У Ваўчанску ўзялі ў палон беларуса, які ваяваў за Расію
Баец ГУР Мінабароны Украіны падчас "зачысткі" завода ў Ваўчанску
У Ваўчанску ў Харкаўскай вобласці Украіны беларускія добраахвотнікі з БДК і "Тэрора" ўзялі ў палон беларуса, які ваяваў за РФ. Надоечы яны ўдзельнічалі ў вызваленні агрэгатнага завода. Грамадзянін Беларусі разам з расіянамі прабыў там два дні і здаўся.
47-гадовы мужчына кажа, што ён ураджэнец Мастоў. У беларускім войску быў кіроўцам пажарнай машыны ў войсках супрацьпаветранай абароны. У канцы 1990-х — пачатку 2000-х працаваў у Польшчы, а пасля паехаў у Расію, займаўся будаўнічымі працамі. У Пецярбургу беларус бачыў "жыццёвыя перспектывы", спадзяваўся атрымаць расійскае грамадзянства. Але за п'яную бойку з паліцэйскімі яму пагражала крымінальная адказнасць. У паліцыі прапанавалі падпісаць кантракт і адправіцца на вайну ва Украіну, і ён пагадзіўся. Спасылаецца на тое, што верыў расійскай прапагандзе.
Уся падрыхтоўка такіх, як ён, на расійскім палігоне працягвалася тры дні. Камандзіры абяцалі, што іх групу перакінуць на ахову расійскай мяжы, але ашукалі — адразу адправілі на фронт, на перадавую. На агрэгатным заводзе ў Ваўчанску яны былі без харчавання і вады. "Камандаванне нас кінула туды і забылася. Я не разумеў, што рабіць, адусюль стралялі. Я цудам выжыў там", — кажа мужчына.
Калі з'явіліся байцы УСУ, расійскія вайскоўцы не супраціўляліся. У палоне іх накармілі, напаілі, аказалі меддапамогу. Цяпер грамадзянін Беларусі заклікае землякоў не ісці ваяваць у расійскую армію.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.