"На вайне было прасцей": добраахвотнік вярнуўся з Украіны і патрабуе дапамогі

Наш суразмоўца ў Варшаве цяпер зарабляе на Uber

Наш суразмоўца ў Варшаве цяпер зарабляе на Uber / @rubanau_collage

Калі сёння вы выклічаце Uber у Варшаве, на заказ можа прыехаць"Ціхі".

Ён удзельнічаў у баявых аперацыях, пра якія вы чыталі ў навінах: у вызваленні Херсоншчыны, у летнім контрнаступленні Украіны.

— А вам хацелася б, каб хоць нехта з пасажыраў ведаў, хто вы? Спытаў пра вайну?

— Не.

На вайне было прасцей. Ва Украіну "Ціхі" паехаў добраахвотна. У Польшчу прыехаў, бо давялося. На вайне хацелася паспаць і ў душ. Цяпер душ можна прымаць хоць кожную гадзіну — толькі нічога не хочацца.

Калі пра беларусаў заходзіла гаворка як пра суагрэсараў, беларусы часта апелявалі да добраахвотнікаў. Маўляў, нашы хлопцы ваююць разам з украінцамі. Што ж, цяпер беларускім добраахвотнікам, якія вяртаюцца з Украіны, патрэбная ваша дапамога.

Тут для "Ціхага" адкрыты персанальны збор (бяспечна заданаціць могуць тыя, хто знаходзіцца не ў Беларусі). А яшчэ вы можаце дапамагчы яму, прапанаваўшы працу. Кантакты добраахвотніка ёсць у рэдакцыі, напішыце нам.

 

“Малайцы, хлопцы, Кіеў у тым баку”

“Ціхі” — не сапраўдны пазыўны. Свайго імені наш суразмоўца таксама не называе — прапануе выбраць для яго псеўданім. Любы. "Канстанцін?” — “Выдатна”.

Ягоныя сваякі ў Беларусі дагэтуль не ведаюць, дзе Канстанцін прабыў апошнія два гады. Думаюць, што проста з'ехаў у Польшчу. У падтрыманне гэтай легенды ён усе два гады рабіў фота на нейтральным фоне — нібыта і праўда ў Польшчы, а не на поўдні Украіны.

— Вайна мяне заспела ў Беларусі. Я ехаў на працу. Кампанія, з якой я супрацоўнічаў, была звязаная з расійскім рынкам. Прыехаў на працу, пачытаў навіны — і ў той жа дзень звольніўся. Некалькі дзён прыходзіў у сябе. А потым за апошнія грошы зрабіў візу ў Польшчу (тады складана было запісацца на падачу ў візавы цэнтр) — і паехаў.

Я не ведаў, куды і навошта еду, ехаў з думкай, што хачу быць карысны хоць нечым. Хачу дапамагаць украінцам — хоць у чымсьці. Завалы разбіраць, што заўгодна... Чытаеш навіны, а там — танкі едуць з Беларусі, ракеты ляцяць з Беларусі. Я адчуваў на сабе груз адказнасці.

“На войне было проще”: доброволец вернулся из Украины. Ему нужна ваша помощь
"Спаць на пазіцыі ў спальніку было камфортней, чым у варшаўскім ложку" / Ілюстрацыя Улада Рубанава, Еўрарадыё

Страшнымі гісторыямі пра вайну "Ціхі" не дзеліцца. Яго не "шакаваў" першы дзень на вайне, не "ўразілі" ўсе наступныя.

— У мяне быў вялікі і даволі цяжкі жыццёвы досвед. У мяне імунітэт да смерці, яна не выклікае ў мяне эмоцый. Я стаўлюся да яе стрымана. Я неаднаразова бываў у стрэсавых сітуацыях і ведаю, што трэба рабіць, калі адбываецца нейкі кіпіш. Не паддавацца эмоцыям і заставацца стрыманым. Гэта я ўмеў яшчэ да вайны.

Першы дзень? Я сабе ўяўляў яго менавіта такім, якім ён быў. Памятаю, калі мы ехалі на першы баявы выезд, у некаторых маладых хлопцаў быў страх у вачах — ад неразумення. А я разумеў, што мы едзем пакуль толькі на пункт збору. Увогуле, я да ўсяго быў маральна гатовы.

Але не да мірнага жыцця ў Польшчы.

 

“Ва Украіну я ехаў добраахвотна, а ў Польшчу — вымушана”

Калектыў — супер, краіна — цудоўная, людзі — выдатныя, пералічвае Канстанцін. Гэта ўсё — пра вайну.

