"Высадзіла ландышы. Цяпер там акоп". Гісторыі уцекачоў на мяжы
Пункт пропуску на польска-ўкраінскай мяжы — самая бяспечная адлегласць, з якой можна ўбачыць вайну / Еўрарадыё
Дабрацца з цэнтра Варшавы да пункта пропуску Грэбенне на польска-ўкраінскай мяжы лёгка. Вас пагодзіцца ўзяць з сабой адзін з многіх украінцаў, якія едуць туды сустракаць сям'ю, сяброў, былых суседзяў. Наш спадарожнік ехаў забіраць з мяжы жонку і трохмесячнае дзіця.
У нас дарога да пункта пропуску заняла чатыры гадзіны. У яго сям'і з супрацьлеглага боку мяжы — некалькі дзён.
Дабрацца ад Грэбення да Варшавы наступнай раніцай будзе складаней. І ў якую б машыну вы ні селі, будзеце адчуваць віну: ваша месца ў таксі магла заняць уцякачка з Крывога Рога ці двое яе дачок.
Выбірацца з перапоўненых пунктаў пропуску павінны ўкраінцы. Увесь астатні свет павінен прабівацца туды — гэта самая бяспечная адлегласць, з якой можна ўбачыць вайну.
"Такое печыва даваў мне тата"
Пад'язджаем да мяжы. Холадна становіцца, як толькі выходзіш з машыны. Грэбенне — невялікая вёсачка ля пункта пропуску. Першая думка — грэцца тут не будзе дзе. У вёсцы толькі адна "Бядронка" і адзін перапоўнены матэль проста ля мяжы. Але пры матэлі выявіўся бар, у ім можна ўзяць гарачую каву.
Саміх уцекачоў у бары амаль няма — толькі сустракальнікі. Тыя, хто пешшу ідзе праз мяжу, заходзяць сюды, толькі каб даведацца, што найбліжэйшы банк, які прымае грыўні, знаходзіцца ў Варшаве. І што курс ім не спадабаецца.
Побач з матэлем — дзясяткі намётаў, у якіх уцекачам прапануюць зарадзіць тэлефоны, перакусіць, узяць са скрынак з гуманітаркай пледы, цёплую вопратку, таблеткі, цацкі для дзяцей.
— Як каля Акрэсціна ў 20-м, так?
— Трошкі.
Настроі валанцёраў у нейкім сэнсе таксама як у беларусаў у 20-м.
— Я ніколі так не ганарыўся за людзей, якія мяне атачаюць. Такая салідарнасць. Не чакаў, што мы так сябе праявім, — кажа паляк Томэк. У яго ёсць машына, ён дапамагае людзям дабрацца ад мяжы да буйных гарадоў.
Шаснаццацігадоваму валанцёру Сташэку тэлефануюць бацькі — пытаюцца, ці ўсё ў яго добра, ці накормлены ён, ці не замерз.
— А я думаю, што турбавацца цяпер трэба не пра мяне. Не забуду маленькую ўкраінскую дзяўчынку, якой я даў печыва. Яна сказала, што такое печыва даваў ёй тата. Было цяжка гэта чуць.
Цяжка — таму што на польскі бок пераходзяць толькі жанчыны, дзеці і пажылыя людзі. Бацькі, мужы — амаль усе яны застаюцца ва Украіне.
"Я не ведаю ўкраінскай, але я магу варыць суп"
Тут ёсць некалькі вялікіх намётаў, у якіх працуюць цеплавыя гарматы. Побач з адной з іх два тыпы калясак — дзіцячыя і інвалідныя — састаўленыя ў два шэрагі. Тут, у цяпле, жанчыны кормяць грудных дзяцей. Хтосьці вячэрае, хтосьці дрэмле, хтосьці корміць ката.
Два валанцёры-французы Віктор і Марці чысцяць сасіскі. Дзве сасіскі аддаюць украінскім хлопчыкам гадоў пяці, якія круцяцца побач. Астатнія крышаць у вялікі рондаль з супам — традыцыйным польскім журэкам.
— Тады, 24 лютага, я прачнуўся, уключыў тэлефон і ўбачыў, што вайна пачалася. Мяне гэта ўразіла. Праз тры ці чатыры дні пасля пачатку вайны я прыехаў сюды, на мяжу. Я не магу заставацца безудзельным, не магу рабіць рэчы, якія заўсёды рабіў.
Я не часта гавару з самімі ўкраінцамі. Я ведаю толькі французскую і трохі размаўляю па-англійску, мяне не ўсе разумеюць. Але я раблю, што магу, — я вару суп. Вось, паглядзіце.
Віктор здымае накрыўку велізарнага рондаля — побач з гарачым супам зноў успамінаеш пра холад. Але не паспяваеш паскардзіцца — побач прытарможвае валанцёрская машына. З яе выходзяць маладая жанчына і дзіця. У іх на руках — чатыры пераноскі з катамі. У машыне застаецца пажылая жанчына — яе перасаджваюць на каталку.
Пачуццё віны выцясняе адчуванне холаду.
"Адпраўлю маму да сястры — і назад у Кіеў"
— Я з Кіева прыехала, прывезла маму, пляменніка і чатырох катоў. Я журналістка, працавала ў культуры, але з першых дзён вайны — у навінах, — расказвае Юлія.
Яе маме, Ганне Іванаўне, было пяць гадоў, калі пачалася Вялікая Айчынная. Цяпер ёй 86, яна амаль не ходзіць. Кожныя паўгадзіны над яе горадам лётаюць снарады.
— Мама родам з пасёлка Седнеў Чарнігаўскай вобласці. Цяпер Седнеў акупаваны рашыстамі. Калі ўсё пачалося, мама ўспамінала вайну. Успомніла, як у дзяцінстве ў часе бамбавання ў Жытоміры выбухнула шкло і яе параніла. Прыгадала, як з мамай ішла пешшу з Жытоміра ў Седнеў.
Да пачатку новай вайны Юля і яе мама жылі каля кіеўскай тэлевышкі. Юля не збіралася з'язджаць з горада, але калі ракета праляцела над самым яе домам, стала занадта страшна. Не за сябе — за маму.
— У Кіеве цяпер кожныя паўгадзіны лётаюць снарады. Іх збіваюць, але толкам зразумець, гэта прыляцеў снарад ці гэта яго збіла СПА, вельмі складана. Я б не паехала, калі б не гэтыя выбухі. Мама нехадзячая, і мы не маглі спусціцца ў бамбасховішча. Так што мама ўвесь час спала ў калідоры, а я хавалася ў прыбіральні.
У намёце цёпла, тут ёсць усё, што трэба: і ежа, і дзіцячае харчаванне, і нават корм для катоў. Макс, Марыяка, Кашмарка і Базыль — яны цяпер таксама ў бяспецы.
Самой Юлі бяспека не патрэбная. Яна адправіць маму да сястры ў Ізраіль — і вернецца назад у Кіеў.
— Я б хацела займацца валанцёрствам, прыносіць карысць, але не магла гэтага рабіць, пакуль мама дома. Калі б са мной нешта здарылася, ніхто не прыйшоў бы і не выратаваў яе, ні ў кога ключоў няма.
"Буду стаяць тут, пакуль яны не прыедуць"
Уздоўж дарогі гараць вогнішчы, людзі групкамі стаяць вакол іх. Большасць з іх — украінцы, якія чакаюць сваіх блізкіх.
— Дачка з унучкай едзе з Днепрапятроўска. У нас там пакуль нічога страшнага. Толькі сірэны гэтыя выюць. У крамах няма прадуктаў. Дачка збіралася пераехаць сюды да мяне, на самалёце прыляцець. Праз два тыдні павінна была прыехаць. Я ёй казала: прыязджай хутчэй. Яна адказвала: ды мама, што ты пачынаеш, нічога не будзе.
Думаць пра гэта не магу, пра тое, як яны цяпер дабіраюцца. На гэтым цягніку дурным. Цягнік зламаўся, да Львова не давёз. На нейкім таксі давезлі, выгрузілі іх пад мяжой. Там і стаіць з маленькім дзіцем. Два гады. Унучка ў істэрыцы. А яшчэ мяжы не відаць. Яны з раніцы там стаяць. Я ўжо не магу, я ўжо не ведаю, што рабіць.
— Даўно тут стаіце?
— З абеду. Мяне дзяўчаты з працы на машыне давезлі — я працую ў школе. Прывезлі дзяўчаты.
— Тут за паваротам — кавярня. Можа, пойдзеце пагрэцца?
— Не, я буду стаяць тут, пакуль яны не прыедуць.
"Не хацелі з'язджаць. Шкада — вось так дом пакінуць"
Вяртаемся ў бар пры матэлі. Тут бабуля якраз дачакалася ўнучак: яна праседзела ў гэтым бары з самай раніцы. Цяпер яна расказвае дзяўчаткам, як ім спадабаецца хадзіць у польскую школу.
Сцямнела, а людзей на мяжы менш не стала. Наступіць ноч, а людзей на мяжы менш не стане.
Калі ў бар уваходзяць новенькія, людзі за столікамі ажыўляюцца. Ніхто не пытаецца адно ў аднаго, адкуль прыехалі ці каго чакаюць, калі гэта не робяць журналісты. Але калі пытанне зададзенае, адказ слухаюць усё.
