Правал ці прарыў? З'явіліся першыя водгукі на S.T.A.L.K.E.R. 2

Отзывы на "Сталкер 2"

Скрыншот са "Сталкер: Сэрца Чарнобыля" / GSC Game World

Гульня S.T.A.L.K.E.R. 2 выйшла 20 лістапада. Працягу ўжо культавага "Сталкера" фанаты чакалі 15 гадоў — у распрацоўкі былі розныя перашкоды, самай сур'ёзнай з якіх стала поўнамаштабнае ўварванне Расіі ва Украіну. Але, нягледзячы на ўсё гэта, працяг папулярнага шутара змаглі дарабіць і выпусціць.

Геймеры ўжо ацанілі другога "Сталкера" — менш чым праз суткі пасля рэлізу на Steam было больш за 11 тысяч водгукаў, з якіх 81% станоўчыя. То бок гульня атрымалася? Расказваем, што пра S.T.A.L.K.E.R. 2: Heart of Chornobyl ("Сталкер 2: Сэрца Чарнобыля") пішуць карыстальнікі і крытыкі.

Шмат багаў, але не бяда?

"Ніякай палітыкі, выключна велізарная падзяка распрацоўнікам за ўваскрашэнне легенды. 15 гадоў чакання, 15 гадоў сумневаў, 15 гадоў надзей. Вялікі дзень для фанатаў Зоны адчужэння", — піша ў сваім аглядзе на новага "Сталкера" адзін з карыстальнікаў Steam.

Мноства водгукаў — з тым жа пасылам: нарэшце легенда вярнулася, і не адбылося расчаравання.

Праўда, нават у станоўчых водгуках сустракаецца крытыка, напрыклад, аптымізацыі гульні — яна пакуль што вельмі патрабавальная да "жалеза" і на слабых прыладах выглядае горш, плюс да ўсяго падае частата кадраў. Але тыя, каму магутнасці ПК хапае, хваляць візуальны складнік "Сталкера": маўляў, не шэдэўр, але выглядае добра.

Дастаткова шмат прэтэнзій да багаў у "Сэрцы Чарнобыля". Відэа з адным з іх — персанажам, які ляціць у неба, — ужо завірусілася ў сацсетках. Падобных недапрацовак у гульні дастаткова, хоць, як сцвярджаюць некаторыя геймеры, самому працэсу гульні гэта не перашкаджае.

"Найграўшы гадзін 8, я не знайшоў багаў страшнейшых за той, як NPC выпадкова прайшоў праз дзверы або ШІ ў ворагаў часам тупіў", — адзначае ў сваім водгуку гулец.

Отзывы на "Сталкер: Тень Чернобыля"

Іншы геймер не згодны і сцвярджае, што на саму гульню багі ўсё ж уплываюць: "Нпс (негульнёвыя персанажы) вельмі тупыя, часам страляюць праз сцены, але даць ім рады на максімальнай складанасці няцяжка".

Памылкам і багам шмат увагі надала і гульнявая прэса. Хоць агляды ў асноўным станоўчыя, крытыкі ў адрас "Сталкера" дастаткова.

"Дайце гульні трохі часу (да выхаду абнаўленняў), і гэта будзе адзін з лепшых досведаў выжывання, у якія вы калі-небудзь гулялі. Але да таго часу толькі самыя адданыя прыхільнікі серыі павінны рызыкнуць", — піша GamesRadar+.

Здавалася б, прычым тут спрэчкі пра мову?

Заўважная частка негатыўных водгукаў пра S.T.A.L.K.E.R. 2 на Steam і ў сацсетках — ат расійскіх геймераў. Амаль адзінае, што яны крытыкуюць, — адмова распрацоўнікаў дадаваць рускую мову ў гульню.

"Здрада фанатаў", — пішуць у адным з аглядаў.

Праўда, не ўсе такія катэгарычныя. "Гульня без рускай мовы губляе адценні таго "Сталкера", якога мы ведаем, але я магу зразумець матывы тых, хто рабіў гульню, і прыняцце рашэння прыбраць нашу мову", — піша геймер.

"Для тых, хто прыйшоў гуляць без палітыкі, — добрай гульні, для тых, хто прыйшоў с*ацца ў каментарах або аглядах, — добрага с*ачу, хоць сэнсу ён зусім ніякага не мае", — піша пра моўныя спрэчкі яшчэ адзін карыстальнік.

Цяпер S.T.A.L.K.E.R. 2 каштуе на Steam каля 50 долараў, таксама гульня даступная ў Game pass для Xbox. Распрацоўшчыкі пакуль не ўдакладнялі даты выхаду найбліжэйшых патчаў і абнаўленняў, якія павінны ліквідаваць большасць багаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі