Самы вялікі даход сярод кандыдатаў мае Аляксандр Лукашэнка
Аляксандр Лукашэнка
Аляксандр Лукашэнка мае самы вялікі даход сярод кандыдатаў на будучых "выбарах". Дэкларацыі кандыдатаў пра іх даходы за 2023 год і маёмасць апублікаваў Цэнтрвыбаркам.
Даход Лукашэнкі за мінулы год склаў 203 590,16 рубля. Прычым гэта — толькі заработная плата. Падчас кампаніі 2020 года Лукашэнка паведамляў, што яго даход складае 117 тысяч рублёў — амаль удвая менш. Маёмасці ў яго, калі верыць дэкларацыі, няма ніякай.
Даход яго жонкі Галіны склаў 9207,23 рубля — гэта пенсія і даходы ад акцый. Яна мае ва ўласнасці жылы дом плошчай 196 кв. м у Шклове, палову долі ў праве ўласнасці на дом плошчай 54 кв. м у вёсцы Вялікі Мяжнік у Шклоўскім раёне, замельны ўчастак плошчай 0,1498 га ў Шклове і 56 акцый ААТ "Шклоўскі масларобны завод".
Алег Гайдукевіч задэклараваў даход у 157 707,92 рубля. У гэтую суму ўвайшлі заробак, прафсаюзныя выплаты, выплаты па дамове аб аказанні паслуг, ўзнагароджанне па дамове і даход ад продажу аўтамабіля. Маёмасць Гайдукевіча складаюць кватэра плошчай 60,1 кв. м у Мінску, аўтамабіль Dodge Challenger 2019 года, матацыкл Honda ВТ750 C2B 2009 года і матацыкл "Мінск" 3.129 2022 года выпуску.
Гадавы даход Сяргея Сыранкова склаў 157 637,85 рубля. Ён складаецца з заработнай платы, прафсаюзных выплатаў, грошай ад продажу аўтамабіля. Кандыдат мае дом плошчай 96,5 кв. м у Краснаполлі і аўтамабіль Peugeot 5008, выпушчаны ў 2018 годзе. Даход яго жонкі Алесі склаў 14 831,46 рубля — гэта заробак, матдапамога і грошы ад продажу асабістых рэчаў.
Даходы Аляксандра Хіжняка складаюць 121 255,82 рубля — у іх увайшлі заробак, прафсаюзныя выплаты, выплаты да падзяк і грамат, а таксама дывідэнды. Хіжняк валодае кватэрай плошчай 76,5 кв.м, аўтамабілямі Toyota Camry 2008 года і Lexus LS600 2007 года, а таксама 37 простымі акцыямі ААТ "Аўтаспецтранс". Даход яго жонкі Алены складаецца толькі з заробку — 14 179,27 рубля. Сын Мікіта летась атрымаў 16 857, 48 рубля — гэта заработная плата і грашовае забеспячэнне. Другі сын Уладзіслаў даходаў не меў. Маёмасці сваякі Аляксандра Хіжняка не маюць.
Найменшы гадавы даход з кандыдатаў паказала ў дэкларацыі Ганна Канапацкая — 93 978,31 рубля. Ён саладаецца з заробку, даходу ад прадпрымальніцкай дзейнасці, даходу ад дзейнасці, якая абкладаецца падаткам на прафдаход, і дывідэндаў. Калі Канапацкая вылучалася кандыдаткай у 2020 годзе, яна паказвала даход у 45 741 рубель. Гэтым разам яна таксама задэкларавала кватэру плошчай 88,4 кв. м у Мінску і палову адміністрацыйнага памяшкання плошчай 47,7 кв. м у сталіцы. Канедыдатка мае ва ўласнасці аўтамабіль Range Rover 2017 года выпуску, 91 акцыю ААТ "Пухавіцкі КХП", а таксама долю ў 90% у ТАА "Кінс-Агра".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.