падставах, ніякага прыярытэту для нас няма. Нашы трапляюць туды інкогніта, — кажа Павел.
Часам добраахвотнікам удаецца трапіць у праграмы перападрыхтоўкі, але і ў такіх групах месцаў хапае не ўсім.
— А хоць у нечым у ветэранаў ёсць прыярытэт?
— Дзе, у Польшчы? — здзіўляецца Павел. — Адзінае, што нас адрознівае ад астатніх — больш пільная ўвага з боку польскіх уладаў. Ведаю, што працэс атрымання міжнароднай абароны ў палітвязняў можа ісці ўдвая хутчэй, чым у людзей з баявым досведам.
"Фронт-энд грамадства павінен быць гатовы да працы з ветэранамі"
Нядаўна дадому вярнуўся адзін са шведскіх добраахвотнікаў, які ваяваў ва Украіне. Адразу пасля прыезду ў Швецыю да яго звярнуліся некалькі арганізацый, якія прапануюць псіхалагічную дапамогу. Ад дапамогі ён адмовіўся.
— У мяне праўда няма праблем, — запэўнівае наш суразмоўца. Нават да ветэранскіх супольнасцяў, якія ствараюцца ў асноўным дзеля таго, каб вайскоўцы падтрымлівалі адно аднаго, ён не далучыўся — маўляў, падтрымкі і так хапае.
А калі гаворка не пра добраахвотнікаў, а пра кадравых — шведскіх вайскоўцы ўдзельнічаюць у замежных місіях (напрыклад, яны прысутнічалі ў Афганістане), — то дзяржава абавязваецца падтрымліваць іх на працягу дзесяці гадоў пасля вяртання дадому.
Цяпер у Польшчы — каля 10 беларускіх добраахвотнікаў, якім патрэбная дапамога. У асноўным — дапамога з працай, некалькім хлопцам — з аплатай дактароў. Так мала, што не трэба вялікай дзяржавы, каб ім дапамагчы. Данатаў ад тых, хто лайкаў пасты пра вызваленне Беларусі са зброяй у руках, было б цалкам дастаткова, каб забяспечыць гэтым людзям дапамогу на першы час.
Але ўсяго праз баявыя дзеянні ва Украіне прайшла як мінімум тысяча беларусаў, кажа Марына. У розны час ім можа спатрэбіцца дапамога дыяспар і грамадзянскай супольнасці.
А яшчэ грамадства павінна быць гатовае да таго, што людзі вяртаюцца з вайны з новымі рэакцыямі. І Вольга Галчэнка настойвае: гэта не ветэраны павінны думаць, як бы каго не пакрыўдзіць, як бы ўбудавацца ў стары, але ўжо малазразумелы свет. Гэта грамадства павінна разумець рэакцыі людзей, якія вярнуліся з вайны.
— Яны могуць заікацца, могуць губляць арыентацыю ў натоўпе, ім можа быць няпроста і некамфортна, калі вакол шмат гучных гукаў. Яны могуць востра рэагаваць на звычайныя для вас рэчы.
Фронт-энд грамадства — медыкі, юрысты, прадаўцы — павінны быць гатовыя да таго, што побач з імі будуць жыць ветэраны, і яны хутчэй за ўсё будуць сярод іх кліентаў. У ЗША ў паліцыі ёсць пэўныя пратаколы, як паводзіць сябе ў размове з ветэранам. Нельга, напрыклад, абыходзіць іх са спіны або акружаць іх, гэта можа выклікаць са зразумелых прычын агрэсіўную рэакцыю.
А яшчэ трэба быць гатовым да таго, што ў грамадстве будуць людзі з інваліднасцю, і ва Украіне дагэтуль ёсць праблема з успрыманнем гэтых людзей, дагэтуль могуць паказваць пальцам ці лезці з роспытамі.
Як трэба сябе паводзіць?
Ва Украіне была кампанія: убачыўшы вайскоўца, людзі прыкладалі руку да сэрца, такім чынам выказваючы сваю павагу. Я дагэтуль так і раблю: калі бачу ў натоўпе вайскоўца, чалавека, які відавочна ўдзельнічаў у баявых дзеяннях, я стараюся кіўнуць або ўсміхнуцца. Звычайна ветэраны не хочуць пільнай да сябе ўвагі. Прыняцця і разумення, адэкватнасці ў зносінах, павагі да іх досведу ўдзелу ў баявых дзеяннях для іх дастаткова.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.