Сцяна разрэзала сям'ю: фільм пра жалезную заслону, якая падзяліла беларусаў
Фільм Еўрарадыё пра трагедыю падзеленых сем'яў / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Берлінская сцяна разрэзала папалам не толькі краіну, але і сем'і. Але ў 1989 годзе яна абвалілася, а разам з ёй і жалезная заслона, падзяляючы немцаў на ўсходніх і заходніх.
Прама зараз падобная жалезная заслона апускаецца ўздоўж беларускай мяжы. Сотні беларускіх сем'яў аказваюцца падзеленымі гэтай новай, нябачнай сцяной.
Як немцы перажылі вопыт раздзялення і як ім удалося абрынуць сваю сцяну? Еўрарадыё адправілася ў Германію, каб пачуць гісторыі сем'яў, якія калісьці падзяліла Берлінская сцяна. Гэты вопыт спатрэбіцца нам, калі мы будзем падымаць сваю жалезную заслону.
А яшчэ мы пагаварылі з беларусамі, якія з'ехалі з краіны пасля пратэстаў 2020 года. Усе яны — бацькі, у якіх у Беларусі засталіся дзеці, або дзеці, у якіх у Беларусі засталіся бацькі. І ўнукі, якія больш не могуць прыехаць у госці да бабуль і дзядуляў.
"Бацькі думалі, што пачнецца вайна"
Марціна і Томас Вейраух — усходнія немцы. Марціне было тры гады, калі па тэлевізары сказалі, што ў Берліне пачалі будаваць сцяну. Томасу было пяць. Яны добра памятаюць гэты дзень.
— Памятаю, наша сям'я сядзела ў кватэры бабулі і дзядулі. Тады, у 1961 годзе, у бабулі і дзядулі ўжо быў тэлевізар, хоць гэта была вялікая рэдкасць.
Уся сям'я глядзела вечаровыя навіны. У Берліне ў нас была магчымасць глядзець заходнія перадачы. Калі стала зразумела, што пабудавалі сцяну, мае бацькі падумалі, што пачнецца вайна, што нам трэба з'язджаць з Берліна да бацькавых бацькоў, якія жылі ў Саксоніі. Гэта была жахлівая навіна. І я вельмі добра гэта памятаю.
Шмат гадоў пасля, калі ва Усходнім Берліне пабудавалі тэлевежу, бацькі Марціны падняліся з дзецьмі на самы верх, каб паказаць, дзе ў Заходнім Берліне жыве іх цётка.
Многія немцы ўцякалі на захад яшчэ да таго, як сцяна паміж дзвюма сістэмамі ўнутры адной краіны стала матэрыяльнай. З моманту заканчэння Другой сусветнай вайны і да 1961 года з Усходняй Германіі ў Заходнюю пераехалі 3 мільёны чалавек. Сярод іх — маці Сюзаны Орт.
"Палац слёз"
Мы сустракаемся з Сюзанай ў цэнтры Берліна ля "Палаца слёз". Цяпер гэта музей гісторыі падзеленай Германіі. Але ўсяго толькі 33 гады таму ля гэтага будынка на самай справе і праўда ліліся слёзы. Тут усходнія немцы развітваліся з заходнімі сваякамі і сябрамі.
Сюзана нарадзілася ўжо на захадзе, але разам з мамай яна вярталася ва Усходнюю Германію, каб наведаць сваякоў і сяброў. За гады, якія прастаяла сцяна, Сюзана пабывала ў "Палацы слёз" дзясяткі разоў.
— Дзясяткі — гэта колькі? — удакладняем мы.
Сюзанна паціскае плячыма: 50, 60, 70 разоў? З той пары, як яна паступіла на вучобу ва ўніверсітэт у Заходнім Берліне, яна стала прыязджаць у госці да усходніх сяброў і сваякоў пастаянна.
— А потым яны праводзілі мяне тут, ля "Палаца слёз". І, вядома, мы ўсе плакалі.
Плакалі — а потым, прыязджаючы ў Заходнюю Германію, збіралі пасылкі для сваіх усходніх сяброў і сваякоў. Асабліва каштоўнымі былі кава і шакалад, якія ва Усходняй Германіі каштавалі вельмі дорага.
Прычым, смяецца Сюзана, у пасылкі заўсёды ўкладвалі выключна каву "Якабс Кронунг", рэкламу якога ўсходнія немцы бачылі па тэлевізары.
— Мы не заўсёды маглі дазволіць сабе "Якабс Кронунг", але і паслаць ва Усходнюю Германію больш танную каву не маглі. Бо тады яны б падумалі: ага, самі п'юць "Кронунг", а нам дасылаюць нейкую танную каву! — смяецца Сюзана.
"Ура, заўтра канікулы!”
У Музеі ГДР нам расказалі, што многія немцы ўспамінаюць часы Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі з настальгіяй. Ды і ў самім музеі ёсць не толькі экспазіцыя, якая распавядае пра палітычнае становішча і рэпрэсіі — шмат што там проста нагадвае Усходнім немцам пра іх дзяцінства.
Мы выходзім з музея і заказваем у найбліжэйшай кавярні "Кары Вурст" — знакамітую нямецкую бульбу з сасіскай. Афіцыянтка кажа, што крыху ведае рускую.
— Мы вучылі рускую мову ў школе. Так-так, я родам з Усходняй Германіі. Калі шчыра, лепш за ўсё я памятаю фразу "Ура, канікулы!”
Усе нашы суразмоўцы, якія жылі на ўсход ад сцяны, кажуць, што крыху памятаюць рускую. Але яшчэ лепш яны памятаюць той дзень, калі даведаліся, што сцяны больш няма.
Марціна і Томас засмяяліся, калі мы папрасілі іх расказаць, як гэта было.
— Для адной гэтай гісторыі нам спатрэбіцца яшчэ адно трохгадзіннае інтэрв'ю, — кажа Марціна.
Хтосьці змог нарэшце прыехаць у госці да заходнегерманскіх сваякоў — і здзівіцца, даведаўшыся, што іх кватэры не заўсёды прыкметна адрозніваюцца ад "усходніх". Хтосьці здолеў купіць кнігі, якія хацеў, — а не толькі тыя, што дазвалялі чытаць у ГДР. Хтосьці здолеў адправіцца ў падарожжа — не толькі па Савецкім Саюзе. Хтосьці — атрымаць прафесію, якая ў ГДР была недаступная.
— Я вельмі рада, што гэта ў мінулым, што наогул межы ў мінулым, — кажа Сюзана. — Калі сябры клічуць мяне ў госці ў Варшаву, мне нічога не патрэбна, акрамя квітка на цягнік і бутэлькі добрага віна. І ўсё, можна ехаць!
Беларуская сцяна
Мы правялі ў Берліне тыдзень, але так і не змаглі высветліць, колькі сем'яў падзяліла Берлінская сцяна. Таксама мы дакладна не ведаем, колькі сем'яў падзяліла беларуская мяжа, якая для многіх ужо стала сцяной.
Мы не ведаем гэтага і таму, што ніхто не лічыў бацькоў, якія не могуць сустрэцца з дзецьмі, бабуль і дзядуляў, якія не бачаць унукаў. І таму, што ніхто не падлічыць тых нашых далёкіх сваякоў і блізкіх сяброў, якіх сацыёлагі не назавуць нашай сям'ёй, але па кім мы сапраўды вельмі моцна сумуем.
У фільме "Сцяна" мы раскажам пра трагедыю беларускіх сем'яў, якія не могуць пабачыцца з блізкімі. І пра нямецкія сем'і, пра сяброў і сваякоў, чыя прыхільнасць адзін да аднаго апынулася мацней і даўгавечней за Берлінскую сцяну.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.