— Едзеш на заданне, увесь час з таварышамі. Свая атмасфера. Спецыфічная, але нібыта бесклапотнае жыццё. Успамінаюцца цёплыя моманты.

Я і цяпер падтрымліваю сувязь з хлопцамі, але гэта ўсё цяжэй. Памятаю, як ад нас сыходзілі іншыя байцы — звальняліся, з'язджалі ў Польшчу. І мне было цяжка з імі размаўляць. Яны пыталі, як я маюся, а я не мог растлумачыць, што насамрэч адбываецца. Напэўна, цяпер мае таварышы, якія засталіся ва Украіне, гэтак жа рэагуюць на мае спробы падтрымліваць сувязь. Перакінемся двума-трыма словамі. Ды я і не лезу з роспытамі.

“На войне было проще”: доброволец вернулся из Украины. Ему нужна ваша помощь
"Першы час усё здавалася чужым. У людзей бытавыя клопаты, бытавыя праблемы..." /Ілюстрацыя Улада Рубанава, Еўрарадыё

Ці распытвалі мяне людзі ў Польшчы пра вайну? Ды не, напэўна. Вайна — гэта дрэнна, вось і ўсё, што я магу пра яе расказаць.

 

“Вялікі дзякуй, ды і ўсё”

За два гады вайны страх "Ціхі" адчуў толькі раз. Задача была не самай небяспечнай з тых, на якіх ён бываў, але мозг адрэагаваў страхам. У Польшчы ён не адчувае страху — але пастаянны мандраж носіць з сабой кожны дзень. "Як спытаць? Як правільна скласці сказ на польскай? І наогул — што я тут раблю?”

Канстанцін амаль нідзе не расказвае пра тое, адкуль прыехаў. Кажа, не хоча "эксплуатаваць гэтую тэму". А калі — вельмі рэдка — расказвае, чуе ў адказ: "Вялікі дзякуй". І ўсё.

— Я не лічу, што раз я ваяваў, то мне ўсе павінныя. Ведаю, што ў кожнага свае праблемы, свае клопаты, што людзям не да мяне. Ды я і не прашу нічога — грошай мне не трэба, але было б цудоўна, калі б мне маглі дапамагчы парадай, дапамагчы з працай, з вучобай. Проста паказаць кірунак, у якім зрабіць першы крок. Але я гэтага не чакаю, мне ніхто нічым не абавязаны.

Ён паспрабаваў прасіць дапамогі з пошукам працы ў беларускіх чатах — ніхто не адгукнуўся. А Канстанцін — "Ціхі". Больш па дапамогу да дыяспары ён не звяртаўся.

“На войне было проще”: доброволец вернулся из Украины. Ему нужна ваша помощь
Ва Украіне побач заўсёды былі пабрацімы, а ў Варшаве — толькі дэпрэсія і ПТСР / Ілюстрацыя Улада Рубанава, Еўрарадыё

BySol абвясціў збор грошай, якія маглі б дапамагчы добраахвотніку адаптавацца ў новай краіне. Грошы, якія ён зарабляе ў таксі, ідуць на аплату жылля, прадуктаў і медыкаментаў. З вайны добраахвотнік вярнуўся з ПТСР і дэпрэсіяй. Грошы, якія ён зарабляў ва УСУ, у асноўным ішлі на куплю абмундзіравання.

— Многія, напэўна, думаюць, што ў добраахвотнікаў ва Украіне залатыя горы. Залатых гор няма, звычайныя ваенныя ўмовы.

У Беларусі Канстанцін быў менеджарам. Адзінае, пра што ў нашым інтэрв'ю ён кажа без сарамлівасці, — ён быў менеджарам высокага ўзроўню. Але каб працаваць па прафесіі ў Польшчы, трэба вывучыць мову. Пры ўжондзе (мясцовая раённая адміністрацыя) ёсць бясплатныя курсы польскай, але яны ўсё ніяк не пачнуцца. Канстанцін кожны дзень правярае — можа, сёння?

Ён адпраўляў заяўку ў "Вольны ўніверсітэт", каб прайсці курс MBA (магістр дзелавога адміністравання), але месца для яго не знайшлося.

— Пакуль у маім жыцці тут няма ні мэты, ні сэнсу. Проста чакаю, калі скончацца пяць месяцаў, пасля якіх мне дадуць дакумент, з якім я змагу легальна працаваць у Польшчы, змагу паўнавартасна жыць. А пакуль... Паўнавартасным жыццём я не жыву. Рэжым чакання.

 

Пры падтрымцы Медыясеткі

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі