"Дзіця радуецца, што мянты сюды не даедуць": як беларусы жывуць за мяжой

Даследчыкі апыталі 89 беларусаў, якія вымушана эмігравалі з краіны / Ілюстрацыя: Кацярына Кажухова
Даследчыкі апыталі 89 беларусаў, якія вымушана эмігравалі з краіны / Ілюстрацыя: Кацярына Кажухова

Што перажываюць актывісты і журналісты з Беларусі, якія пакінулі краіну праз пераслед? З якімі складанасцямі сутыкаюцца і якая дапамога ім патрэбная? Расійскі Цэнтр аналізу і прадухілення канфліктаў (САРС) і Нямецкая асацыяцыя псіхасацыяльных цэнтраў для бежанцаў і ахвяр катаванняў (BafF) правялі даследаванне. Яно грунтуецца на 89 інтэрв'ю з беларусамі, якія пасля падзей 2020 года вымушаныя былі пераехаць у Грузію, Украіну, Літву, Польшчу.

Еўрарадыё публікуе асноўныя тэзісы гэтага дакладу.

Як натхненне змяніў страх

Прэзідэнцкая кампанія 2020 года прывяла да самага сур'ёзнага ў гісторыі сучаснай Беларусі крызісу правоў чалавека, пішуць аўтары дакладу. Але напярэдадні краху ў грамадстве панавалі натхненне і салідарнасць. Гэта быў уздым энергіі і веры ў лепшае.

Потым прыйшло прапарцыйнае ўзлёту падзенне. Арышты і катаванні, пераслед журналістаў і грамадзянскіх актывістаў, разгром грамадскіх аб'яднанняў і незалежных медыя... У грамадстве пасяліліся пастаяннае напружанне, трывога і страх — за сябе і сваю свабоду, за калег і блізкіх.

"Падзеі 2020-2021 гадоў закранулі ўсе групы насельніцтва, мужчын і жанчын розных узростаў, усе сацыяльныя страты, людзей з вялікіх гарадоў і пасёлкаў, і менавіта гэта прынцыпова адрознівае іх ад папярэдніх хваляў рэпрэсій у Беларусі — у 2010 і ў 2006 годзе. Пратэст і рэпрэсіі аказаліся настолькі масавымі, што закранулі практычна кожную сям'ю, калі не наўпрост, то ўскосна", — пішуць аўтары дакладу.

У выніку многія вымушаныя былі з'ехаць. Гэта пацягнула новыя складанасці: адаптацыю на новым месцы, моўны бар'ер, легалізацыю і пошук працы. І гэта на фоне разрыву сямейных сувязяў і адчування асабістай катастрофы, калі ўсё ранейшае жыццё разбурылася. А гэта зноў звязана са стрэсам і страхам не даць рады: не знайсці жыллё, не забяспечыць сям'ю, не ўладкаваць дзяцей... Тыя, хто збег ва Украіну, а пасля пачатку вайны вымушаны быў зноў зрывацца з месца, перажылі рэлакацыю двойчы — і гэта не магло не паўплываць на псіхалагічнае здароўе.

Страх арышту змяніўся на страх перад будучыняй

Глыбокі шок ад таго, што адбываецца на радзіме, у рэлакацыі паступова адыходзіць, робяць выснову аўтары дакладу. Але гэта не значыць, што адразу пасля перасячэння мяжы жыць робіцца прасцей.

"Дзіця радуецца, што мянты сюды не даедуць", — падзяліўся Алег з Браслава Віцебскай вобласці, які рэлакаваўся ў Варшаву. На думку Вольгі П. з Гомельскай вобласці, якая жыве ў Польшчы і актыўна дапамагае рэлакантам, "абсалютна дакладна, што ні на кога гэтая сітуацыя не паўплывала добра, але колькі людзей — столькі і рэакцый". Вельмі шмат у каго захоўваецца трывожнасць, адсутнічае пачуццё сацыяльнай абароненасці і няма разумення перспектывы, цытуюць даследчыкі беларусаў-рэлакантаў.

“Ребенок радуется, что менты сюда не доедут”: как белорусы живут за границей
Беларускім рэлакантам трэба пачынаць жыццё наноў / Ілюстрацыя: Кацярына Кажухова


Псіхолагі заключаюць, што ў многіх развіўся ПТСР — посттраўматычны стрэсавы разлад. Напрыклад, людзі ўсё яшчэ ўздрыгваюць ад феерверкаў, памятаючы пра выбухі святлошумавых гранат на вуліцах беларускіх гарадоў. Некаторыя пастаянна напружаныя і скануюць навакольнае асяроддзе на прадмет небяспекі, хоць яе аб'ектыўна няма.

"Многія адчуваюць "віну выжылага" за тое, што з'ехалі, знаходзяцца ў бяспецы, што самаўхіліліся ад таго, што адбываецца ў краіне. Вольга, рэлакантка ў Грузію, расказала, што "адчувае моцную віну перад тымі, хто сядзіць у турме ў Беларусі", сказана ў дакладзе.

Гэтыя складаныя пачуцці — страху, віны, прыгнечанасці — перашкаджаюць адаптавацца на новым месцы. А неўладкаванасць новага жыцця — гэта таксама сур'ёзны стрэс.

Дадала дроваў у гэтае вогнішча і вайна ва Украіне. Беларусы, з якімі размаўлялі аўтары дакладу, скардзіліся на дыскрымінацыю праз тое, што Беларусь уцягнулі ў гэтую вайну.

Напрыклад, з імі перасталі вітацца суседзі, на іх крычалі незнаёмыя людзі толькі таму, што яны беларусы. Некаторыя цяжка перажывалі віну і адказнасць за тое, што адбываецца.

Так закручваецца дэпрэсіўны вір — і многім без спецыяльнай дапамогі вельмі складана з яго выйсці.

Чым дапамагчы?

"Пасля пераезду людзі ўсе сілы кідаюць на тое, каб вырашыць сацыяльныя праблемы, уладкавацца, знайсці працу, у іх няма часу канцэнтравацца на сабе", — цытата з дакладу.

Аўтары настойваюць на тым, што псіхалагічная дапамога можа дапамагчы беларусам хутчэй справіцца з перажытай у Беларусі траўмай і са складанасцямі на новым месцы, хоць адзначаюць, што многія адмаўляюцца ад кансультацый псіхолагаў, нават ад бясплатных.

Што прапануецца? Напрыклад, арганізаваць "хуткую дапамогу" — у асноўным бытавую: куды звярнуцца, як зрабіць дакументы, куды ўладкаваць дзяцей, хто можа дапамагчы з чужой мовай. Таксама патрэбная дапамога з працаўладкаваннем. І, нарэшце, псіхатэрапеўтычная дапамога. Гэтым маглі б займацца дыяспары — салідарнасць і падтрымка ад суайчыннікаў за мяжой вельмі важныя, пішуць аўтары дакладу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі