Падман, цвіль і фантаны: як "Мінск-Мір" расчароўвае жыхароў
Чаму мінчанам не падабаецца"Мінск-Мір"?
"Мінск-Мір" — адзін з найноўшых жылых комплексаў сталіцы, які рэгулярна аказваецца пад агнём крытыкі і нават скандалаў.
У сербскай кампаніі Dana Holding, забудоўніка раёна, раз-пораз узнікаюць праблемы: то з жыхарамі, то цяпер ужо з уладамі.
Еўрарадыё сабрала асноўныя прэтэнзіі, якія беларусы выказваюць на адрас пабудоў гэтага новага мінскага мікрараёна.
Кватэру нельга аформіць на сябе
Як пісаў "Онлайнер", Паліна разам з мужам у "Мінск-Міры" купілі 32-метровую кватэру з трохметровымі столямі. Пара аформіла растэрміноўку ад "Дана Холдынг" і пачала рабіць рамонт.
Спачатку яны плацілі па 562 еўра на месяц, а потым вырашылі не цягнуць з выплатай растэрміноўкі, паскорылі працэс і выплацілі ўсю суму.
Здавалася б усё, раз грошы выплацілі — значыць кватэра вашая. Але дзе там.
— Пагасілі рэшту, зрабілі ўсе зверкі, узялі ў забудоўніка даведкі і ў лістападзе гэтага года пайшлі ў дзяржаўнае кадастравае агенцтва на Багдановіча — трэба ж перааформіць кватэру на сябе. Падалі неабходны пакет дакументаў. Спецыяліст усё прыняла, але папярэдзіла, што трэба будзе пачакаць. У прынцыпе, гэта нармальна: афіцыйныя працэдуры патрабуюць часу, мы не хваляваліся.
У нейкі момант менеджар "Дана Астры", да якога пара звярнулася па тлумачэнні, сказаў, што такіх людзей зараз шмат.
У лістападзе 2023 года жыхары не ведалі, калі і якім чынам будуць выпраўляцца недаробкі ў доме: прадугледжаны актам трохмесячны тэрмін выканання гэтых работ ужо скончыўся, а забудоўнік не спрабуе растлумачыць, чаму новы дом апынуўся настолькі праблемным.
Што за Dana Holding?
Dana Holding — беларуская група будаўнічых кампаній, якая належыць сям'і сербскіх бізнесменаў Карычаў, якія маюць цесныя сувязі з сям'ёй Лукашэнкі.
З 2014 года кампанія будуе комплекс "Мінск-Мір". У верасні таго года Лукашэнка прадаставіў без аўкцыёну тэрыторыю аэрапорта "Мінск-1" і прылеглыя тэрыторыі пад забудову.
А ў 2015 годзе Лукашэнка разам з сербскім прэзідэнтам Таміславам Нікалічам заклаў капсулу ў гонар заснавання комплексу.
Акрамя гэтага, у 2020 годзе ў кампаніі пачала працаваць жонка Віктара Лукашэнкі Лілія.
У 2020 годзе ЕС увёў супраць кампаніі санкцыі за падтрымку рэжыму Лукашэнкі. Савет ЕС адзначыў, што Dana Holding падтрымлівае цесныя адносіны з Аляксандрам Лукашэнкам і атрымлівае вялікія ўчасткі зямлі для забудовы, тым самым атрымліваючы выгаду ад існавання рэжыму.
Пазней да санкцый далучыліся Вялікабрытанія, Швейцарыя, Албанія, Ісландыя, Ліхтэнштэйн, Нарвегія, Паўночная Македонія і Чарнагорыя.
Што адбываецца цяпер?
Відаць, цяпер стасункі сербскіх бізнесменаў і Лукашэнкі разладзіліся: паводле інфармацыі reform.news, 16 лістапада затрымалі дырэктара кампаніі "Дана Астра" [адна з трох асноўных кампаній Dana Holding. — Еўрарадыё] Святлану Шчатко і яе намесніка Паўла Аўчарова.
У той жа дзень былі затрыманыя і іншыя менеджары, якія працуюць на сям'ю Карычаў: Мілан Ракочавіч, Ненад Сімонавіч, Вібор Муліч. Пазней Ракочавіча і Муліча адпусцілі.
Пераслед можа быць звязаны з вынікамі праверкі, праведзенай Камітэтам дзяржкантролю. Праблемы ў "Дана Астры" пачаліся пасля таго, як Лукашэнка публічна адрэагаваў на скаргі пакупнікоў кватэр ад забудоўніка падчас наведвання гандлёвага цэнтра "Першы нацыянальны гандлевы дом" 29 снежня 2023 года.
"Дарэчы, пайшлі скаргі на "Дана Астра". Вы разбярыцеся, чаму людзі скардзяцца, — сказаў ён тады старшыні Мінгарвыканкама Уладзіміру Кухараву. — Хай перарабляюць усё. Бо адкажуць так, як адказваюць усе ў Беларусі. Прыйшлі працаваць у Беларусь — няхай працуюць, як належыць".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.