У жыллёвай палітыцы Беларусі "чакаюцца істотныя змены"
Жыллёвы сектар чакае "даналаджванне"
У жыллёвай палітыцы Беларусі "чакаюцца істотныя змены". Пра гэта ў сераду заявіў міністр архітэктуры і будаўніцтва Руслан Пархамовіч. Ён удзельнічаў у пасяджэнні кіраўніцтва ўраду, на якім разглядаліся пытанне аб удасканаленні падыходаў да забеспячэння грамадзян жыллём і праект канцэпцыі дзяржаўнай жыллёвай палітыкі да 2030 года.
"Мы плануем надаваць больш увагі не колькасным, а якасным паказчыкам добраўпарадкаванасці, камфортнасці жылля, — гаварыў Пархамовіч. — Менавіта таму мы прапанавалі тры асноўныя напрамкі, па якіх будзе развівацца жыллёвая палітыка. Сярод іх дэурбанізацыя. Гэта пытанне залішняга ператоку кадраў у сталіцу, абласныя гарады і прыняцця мер па вяртанні іх у сельскую мясцовасць, у малыя гарады".
Плануецца павелічэнне аб'ёму будаўніцтва арэнднага жылля для запатрабаваных спецыялістаў (для павышэння прывабнасці арэнднага жылля разглядаецца пытанне яго выкупу), а таксама рэнавацыя існуючай жылой забудовы ("павелічэнне шчыльнасці з захаваннем камфортнасці"). Па словах міністра, "досыць вялікая колькасць жыллёвага фонду ў краіне мае калі не гранічныя тэрміны эксплуатацыі, то досыць сур'ёзныя".
Ураду прапануецца выключыць удзел грамадзян у працэсе будаўніцтва жылля. "Чалавек павінен выбраць гатовую кватэру, атрымаць ільготны крэдыт і за тры-чатыры месяцы ўехаць у новае жыллё", — гаворыць Руслан Пархамовіч.
Прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка лічыць, што падыходы да забеспячэння жыллём цяпер маюць патрэбу ў "даналаджванні". Раней ён тое самае гаварыў пра навуковую галіну.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.