Ва ўкраінскі палон трапіў яшчэ адзін беларус, які ваяваў на баку Расіі
Беларус, які трапіў ва ўкраінскі палон
Ва ўкраінскі палон трапіў яшчэ адзін беларус, які ваяваў на баку Расіі (папярэдні выпадак быў у верасні). Відэа з ім апублікавала 77-я асобная аэрамабільная Наддняпранская брыгада Дэсантна-штурмавых войскаў Узброеных сіл Украіны. У адным з баёў яе байцы разам з сумежнымі падраздзяленнямі ўзялі ў палон 11 расійскіх вайскоўцаў. Падчас апытання палонных адзін з іх заявіў, што ён беларус.
На відэа мужчына кажа, што ён з Касцюковічаў Магілёўскай вобласці. Верагодна, быў на заробках у Расіі. Паводле слоў беларуса, сілавікі (паліцыянты) яго "прэсавалі", каб ён падпісаў "кантракт на вайну". Тры разы ён адмаўляўся.
"Потым я зноў напіўся і мяне прэсавалі, зноў узялі, — расказвае мужчына. — І я п'яны ўзяў і падпісаў. А потым, калі працверазеў, ужо позна было, я ўжо быў у Варонежы. Мяне туды завезлі п'янага".
"Наша ніва" мяркуе, што палонны — гэта 37-гадовы Артур Яфрэмаў. На відэа ён таксама заклікае не падпісваць кантракт з расійскім войскам. І дадае: "Нічога добрага там няма".
Дзе менавіта ваяваў беларус, не паведамляецца. Аднак згаданая ўкраінская брыгада яшчэ восенню вяла баі на Луганшчыне і Харкаўшчыне.
Значна больш беларусаў ваюе супраць расійскіх акупантаў у складзе Узброеных сіл Украіны. Многія з іх уваходзяць у склад Палка Каліноўскага альбо ў Беларускі добраахвотніцкі корпус.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.