Федэрацыя футбола пазбавіла салігорскі "Шахцёр" чэмпіёнства 2022 года
ФК "Шахцёр" лічыўся чэмпіёнам 2022 года / fcshakhter.by
Салігорскі "Шахцёр" пазбавілі чэмпіёнства 2022 года. Так Беларуская федэрацыя футбола пакарала клуб за дамоўныя матчы.
Клуб таксама пазбавілі 30 ачкоў у гэтым сезоне і 20 ачкоў у наступным. У федэрацыі заўважаюць, што ў чэмпіянаце 2024 года "Шахцёр" можа апынуцца ў першай лізе, бо без 30 ачкоў не ўтрымаецца ў вышэйшай.
Апроч таго, клуб і яго службовыя асобы мусяць выплаціць штраф у 370 тысяч рулёў. Дзясяткі гульцоў, замяшаных у гісторыі з "дамоўнікамі", дыскваліфікаваныя.
Як распавядала Еўрарадыё, 30 студзеня ў клубе адбыліся ператрусы, быў затрыманы дырэктар Аляксандр Марчанка. Пазней стала вядома, што Следчы камітэт пачаў крымінальную справу за дамоўныя матчы.
Клуб "Энергетык-БДУ" таксама пазбаўлены ўзнагародаў чэмпіянату-2022. Летась "студэнты" занялі другое месца.
Па выніках сезона-2022 вырашана, што залаты і срэбраны прызёры не вызначаныя. БАТЭ застаецца бронзавым прызёрам, але згуляе ў адборы Лігі чэмпіёнаў.
Мінскае "Дынама" і "Іслач" будуць гуляць у Лізе канферэнцый. Яшчэ адным удзельнікам гэтай лігі стане ці "Тарпеда-БелАЗ" (калі выйграе Кубак Беларусі), ці "Мінск" (калі трафей возьме БАТЭ).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.