У Беларусі каля мяжы з Украінай прайшлі выпрабаванні зенітнай кіраванай ракеты
Запуск ЗКР 9М318
Дзяржваенпрам Беларусі заявіў пра паспяховыя выпрабаванні першай айчыннай зенітнай кіраванай ракеты — 9М318. Сцвярджаецца, што яна павялічыла зону паражэння ЗКР "Бук-МБ2" да 70 кіламетраў.
Аб паспяховым выпрабаванні беларускай кіраванай ракеты для зенітна-ракетнага комплексу "Бук" Аляксандр Лукашэнка заявіў яшчэ ў сакавіку 2023-га: "Паляцела куды трэба і зрабіла ўсё, што трэба". Тады Дзяржваенпрам удакладніў, што гэта былі папярэднія выпрабаванні (а ўвогуле яны пачаліся ў 2020-м). Цяпер жа падкрэсліваецца, што адбыўся завяршаючы этап выпрабаванняў. Распрацаваў ракету Дзяржваенпрам Беларусі. Выпрабоўвалі яе на тэрыторыі авіяцыйнага палігона (каля мяжы з Украінай) сумесна з Міністэрствам абароны.
Кіраваная ракета можа збіваць і лятальныя апараты з нізкай адлюстроўваючай паверхняй, і тактычныя балістычныя ракеты.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.