Пашкоджаны электракабель у Балтыйскім моры паміж Эстоніяй і Фінляндыяй
Балтыйскае мора
Пашкоджаны электракабель Estlink 2 у Балтыйскім моры паміж Эстоніяй і Фінляндыяй. Дыверсія і "рускі след" не выключаюцца.
Як піша hromadske.ua, кабель Estlink 2 магутнасцю 658 МВт аварыйна адключыўся 25 снежня. Паміж Эстоніяй і Фінляндыяй працягвае працаваць іншая лінія — Estlink 1. Яе прапускная здольнасць меншая, яна складае толькі 358 МВт. Улады Фінляндыі заявілі, што згаданая сітуацыя не паўплывае на электразабеспячэнне краіны.
Агульная даўжыня Estlink 2 складае каля 170 кіламетраў, з якіх прыкладна 145 кіламетраў пракладзена на дне Балтыйскага мора.
На момант, калі адбылося адключэнне, паблізу кабеля знаходзіліся два судны: кантэйнеравоз пад сцягам Ганконга і танкер, зарэгістраваны пад сцягам астравоў Кука (ён адправіўся з Санкт-Пецярбурга ў Егіпет і ўваходзіць у "ценявы флот Расіі"). Адзначаецца, што танкер відавочна зніжаў хуткасць.
Гэта не першае здарэнне ў гэтым годзе, калі ў Балтыйскім моры наносяцца пашкоджанні кабелям. Папярэдні выпадак адбыўся ў лістападзе з падводным кабелем тэлекамунікацый, які злучае Фінляндыю і Германію. У пашкоджанні кабеля падазравалі кітайскі сухагруз Yi Peng 3, які ішоў з расійскага порта Усць-Луга.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.