Прэм'ер-міністр патлумачыў, чаму ў Беларусі расце курс долара
Долар расце
Прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка патлумачыў, чаму ў Беларусі расце курс долара. Ён лічыць, што гэта "часовая з'ява, якая звязана з многімі фактарамі: і ўнутранымі, і знешнімі". Знешні фактар — гэта перамога на прэзідэнцкіх выбарах у ЗША Дональда Трампа і яго "лозунг у чарговы раз зрабіць Амерыку вялікай", што ўплывае на міжнародны фінансавы рынак.
"Гэта значыць, усе чакаюць, што долар будзе больш моцным. Адпаведна, ф'ючэрсы валютныя ўжо ўлічваюць гэтую папраўку, — кажа Галоўчанка ў інтэрв'ю Першаму інфармацыйнаму тэлеканалу. — Яны цалкам потым могуць адыграць назад. Гэта, я б сказаў, такое больш пакуль эмацыйнае рашэнне, якое таксама ўплывае на інвестараў".
Далей прэм'ер звярнуўся да ўнутранага фактару. "З улікам таго, што наш валютны курс плавае, у нас рынкавая цэнаўтварэнне, таму, адпаведна, беларускі рубель аўтаматычна дэвальваваўся трохі да долара ЗША, — працягвае ён тлумачыць сітуацыю. — Але я падкрэслю, што ўвесь час да гэтага беларускі рубель умацоўваўся да амерыканскай валюты. А для нас самае галоўнае цяпер усё ж такі расійскі рубель і кітайскі юань. Гэта валюта нашых асноўных гандлёвых партнёраў і тых дружалюбных краін, якія з намі разлічваюцца ў гэтай валюце".
Раман Галоўчанка не бачыць "нейкай напружанасці ў гэтым пытанні". Ці збудзецца яго прагноз, неўзабаве можна будзе праверыць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.