У АРІП з'явіліся абмежаванні па папаўненні рахункаў
Банкамат, ілюстрацыйнае фота
Да 1 лютага ўведзеныя абмежаванні на папаўненне рахункаў праз сістэму АРІП. Пра гэта паведамляецца на сайце арганізацыі.
У АРІП часова забаранілі папаўняць разліковыя рахункі і ўклады фізічных асоб гатоўкай. Цягам месяца грошы не атрымаецца пералічыць на рахунак праз банкаматы, інфакіёскі ці іншыя прылады самаабслугоўвання.
"Аперацыі па папаўненні рахункаў фізічных асоб з дапамогай плацежнай сістэмы ў АРІП у прыладах самаабслугоўвання будзе магчыма здзейсніць толькі з выкарыстаннем банкаўскай плацежнай карткі ці іншага плацежнага інструмента, які прадугледжвае ідэнтыфікацыю яго трымальніка", — тлумачаць у АРІП.
Абмежаванне ўведзенае паводле патрабавання Нацбанка. Яно будзе дзейнічаць да 1 лютага 2025 года.
Як расказвала Еўрарадыё, з 20 снежня банкі ўвялі абмежаванні па зняцці наяўных у банкаматах па замежных картках і па папаўненні рахункаў праз касы. Цяпер папоўніць рахунак можна толькі з паказам дакумента, які сведчыць асобу. Усе гэтыя меры прынятыя таксама па патрабаванні Нацбанка. Плануецца, што яны таксама будуць дзейнічаць да 1 лютага 2025 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.