— Мы з-пад Кіева. Паўночны кірунак. Трое сутак у дарозе, — кажа немаладая жанчына.
Усе ўздыхаюць — усе ўсё разумеюць.
— Вы ўсе гэтыя дні не маглі выехаць?
— Не хацелі. Таму што шкада — вось так дом пакінуць. У мяне ў доме маленькі сабачка, бяздомная котка і бяздомны сабака. Дык я котку аддала дзецям. Дзеці не паехалі. А за сабакам папрасіла суседзяў пагледзець.
А кветкі? Нядаўна высадзіла ландышы за плотам уздоўж дарогі. Мне ўсе казалі: навошта ты гэта робіш? Хто ўздоўж дарогі саджае? А цяпер на месцы маіх ландышаў выкапалі ўмацаванне. Проста ў мяне перад домам.
"Сустракаю каго заўгодна. Мае — у Харкаве"
Сустракальнікі стаяць уздоўж дарогі, каб не прапусціць, калі іх блізкія пяройдуць праз мяжу.
— Вы сваякоў сустракаеце?
— Не, мае сваякі ў Харкаве. Сустракаю каго заўгодна — каму патрэбная дапамога.
Кіроўцы-валанцёры павінны зарэгістравацца ў паліцыі. На століках у бары — памятка: што рабіць, каб не стаць ахвярай гандлю людзьмі.
— У Вроцлаў! Два чалавекі! Нікому не трэба паехаць?
Па гэты бок мяжы ніхто не плача, усе сабраныя: і ўцекачы, і валанцёры. Людзі адказваюць на простыя зразумелыя пытанні: куды вы едзеце? Вас падвезці? Якая дапамога вам патрэбная? Хочаце гарбаты або паесці?
Журналісты не ўмеюць фармуляваць пытанні так, як гэта робяць валанцёры. І калі ўцекачы адказваюць на пытанні — "Каго вы чакаеце? Каго вы пакінулі ва Украіне? Вам ёсць дзе спыніцца? Што вы будзеце рабіць у Польшчы?" — яны плачуць.
— Я з Польшчы ў Германію паеду, — абмяркоўваюць украінцы маршруты ў чарзе на аўтобус. Гэты аўтобус едзе не ў Германію, а ў найбліжэйшы гарадок Любча Каралеўская. У мясцовай школе людзі змогуць пераначаваць. — У Германіі больш магчымасцяў, таму я хачу ў Германію. Хоць не, хачу я дадому, а не ў Германію.
— Дадому хочаце? Значыць, вы, напэўна, з Адэсы! — здагадваюцца ў чарзе.
Днём валанцёры падхопліваюць уцекачоў амаль адразу, як тыя перасякаюць мяжу. Тым, хто чакае аўтобуса, валанцёры прапануюць не стаяць на вуліцы, а пагрэцца ў намётах ці хоць бы ў машынах. Але да ночы многія кіроўцы раз'едуцца. Месцаў у намётах да сярэдзіны ночы будзе станавіцца ўсё менш. Людзей накормяць, дадуць кавы. Калі ва ўцекачоў ёсць хатнія жывёлы, накормяць і іх — але давезці да начлегу ўсіх не змогуць.
"Што спяваеце?" — "Проста на-на-на"
Дзеці плачуць, дзеці стаміліся. Многія з іх правялі ў дарозе трое сутак, некаторыя — пяцёра. Іх маці таксама стаміліся, і валанцёры ўкалыхваюць іх на руках і ў калясках, спяваюць песні то на польскай, то на ўсеагульнай, усім зразумелай мове.
— Што спяваеце?
— Проста на-на-на.
Некаторыя дзеці хочуць сасіску, некаторыя — цацкі, некаторыя не хочуць нічога.
— Можа, яшчэ адзін пледзік? Можа, гарбаты? Можа, паесці?
Дзяўчынка гадоў дванаццаці, якая пяць сутак правяла ў дарозе, выбіраючыся з Крывога Рога, гаворыць так ціха, што пад пледам, якім яна накрылася з галавой, не разабраць.
Яе мама згаджаецца ўзяць гарбату.
— Нам сказалі, адсюль адправіцца эвакуацыйны аўтобус. Вы не ведаеце, у колькі?
— Спочатку заберуть жінок з зовсім маленькими дітьми. Потім - найстаріших. На жаль, у вас дуже маленькі шанси сьогодні доїхати. Грійтесь, — тлумачыць адзін з валанцёраў жанчыне і яе дачцэ. — Заходьте в тепло, покорміть дітей, заспокойтеся. Як буде можливість, я и вас вивезу, но швидше за все, що тільки завтра.
Жанчына, дзве яе дачкі і яшчэ дзясяткі ўцекачоў застаюцца ў абаграваным намёце на мяжы чакаць раніцы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.