ФК “Шахцёр” зноў вырваўся на трэцяе месца ў чэмпіянаце Беларусі
17 кастрычніка прайшлі тры матчы 23-га тура чэмпіянату Беларусі па футболе сярод каманд вышэйшай лігі. Салігорскі “Шахцёр” змог адолець у гасцях мікашэвіцкі “Граніт” — 3:2 і дзякуючы гэтай перамозе ён вярнуўся на трэці радок у турнірнай табліцы з 40 ачкамі, адкуль яго на некаторы час пасунуў “Мінск”. Зрэшты, “Шахцёр” мае розніцу з канкурэнтам толькі ў тры ачкі.
Дарэчы, гараджане сёння страцілі ачкі ў хатняй сустрэчы з жодзінскім “Тарпеда-БелАЗ” — 0:2. У іх пакуль 37 ачкоў. Гэтая параза не толькі ссунула “Мінск” на 4-ты радок, але і паставіла пад сумнеў удзел у Лізе Еўропы, бо сталічнаму клубу літаральна дыхае ў патыліцу бабруйская “Белшына”, у якой зараз 36 ачкоў і гульня ў запасе.
Мінскае “Дынама” мінімальна перамагло “Слуцк” — 1:0 і замацавалася на другім радку з 46 ачкамі.
Нагадаем, што напярэдадні барысаўскі БАТЭ выйграў у “Віцебска” — 2:0, што дазволіла яму датэрмінова стаць чэмпіёнам Беларусі.
Заўтра, 18 кастрычніка, пройдуць яшчэ два матчы 23-га тура: “Нафтан” — “Нёман” і “Славія” — “Белшына”. Завяршыцца тур у панядзелак сустрэчай брэсцкага “Дынама” з “Гомелем”.
Фота: livejournal.com