Эрдаган назваў тэрарыстаў ХАМАС "вызваліцелямі" і адмяніў паездку ў Ізраіль
Тэрарысты з ХАМАС пачалі вайну, якая ўжо забрала тысячы жыццяў
Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган адмяніў сваю паездку ў Ізраіль. Выступаючы ў парламенце на пасяджэнні фракцыі сваёй партыі, ён заявіў пра "зверствы, якія здзяйсняе... Ізраіль". Больш таго, Эрдаган не пагадзіўся, што ХАМАС лічаць тэрарыстычнай арганізацыяй. "Гэта група вызваліцеляў і маджахедаў, якія вядуць барацьбу за абарону сваіх зямель і суайчыннікаў", — сказаў прэзідэнт Турцыі. Таксама ён раскрытыкаваў краіны Захаду, якія "ігнаруюць бесчалавечныя атакі" ЦАХАЛ супраць мірных жыхароў Газы (там заявілі пра 6500 загінулых).
Якраз "вызваліцелі" з ХАМАС 7 кастрычніка напалі на Ізраіль, забіваючы мірных жыхароў (агулам загінула больш за 1400 чалавек), больш за 220 было ўзята ў закладнікі, былі запушчаны тысячы ракет. У адказ на гэта Ізраіль пачаў наносіць ўдары па сектары Газа і падрыхтаваўся да яго зачысткі ад тэрарыстаў.
Рэджэп Таіп Эрдаган заклікаў да неадкладнага спынення агню. Да прэзідэнта Турцыі скандальнай заявай адзначыўся генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш. Ён сказаў, што напад ХАМАС "узнік не на пустым месцы". З ім не пагадзіўся прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Рышы Сунак. Заява Гутэрыша выклікала абурэнне ў Ізраілі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.