Што адбываецца з курсам долара і як ён уплывае на кашалькі беларусаў
Як павышэнне курсу долара адаб'ецца на беларусах?
На мінулым тыдні курс долара ў Беларусі рэзка вырас, пераадолеўшы псіхалагічную адзнаку ў 3,5 рубля. Праз некалькі дзён ён крыху знізіўся, але так і не вярнуўся да ранейшых значэнняў.
Чаму гэта адбылося, шо рабіць беларусам і як скачок курсу паўплывае на іх кашалькі? Пра гэта Еўрарадыё паразмаўляла з эканамісткай Алісай Рыжычэнка.
Чаму долар вырас?
Рост курсу долара ў адносінах да беларускага рубля, на думку эксперткі, з'яўляецца вынікам адразу некалькіх фактараў. Першы з іх — гэта тое, што адбываецца з расійскім рублём.
— Санкцыі, якія ўвялі ЗША супраць расійскіх банкаў, асабліва супраць Газпрамбанка (праз яго праводзіліся плацяжы за нафту і за газ) справакавалі сур'ёзную паніку на валютным рынку. Гэта абясцэніла расійскі рубель да долара.
Мы залежым ад Расіі ў знешнім гандлі, у валютным кошыку Нацбанка Беларусі 60% долі займае расійскі рубель. Гэта моцна адбіваецца на нас.
Другі фактар, чаму долар падскочыў — гэта сезоннасць росту цэн перад новым годам, кажа Аліса Рыжычэнка.
З прычыны дэфіцыту кадраў людзям плацяць вялікія зарплаты, яны ідуць у крамы, купляюць больш, плюс сталі больш браць спажывецкіх крэдытаў, іпатэчных, што вельмі моцна разагравала ўнутраны попыт.
А гэта прыводзіць да таго, што вытворцы павінны вырабляць больш і, адпаведна, больш закупляць. Гэта значыць попыт на валюту ўсё роўна расце.
Як сябе засцерагчы?
На думку эканамісткі, захоўваць грошы ў замежнай валюце (пажадана ў розных) — самы надзейны спосаб сябе засцерагчы.
— Долар і еўра — гэта адзін з варыянтаў, як можна захаваць свае зберажэнні. Я б не раіла юані, бо трэба дачакацца, якая эканамічная палітыка ЗША будзе ў адносінах да Кітая.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.