"Для прыкрыцця крытычна важных аб'ектаў" у Беларусі стварылі "Сапсан"
Беларускі "Сапсан"
Дзяржваенпрам Беларусі заявіў пра стварэнне мабільнага комплексу процідзеяння малапамерным дронам, які атрымаў назву "Сапсан" (ва Украіне ёсць ракетны комплекс з такой назвай). Ён можа іх збіваць "на далёкасці не менш за 400 метраў". А выяўляць беспілотнікі можа на адлегласці не менш за тры тысячы метраў сродкамі радыёлакацыі і не менш за 1800 метраў сродкамі оптыка-электроннай разведкі.
Новая распрацоўка прызначана "для прыкрыцця крытычна важных аб'ектаў" ад беспілотнікаў. Іх пошук, выяўленне, суправаджэнне, радыёэлектроннае падаўленне і агнявое паражэнне комплекс здзяйсняе ў аўтаматызаваным рэжыме. "Сапсан" змантаваны на шасі павышанай праходнасці. Ён ужо прыняты на ўзбраенне ў беларускім войску.
Расійскія "шахеды" пачалі залятаць у Беларусь у ліпені 2024 года. У канцы жніўня ў Ельскім раёне на Гомельшчыне быў збіты першы расійскі ўдарны беспілотнік. У беларускім войску адпрацоўваюць збіццё дронаў нават са стралковай зброі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.