У Саудаўскай Аравіі завяршыліся перамовы паміж ЗША і Расіяй

Перамовы ў Эр-Рыядзе называюць "першым раўндам"

Перамовы ў Эр-Рыядзе называюць "першым раўндам" / Reuters

У Саудаўскай Аравіі завяршыліся перамовы паміж ЗША і Расіяй. Яны працягваліся амаль пяць гадзін. Дзяржсакратар Злучаных Штатаў Марка Рубіа і кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў дамовіліся стварыць "механізм кансультацый" для ліквідацыі "раздражняльнікаў" у дачыненнях іх краін, а таксама прызначыць каманды на высокім узроўні для пачатку працы над планам спынення вайны ва Украіне. Бакі маюць намер "працаваць над нармалізацыяй дыпламатычных адносін". Яны дамовіліся аб будучым супрацоўніцтве па пытаннях, якія ўяўляюць "узаемную геапалітычную цікавасць, а таксама эканамічных і інвестыцыйных магчымасцях, якія адкрыюцца ў выніку паспяховага завяршэння канфлікту ва Украіне", паведамляе Reuters.

У Дзярждэпартаменце ЗША кажуць пра "важны крок наперад".

Перамовы ў Эр-Рыядзе называюць "першым раўндам". На іх абмяркоўвалася будучая сустрэча прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і кіраўніка Расіі Уладзіміра Пуціна, але дата яшчэ не вызначана.

Па даных Fox News, ЗША і РФ распрацавалі план спынення вайны. Паводле яго, спачатку аб'явяць перамір'е, пасля чаго ва Украіне правядуць выбары. І толькі пасля іх збіраюцца падпісаць канчатковую мірную дамову. Праўда, Лаўроў заявіў, што такога плану не бачыў.

Украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі раней заявіў, што Украіна не прызнае ніякіх дамоўленасцяў, дасягнутых у перамовах, у якіх яна не ўдзельнічае. У аўторак у Анкары ён сустрэўся з прэзідэнтам Турцыі Рэджэпам Таіпам Эрдаганам. Ён заявіў, што Украіна хоча атрымаць гарантыі бяспекі ад ЗША, краін Еўропы і Турцыі.

Эрдаган падкрэсліў, што Турцыя падтрымлівае поўную тэрытарыяльную цэласнасць Украіны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.