Бацькоў гомельскіх школьнікаў палохаюць петардамі ад УСУ
Навагоднія агні
Настаўнікі Гомельшчыны праз бацькоўскія чаты запалохваюць бацькоў выбухоўкай з Украіны. Нібыта яе дастаўляюць перад навагоднімі святамі пад выглядам піратэхнікі.
Праваабаронцы "Гомельскай Вясны" атрымалі паведамленні з некалькіх адукацыйных установаў вобласці. Настаўнікі рассылаюць аднолькавы тэкст, напісаны па-руску:
"Сіламі спецыяльных службаў Украіны праз розныя крыніцы, па паветры, наземным і іншым шляхам ажыццяўляецца дастаўка па ўсёй тэрыторыі Расіі петард тыпу "Карсар-1000", "Карсар-10 000" і да т.п., якія маюць выбухованебяспечнае рэчыва і дэтануючае рэчыва імгненнага дзеяння. Г.зн. чалавек запальвае петарду і яна выбухае адразу (імгненна). Рэалізацыя будзе ажыццяўляцца на разнастайных рынках і кропках стыхійнага гандлю, аднак магчымая і праз крамы па падробленых дакументах".
Далей у тэксце рэкамендуецца не купляць і не ўжываць піратэхнічныя вырабы падчас святаў, а таксама просяць распаўсюдзіць гэты тэкст далей.
Жыхары аднаго з раёнаў Гомельшчыны расказалі: настаўніца прызналася, што напісала ў бацькоўскім чаце гэтае паведамленне па распараджэнні кіраўніцтва школы. А школьнай адміністрацыі адпаведнае даручэнне далі ў раённым аддзеле адукацыі.
Магчыма, гэткім чынам гомельскія чыноўнікі ад адукацыі спрабуюць зменшыць выкарыстанне піратэхнікі падчас навагодніх святаў. Але няясна, чаму ў тэксце вядзецца гаворка пра Расію і ідзе распальванне варожасці да Украіны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.